Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЁТАР КРАЎЧАНКА ГАТОВЫ ВЯРНУЦЦА Ў БЕЛАРУСЬ І ЎДЗЕЛЬНІЧАЦЬ У ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАХ


Валер Каліноўскі, Менск

Хаця ў Міністэрстве замежных справаў ня хочуць камэнтаваць спрэчкі паміж П.Краўчанкам і двума іншымі беларускімі дыпляматамі, аднак ня выключана, што гэтыя спрэчкі й сталіся пэўным дэтанатарам у канфліктнай сытуацыі. Паводле цьверджаньняў сьведкаў, фактычна некалькі апошніх месяцаў супрацоўнікі беларускай амбасады ўжывалі да амбасадара Краўчанкі тактыку байкоту.

Першапачаткова спадар Краўчанка зьбіраўся вылецець у Менск авіякампаніяй “Люфтганза” ў самым канцы сьнежня, перад гэтым правёўшы разьвітальную вячэру ў беларускай рэстарацыі ў Токіё, але цяпер, відавочна, вылет будзе паскораны.

(Карэспандэнт: ) “Першае пытаньне: як вашае здароўе?”

(Краўчанка: ) “Па-рознаму адчуваю сябе… Калі ціск 170 на 110, вы разумееце, што па-сутнасьці на мяжы балянсуеш, гэта вельмі й вельмі складана. Гэта трэці крыз, зафіксаваны ў вельмі многіх дакумэнтах”.

(Карэспандэнт: ) “Калі вы паедзеце дадому — вы ўжо вырашылі?”

(Краўчанка: ) “Недзе ў сьнежні”.

(Карэспандэнт: ) “Яшчэ дата невядомая канчаткова?”

(Краўчанка: ) “Яшчэ невядома, трэба некаторыя фармальнасьці завершыць”.

(Карэспандэнт: ) “Пётар Кузьміч, хто, на ваш погляд, стаіць за гэтай правакацыяй?”

(Краўчанка: ) “Мне цяжка сказаць. Перш за ўсё за гэтай правакацыяй стаіць “Інтэрфакс”. Я думаю, што перш за ўсё трэба пытацца, я ня ведаю, хто цяпер узначальвае “Інтэрфакс” у Беларусі — Вячаслаў Зяньковіч, як раней, ці нехта іншы — яго трэба запытаць, пытаньне галоўнае: ці ёсьць у Вячаслава Зяньковіча сьведкі, якія бачылі, як мяне завозілі на тэрыторыю амбасады? Зяньковіч сьцьвярджае, што ў яго ёсьць сведкі. Я не магу некага абвінавачваць, пакуль гэта не зразумела, чаму “Інтэрфакс” даў такую заяву, а хто падштурхнуў яго да гэтага — вы разумееце…

Я толькі што даваў інтэрвію расейскім журналістам, расказваў пра тое, што ў мяне зьнік у сярэдзіне лістапада дзёньнік амбасадара, дзе былі розныя ацэнкі палітычных падзеяў, якія адбываюцца ў Беларусі. Таксама я рыхтую кнігу “Беларусь на пераломе — геапалітычны выбар Беларусі“, каля 400 старонак, і там таксама ва ўступным слове былі дастаткова вострыя палітычныя ацэнкі многіх дзеячоў Беларусі, у тым ліку Шушкевіча, напрыклад, многіх былых сяброў ураду і многіх дзейных дзеячоў сучаснасьці, у тым ліку і беларускага прэзыдэнта.

Магчыма, ціск, які адбываецца сёньня, зьвязаны з тым, што дзёньнік амбасадара і гэтая кніга — нейкім чынам нехта зь імі мог азнаёміцца, і вось выклікаць такі палітычны рэзананс”.

(Карэспандэнт: ) “Была такая інфармацыя, што вы заявілі сёньня аб сваёй гатовасьці ўдзельнічаць у будучых прэзыдэнцкіх выбараў — паведаміў ІТАР-ТАСС са спасылкай на вас. Гэта праўда?”

(Краўчанка: ) “Справа ў тым, што сёньня да мяне ІТАР-ТАСС зьвярнуўся з такім пытаньнем, спасылаючыся на некаторых расейскіх дыпляматаў у Токіё, якія не выключаюць такой магчымасьці. І я на самой справе сказаў, што ўсё можа быць, я такой магчымасьці не выключаю, галоўнае, як будзе са здароўем, калі будзе дазваляць здароўе, і калі будзе складвацца адпаведная спрыяльная палітычная атмасфэра, я не выключаю такой магчымасьці, што я буду балятавацца, спрабаваць балятавацца на выбарах 2006 году”.

(Карэспандэнт: ) “Вы цалкам выключаеце магчымасьць таго, у чым вас абвінавачвалі — што вы нібыта папрасілі палітычнага прытулку?”

(Краўчанка: ) “Я цалкам выключаю зварот па палітычны прытулак у нейкую краіну, такога не было”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць у вас нейкія істотныя прэтэнзіі да МЗС Беларусі. Чаму вы ня хочаце патэлефанаваць міністру, напрыклад?”

(Краўчанка: ) “Я нейкіх прэтэнзіяў да МЗС ня маю, акрамя аднаго, што я быў нязгодны і сёньня не разумею, чаму амбасадар мусіць так тэрмінова ад’яжджаць. Я задаю пытаньне М.Хвастову: што, Японія аб’явіла Беларусі вайну, што амбасадар павінен за 4–5 дзён пакінуць краіну? Я гэтага не разумею, таму што тут былі прызначаныя адпаведныя пратакольныя мерапрыемствы, якія, канечне, цяпер не адбудуцца, ці адбудуцца ў скарочаным выглядзе. І вось гэта выклікае ў мяне вялікае непаразуменьне. У гэтым сутнасьць канфлікту”.

(Карэспандэнт: ) “Яны ня хочуць вам даць нармальна скончыць сваю місію. Так?”

(Краўчанка: ) “Так. Я хацеў зрабіць гэта прыстойна, таму што Японія — гэта ня тая краіна, зь якой можна паехаць не разьвітаўшыся. Тут асабліва зьвяртаюць увагу на гэтыя пратакольныя моманты”.

(Карэспандэнт: ) “Пятро Кузьміч, вас абвінавацілі ледзьве не ў крадзяжы, што і пячатку, і чэкавую кніжку, і дакумэнты вы забралі…”

(Краўчанка: ) “Гэта ўсё глупства. Зразумейце, што гэта абсалютная правакацыя, і нічога гэтага не было. І не магло быць. Пячатку ўчора я здаў часова паверанаму ў амбасадзе а 21-й гадзіне. Яна знаходзілася ў сэйфе амбасады. Сёньня спрабую перадаць фінансавыя справы, права подпісу. Тут узьнікаюць пэўныя складанасьці. Справа ў тым, што я падпісаў загад Хвастова, што я зь ім азнаёміўся. І мне ня трэба было гэтага рабіць, таму што цяпер перадаць права подпісу, калі я ўжо не амбасадар, дастаткова складана. А ніякіх іншых дакумэнтаў перадаваць ня трэба, таму што ў нашай амбасадзе няма ніводнага дакумэнта з грыфам “сакрэтна”.

(Карэспандэнт: ) “Тут у нас некаторыя кажуць, што магчыма вы паспрабуеце зьвязацца з апазыцыйнымі палітыкамі. Ці можаце вы вярнуцца ў апазыцыю, напрыклад, у яе сацыял-дэмакратычную плынь?”

(Краўчанка: ) “Ведаеце, гэта складанае пытаньне, таму што я ня думаю, што ў мяне сёньня вельмі добрыя дачыненьні з апазыцыяй. Я думаю, што трэба весьці гаворку пра новую апазыцыю, пра стварэньне новай апазыцыі. Гэта не азначае, што апазыцыя ў Беларусі добрая ці дрэнная. Але ідзе час палітычных падзеяў, мяняюцца палітычныя кірункі і палітычныя партыі, зьяўляюцца новыя людзі. Я сёньня ня стаў бы гаварыць, што я шукаю нейкіх кантактаў з апазыцыяй. Я па-сутнасьці дзейнічаю сёньня ў рэжыме аўтаномнага палёту”.

(Карэспандэнт: ) “Ці вы ўжо вызначылі, чым будзеце займацца пасьля вашага прыезду ў Менск?”

(Краўчанка: ) “Цяжка сказаць, трэба вярнуцца, а потым вырашаць гэтае пытаньне”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы ацэньваеце вынікі сваёй дзейнасьці ў Японіі, наколькі канструктыўным і пазытыўным для Беларусі гэта было?”

(Краўчанка: ) “Я думаю, што я працаваў пяць гадоў сумленна, за гэты час я атрымаў падзяку міністра замежных справаў, 2–3 падзякі намесьнікаў міністра, некалькі лістоў-падзякаў ад мэра Менску, ад кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў, былога кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі. Па-сутнасьці, увесь час да кастрычніка-лістапада дзейнасьць амбасады ацэньвалася адназначна станоўча.

Больш за тое, у кастрычніку мне было прапанавана падпісаць у найбліжэйшы час кантракт на яшчэ адзін год, але толькі таму, што тэкст кантракту ня быў узгоднены зь Міністэрствам сацыяльнай абароны і працы, я не пасьпеў гэты кантракт падпісаць.

Усё разьвівалася спрыяльна, і толькі потым гэтыя нечаканыя падзеі. Амбасада рабіла ўсё магчымае, каб Беларусь і Японія ведалі добра адзін аднаго. Толькі па лініі МЗС і ўраду за апошнія гады Беларусі была аказаная дабрачынная дапамога на 13 мільёнаў даляраў… І яшчэ ня менш як 10 мільёнаў ахвяраваньняў дабрачынных арганізацыяў чарнобыльскага руху”.

(Карэспандэнт: ) “Пятро Кузьміч, які ў вас цяпер матэрыяльны стан, якія магчымасьці вы маеце з сувязьзю, транспартам, кватэрай?”

(Краўчанка: ) “Учора быў блякаваны мой мабільны тэлефон, па-сутнасьці, апошнія дні я не карыстаюся машынай. У пятніцу на пахаваньне прынца Такамада, чалавека, якога я добра ведаў, — гэта дзяржаўная хаўтурная цырымонія, на якой прысутнічалі імпэратарская сям’я, прэм’ер-міністар, дыпкорпус, дэпутаты — я быў вымушаны ехаць на таксі за свой кошт. Я цяпер па Токіё ежджу выключна на таксі. Пакуль я знаходжуся ў кватэры, але я думаю, што будзе ціск, каб я пакінуў кватэру. Мэдычныя звароты ў клінікі я аплачваю сам. У розных формах працягваецца ціск”.

(Карэспандэнт: ) “Які білет аплаціла вам МЗС?”

(Краўчанка: ) “Эканом-клясу. Хаця прыяжджаць у краіну і пакідаць яе амбасадар па ўсіх пратакольных момантах павінен на ўзроўні бізнэс-клясы. Але гэта не галоўнае, гэта дробязі”.
XS
SM
MD
LG