Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕАНІДУ КОЗІКУ НЕ ЎДАЛОСЯ ПАЗБАВІЦЦА АД АЛЯКСАНДРА БУХВОСТАВА


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня Леанід Козік вынес пытаньне пра адхіленьне Бухвостава ад пасады на паседжаньне пленуму прафсаюзу аўтасельгасмашу. Паводле старшыні Фэдэрацыі, нагодай стаў ліст у Міжнародную арганізацыю працы, які накіравалі Аляксандар Бухвостаў і старшыня прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч. Як паведаміў пленуму Козік, ліст нібыта зьняважыў Фэдэрацыю і яго асабіста.

(Козік: ) “Што ж было выкладзена ў гэтым лісьце. Першае. Гаворыцца пра тое, што Козік прызначаны на пасаду старшыні Фэдэрацыі прэзыдэнтам краіны, але ня выбраны. Насамрэч, нядаўні зьезд пацьвердзіў мае паўнамоцтвы. Аўтары ліста сьцьвярджаюць, што быў ціск на майго папярэдніка Франца Вітка. Але Вітко зараз працуе дарадцам беларускага амбасадара ў Баўгарыі і вельмі добра пачуваецца. Я мяркую, што зварот у МАП меў пэўныя мэты. Як толькі мы пачалі набываць аўтарытэт у вачох міжнароднага руху, якраз тады і спатрэбілася аўтарам сарваць усю гэтую працу”.

Козік заклікаў прафсаюзных актывістаў зволіць Бухвостава. Аднак яны пажадалі выслухаць на гэты конт Бухвостава, які заявіў, што ўсё выкладзенае ў лісьце — праўда.

(Бухвостаў: ) “Адносна абраньня Леаніда Пятровіча старшынём. У лісьце названыя канвэнцыі МАП, якія былі парушаныя пры абраньні Козіка. Нельга органам дзяржаўнага кіраваньня ўмешвацца ў прафсаюзныя выбары. А гэта адбылося. МАП зьвярнулася да нас, каб мы паінфармавалі, як быў абраны старшыня Фэдэрацыі — і мы гэта зрабілі. Мы паведамілі пра перамовы часткі прафсаюзных функцыянэраў з прадстаўнікамі прэзыдэнцкай адміністрацыі для зьмены кіраўніка Фэдэрацыі. Пра гэта раней распавядаў сам Вітко. І самае галоўнае. Мы грунтаваліся на выступе на прафсаюзным зьезьдзе прэзыдэнта Лукашэнкі, дзе ён дакладна пацьвярджае ўсё тое, што мы напісалі ў скарзе”.

Пасьля гэта пленуму было прапанавана вырашыць: разглядаць ініцыятыву Козіка на сёньняшнім паседжаньні альбо не ўключаць яе ў парадак дня. Пераважная большасьць падтрымала другую прапанову. З 77 удзельнікаў пленуму 53 чалавекі байкатавалі ініцыятыву Козіка. Такім чынам, Аляксандар Бухвостаў застаецца на пасадзе лідэра прафсаюзу аўтасельгасмашу.
XS
SM
MD
LG