Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАВЕРШЫЛАСЯ РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЕ СПРАВЫ БЫЛОГА ДЫРЭКТАРА МТЗ МІХАІЛА ЛЯВОНАВА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Завершанае расьсьледаваньне крымінальнай справы Міхаіла Лявонава. Былы дырэктар Менскага трактарнага заводу цяпер вывучае сабраныя сьледчымі доказы, пасьля чаго справа будзе перададзеная ў суд. Пра гэта паведамілі ў пракуратуры Беларусі, дзе больш за 10 месяцаў вялося сьледзтва.

У пракуратуры, аднак, не пацьвердзілі зьвестак пра банкаўскі рахунак, на якім былы дырэктар нібыта трымаў скрадзеныя 17 мільёнаў даляраў. Кіраўнік сьледчай групы Іван Бранчаль увогуле адмовіўся камэнтаваць гэтыя зьвесткі, спаслаўшыся на таямніцу сьледзтва.

Нагадаю, пра рахунак Лявонавав ў нямецкім банку днямі заявіў Аляксандар Лукашэнка, аднак пры гэтым ён не паведаміў назву банку. Кіраўнік дзяржавы толькі дадаў, што яшчэ двума асабістымі рухункамі за мяжой карысталіся сваякі арыштаванага дырэктара.

Гэтыя зьвесткі абвяргае жонка Міхаіла Лявонава Алена. Яна кажа, што ўпершыню чуе пра замежны рахунак мужа ды пра тое, што сваякі мелі яшчэ два рахункі.

(Лявонава: ) “Адкуль гэтыя мільёны, дзе і што, на падставе якіх дадзеных гэта ўсё заяўлена, я ня ведаю. Дастаткова толькі ўявіць лічбу 17 мільёнаў, каб засумнявацца. Нават такое вялікае прадпрыемства, як трактарны завод, пэўны час мусіла б працаваць толькі на аднаго чалавека, каб назапасіліся такія грошы. Але хіба гэта магчыма? Таму для мяне лічба 17 мільёнаў ужо паказчык, і адкуль яна можа ўзяцца, я ня ўяўляю”.

Алена Лявонава таксама паведаміла, што нядаўна яе муж з ізалятару ў Жодзіне быў пераведзены ў сьледчы ізалятар Менску. Яшчэ яна сказала, што муж па-ранейшаму адчувае сябе вельмі кепска і “трымаецца толькі на таблетках”.

Паводле зьвестак з крыніцаў на МТЗ, у справе Лявонава фігуруюць яшчэ некалькі чалавек. У тым ліку абвінавачаньне паводле пяці артыкулаў прад’явілі грамадзяніну Расеі, які працаваў у буйной расейскай кампаніі. Нібыта гэтая кампанія пастаўляла на МТЗ мэтал і, паводле сьледзтва, платай за выгадную ўгоду маглі быць камісійныя, якія ішлі на асабісты рахунак дырэктара МТЗ. Быццам праз падобныя ўгоды зь іншымі пастаўцамі на гэтым рахунку і назапасілася 17 мільёнаў даляраў. Аднак гэта толькі здагадкі мэдыяў адносна высноваў сьледчых.

Паводле адваката Аляксандра Самусева, справа Лявонава можа апынуцца ў судзе пры канцы году, а да таго часу ніякіх камэнтароў да яе ня будзе.

Прыкладна ў гэты ж тэрмін будзе завершанае расьсьледаваньне яшчэ дзьвюх гучных справаў гаспадарчых кіраўнікоў — былога дырэктара заводу лядоўняў “Атлянт” Леаніда Калугіна і былога кіраўніка Белдзяржхарчпраму Віктара Казекі. Чакаецца, што судовыя працэсы над імі пачнуцца на пачатку наступнага году.

Апроч таго, ужо каля месяца ў Вярхоўным судзе ідзе працэс над былым кіраўніком беларускай чыгункі Віктарам Рахманьком.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG