Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМІСАР НЯМЕЦКАЙ ПАЛІЦЫІ РАСПАВЯДАЕ ПРА ГАНДАЛЬ БЕЛАРУСКІМІ ЖАНЧЫНАМІ


Ул. інф.

На старонках сёньняшняй “Schwaebisches Tagblatt” зьмешчаныя некаторыя беларускія ўражаньні і матэрыялы спадара Паўлюса. Агульную справаздачу Паўлюса для Эўрапейскай камісіі экспэрты параўноўваюць з промнем сьвятла ў цёмнай справе гандлю ўсходнеэўрапейскімі жанчынамі на Захадзе.

Як адзначае супрацоўнік нямецкай крымінальнай паліцыі Манфрэд Паўлюс, непасрэдна з гэтай тэмай ён сутыкнуўся яшчэ да прыбыцьця ў Беларусь — у самалёце зь Мюнхену ў Менск. Побач зь ім ў салёне сядзеў уладальнік невялікай фірмы ў Паўночнай Нямеччыне, які адкрыта дзяліўся сваім намерам знайсьці ў Беларусі прыгожую жанчыну, і пажадана не адну. “Такіх прыгожых, юных, але пры тым бедных і даступных у Беларусі шмат”, — сьцьвярджаў ён. Адрасы, па якіх можна знайсьці неабходны тавар, прадпрымальнік меў. Такім чынам, нямецкі паліцыянт хутка нядрэнна валодаў сытуацыяй.

Паводле Манфрэда Паўлюса, кан’юнктура гэтага ценявога рынку ў Беларусі сёньня надзвычай высокая. Заходніх гандляроў людзьмі, якія накіроўваюцца ў краіну з пэўнай мэтай, аднак пад выглядам заключэньня розных прафэсійных угодаў, робіцца ўсё больш.

Як сьведчыць паліцыянт, з кожным годам у сеткі гандляроў трапляе ўсё больш маладых дзяўчат. Найчасьцей гэта правінцыялкі, многія з Чарнобыльскай зоны. У выніку цяперашняй эканамічнай сытуацыі ў краіне яны бачаць для сябе толькі тры магчымыя шляхі: стаць жабрачкамі, зьвязацца з крыміналам альбо зьехаць як мага далей з родных мясьцінаў.

Спачатку дзяўчаты пакідаюць свае вёскі і зьяжджаюць у сталіцу ці абласны цэнтар. Там іх і знаходзяць шматлікія агенты вядомай гандлёвай сеткі. Размовы, знаёмствы, абяцаньні, расповеды пра адпаведныя агенцыі, якія ўладкоўваюць маладых дзяўчат, часьцей за ўсё, на працу ў польскія сем’і.

18-гадовая Валянціна купілася на абяцаньні бясплатна жыць і харчавацца ў вялікім доме ля Варшавы ды штомесячны заробак 200 даляраў. Дзяўчыне, аднак, не прыйшлося ні мыць посуд, ні даглядаць дзеці. Супраць яе волі Валянціну прывезьлі у Франкфурт і здалі ўладальніку аднаго з бардэляў. Па дарозе ў Нямеччыну гандляры (гэта былі тры мужчыны) неаднаразова гвалцілі яе.

Паводле справаздачы Эўракамісіі, якая абапіраецца як на беларускі матэрыял, так і на матэрыял іншых краінаў усходняга блёку, штогод падобным нелегальным чынам у Заходнюю Эўропу трапляюць больш за 700 тысяч маладых жанчын. Паводле некаторых меркаваньняў, прыкладна паўмільёна зь іх прымусова займаюцца прастытуцыяй у танных заходніх бардэлях. Лічыцца, што гандаль беларускімі жанчынамі займае трэцюю-чацьвертую пазыцыі ў гэтым крымінальным бізнэсе. Калідор, які з гэтай мэтай створаны на беларуска-польскай мяжы, дзейнічае без усялякіх праблемаў.

Сярод самых небясьпечных прынадаў для беларускіх жанчын ёсьць, паводле Манфрэда Паўлюса, гэтак званыя “шлюбныя агенцыі”. Маладыя жанчыны ў гэтым выпадку, апроч усяго іншага, трапляюць у моцную фінансавую залежнасьць. Кантракты складаюцца такім чынам, што дзяўчаты мусяць аплачваць пасярэдніцкія шлюбныя паслугі непасрэдна на месцы шлюбу. У выніку яны фактычна робяцца ўласнасьцю сутэнэраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG