Лінкі ўнівэрсальнага доступу

UPI: "ЛУКАШЭНКУ ВАРТА ПАДУМАЦЬ ПРА ЎЛАСНАЕ ЗЬНІКНЕНЬНЕ"


Аляксей Знаткевіч, Менск

"Дзіўны выпадак са зьнікненьнем беларускага дыплямата затлуміў галовы ў Токіё на гэтым тыдні", – піша сёньня амэрыканская агенцыя "United Press International" (UPI). Але, паводле аглядальніка, у Беларусі рэгулярна адбываюцца нашмат больш сур'ёзныя рэчы, і менавіта таму Захад затрывожаны паводзінамі Аляксандра Лукашэнкі, чыю адміністрацыю вінавацяць ў скраданьні і забойствах апазыцыйных палітыкаў ды іншых няўгодных асобаў.

Зьнікненьні адбываліся цягам апошніх гадоў, але менавіта цяпер большасьць эўрапейскіх краінаў і Злучаныя Штаты вырашылі актывізаваць ціск на менскія ўлады, піша UPI. "І гэта можа быць пачаткам канца для Лукашэнкі".

У той час як інцыдэнт з Краўчанкам разгортваўся на іншым краі сьвету, адмысловая камісія Рады Эўропы вырашыла сур'ёзна расьсьледаваць чатыры зьнікненьні, на якіх нібыта бачныя адбіткі пальцаў Лукашэнкі, піша UPI. Вядзецца пра зьнікненьне былога міністра ўнутраных справаў Юр'я Захаранкі, апазыцыйнага палітыка Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага. На думку аглядальніка UPI, расьсьледаваньне эўрапейскай камісіі створыць вялікія праблемы для Лукашэнкі. Пакуль выпадкі зьнікненьняў ня будуць расьследаваныя, Беларусь застанецца ізаляванай ад Эўропы.

Аглядальнік UPI лічыць, што падчас сустрэчы ў Маскве на мінулым тыдні з расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным Лукашэнка фактычна пагадзіўся на далучэньне Беларусі да Расеі. Больш за тое, у артыкуле гаворыцца, што многія ў Эўропе гатовыя пагадзіцца з такім варыянтам. "Па вялікім рахунку, эўрапейцы хочуць, каб Беларусь – ці прынамсі расейская правінцыя Беларусь – была ў іхнай сфэры ўплыву,– піша UPI. – Эканамічна і культурна, так яно і ёсьць. Суседзі Беларусі Польшча, Літва і Латвія стануць сябрамі Эўрапейскага Зьвязу менш чым праз два гады. Але ў Эўропе няма месца ўраду, які змагаецца з супернікамі і крытыкамі, ладзячы іхныя бясьсьледныя зьнікненьні. Эўропа таксама ня можа дазволіць сабе лідэра дзяржавы, які ігнаруе правы чалавека. Лукашэнку варта падумаць пра ўласнае зьнікненьне," – піша амэрыканская агенцыя "United Press International".
XS
SM
MD
LG