Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЗ 3-4 ГАДЫ ПАСЬЛЯ ЎСТАЛЯВАНЬНЯ ДЭМАКРАТЫІ БЕЛАРУСЬ МОЖА ЎСТУПІЦЬ У НАТО І ЭЎРАЗЬВЯЗ


Віталь Цыганкоў, Менск

Брус Джэксан – вельмі ўплывовая фігура ў рэспубліканскай партыі ЗША, стваральнік “Праекту для пераходных дэмакратыяў”. У 1996 годзе спадар Джэксан стаў адным з заснавальнікаў “Амэрыканскага камітэту НАТО” – некамэрцыйнай арганізацыі, накіраванай на прасоўваньне ідэяў пашырэньня НАТО і ўмацаваньня сувязяў паміж ЗША і Эўропай. Беларусь стала чацьвертай краінай, у якой адбывалася прэзэнтацыя агляду “Эўропа пасьля Прагі”. Да гэтага спадар Джэксан выступаў у сталіцах Альбаніі, Македоніі ды Ўкраіны. Амэрыканская амбасада ў Беларусі, якая арганізавала прэзэнтацыю, запрасіла ў міжнародны адукацыйны цэнтар ня толькі палітыкаў, грамадзкіх дзеячоў, прадпрымальнікаў, праваабаронцаў, аднак і прадстаўнікоў афіцыйных структураў – Міністэрстваў абароны, замежных справаў, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Лекцыя спадара Джэксана ўяўляла сабой вельмі даступны і лёгкаўспрымальны аналіз тых геапалітычных пераменаў, якія адбываюцца зараз у Эўропе. Вось якімі ўражаньнямі ад праслуханага выступу падзяліўся адзін з удзельнікаў прэзэнтацыі, старшыня ТБМ Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Лекцыя, якую я толькі што пачуў, уразіла зьмястоўнасьцю і простым выкладаньнем матэрыялу. Галоўнае, што яна не перагружаная лічбамі, фактамі, і дакладна паказаныя магчымыя шляхі будучыні Беларусі Я лічу, што гэтую лекцыю разам з адказам на пытаньні добра было б перакласьці на беларускую мову і надрукаваць у незалежнай прэсе”.

Пасьля свайго дакладу кіраўнік “Амэрыканскага камітэту НАТО” адказаў на пытаньні прысутных. “Праз колькі гадоў пасьля ўсталяваньня дэмакратыі Беларусь можа атрымаць запрашэньне ад НАТО і Эўразьвязу?” На гэтае маё пытаньне спадар Джэксан адказаў даволі аптымістычна:

(Джэксан: )“Існуе магчымасьць зрабіць усё за 3-4 гады, аднак гэта можа запатрабаваць і болей часу, калі задачы будуць больш складаныя. Працэс пачатку сапраўдных перамоваў наконт пашырэньня ў некаторых краінаў працягваўся толькі 29 месяцаў. Аднак, выкарыстоўваючы фразу зь вядомай кнігі “Чараўнік з краіны Оз”, я скажу так – “калі вы выйдзеце на дарогу з жоўтай цэглы, тады я скажу вам, дзе знаходзіцца горад”. Пакуль вы яшчэ ня выйшлі на дарогу, таму цяжка сказаць, колькі яна возьме ў вас часу. У Беларусі могуць быць асаблівыя ўмовы, якія мы зараз ня можам прадказаць. Аднак гісторыя можа рухацца хутчэй, чым любы аналітык можа прадказваць. І мы можам зьдзіўляцца, як хутка дэмакратыя пачне расьці і супрацоўнічаць зь іншымі дэмакратыямі”.

Гаворачы пра шляхі Беларусі, Брус Джэксан зазначыў, што сёньня ў дзяржавы ёсць тры стратэгічныя выбары: першы – інтэграцыя ў Еўропу, другі – сумесныя дзеяньні з Расеяй і трэці – ізаляцыя. Які зь іх будзе выбраны Беларусьсю, ёсьць маральнай адказнасьцю яе лідэраў, лічыць Джэксан.
XS
SM
MD
LG