Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПАЛІТЫКІ КАМЭНТУЮЦЬ ЗЬВЕСТКІ ПРА ЗЬНІКНЕНЬНЕ ПЯТРА КРАЎЧАНКІ


Юры Дракахруст, Прага

Намесьнік старшыні міжнароднай камісыі палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян гаворыць, што ня можа паверыць, каб Краўчанка сам пайшоў на такі крок. Паводле Касьцяна, некалькі месяцаў таму ён сустракаўся з Краўчанкам і той, ведаючы, што ягоны амбасадарскі тэрмін сканчаецца, казаў, што пойдзе на любую працу і гатовы паслужыць Бацькаўшчыне.

Былы намесьнік міністра замежных справаў Андрэй Саньнікаў лічыць сытуацыю з Краўчанкам знакам зьменаў у беларускім грамадзтве. Краўчанка заўсёды быў флюгерам, які паказвае, у якім кірунку пойдуць зьмены.

Былы амбасадар Беларусі ў Латвіі Міхаіл Марыніч пры ацэнцы учынка Краўчанкі раіць улічваць багатае і разнастайнае палітычнае мінулае былога кіраўніка беларускай амбасады ў Токіё.

(Марыніч: ) “Уцёк дык уцёк, што вы перажываеце за яго? Быў бы патрыётам, вярнуўся б дадому і дапамагаў бы, схіліў бы галаву перад апазыцыяй. Ён жа здрадзіў апазыцыю, быў падабраны ўладаю”.

На думку Міхаіла Марыніча цяперашняя няпэўнасьць і супярэчлівасьць паведамленьняў мае вельмі простае тлумачэньне – амэрыканскі бок вывучае зварот Краўчанкі аб прадастаўленьні палітычнага прытулку.

(Марыніч: ) “Сёньня ідзе вывучэньне гэтай асобы, вывучэньне і ягонай палітычнай ролі, і ягонага ранейшага і цяперашняга статусу. Сёньня зроблены крок зь ягонага боку , але ня зроблены крок з другога боку”.

На думку старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі ў, так бы мовіць, зьнікненьні Пятра Краўчанкі няма аніякай палітычнай подбіўкі. Лябедзька ня верыць у апазыцыйнасьць былога амбасадара ў Японіі: “Краўчанка зрабіў свой палітычны выбар і ня можа быць ворагам ўлады”.

Кіраўнік цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КГБ Фёдар Котаў абмежаваўся кароткай рэплікаю: “У адносінах Пятра Краўчанкі мяне нішто ня можа зьдзівіць, у нашай краіне заўжды хапала пярэваратняў”.

Дэпутат палаты прадстаўнікоў Іван Пашкевіч, наадварот, лічыць, што рашэньне Краўчанкі мела выключна палітычныя матывы. Былы намесьнік адміністрацыі прэзыдэнта прыгадаў, што ў свой час прызначэньне Краўчанкі амбасадарам у Японію мела спэцыфічны характар і адбывалася падчас актыўнага дыялёгу і распрацоўкі фармату прысутнасьці ў Беларусі назіральнай групы АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG