Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЧЧЫНА - МОСТ ПАМІЖ БЕЛАРУСЬСЮ І ЗАХАДАМ?


Ул. інф.

Цяперашні акцэнт немцаў цалкам адрозны ад таго, што рабіўся Бэрлінам два-тры гады таму. Па сутнасьці, гэта ўжо не памяркоўная прымірэнчая пазыцыя, а сапраўдныя жорсткія патрабаваньні.

Расставіць кропкі над “і” днямі было даручана вядомаму палітыку доктару Гербэрту Шнору, дзяржсакратару ў адстаўцы, чалавеку, які ў свой час зрабіў шмат, каб Нямеччына адной зь першых на Захадзе прызнала незалежную Беларусь. Гэтыя дый іншыя заслугі палітыка былі ацэненыя беларускім кіраўніком Лукашэнкам. У сваю чаргу, павага да Шнора назіраецца і ў шэрагах беларускай апазыцыі, якая часта згадвае добрыя дачыненьні гэтага палітыка з былым міністрам Юрыем Захаранкам.

У часе форуму менавіта доктару Шнору давялося правесьці закрытыя размовы зь міністрам Хвастовым і кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі Латыпавым. Менавіта доктар Шнор агучыў праграмныя патрабаваньні афіцыйнага Бэрліна на ўрачыстым прыёме нямецкага амбасадара, які ладзіўся ў зьвязку з 10-годзьдзем ўсталяваньня дыпляматычных адносінаў паміж краінамі.

У сваёй юбілейнай прамове спадар Шнор надзвычай жорстка сфармуляваў наступныя моманты: і Эўразьвяз, і Нямеччына зрабілі ўсё, каб інтэграваць краіну ў Эўропу. У сваю чаргу, Беларусь – адзіная краіна на кантынэнце, якая канфрантуе з Захадам. Беларусь ёсьць часткай Эўропы, і таму немцы будуць патрабаваць ад яе адпаведнасьці эўрапейскім стандартам. Размова ідзе пра тэрміновае вырашэньне пытаньня зь місіяй АБСЭ і амбасадарам Гайкенам, расьсьледаваньне сытуацыі са зьніклымі палітыкамі, спыненьня псрасьледу апанэнтаў рэжыму і г.д.

Чаму менавіта Нямеччына ўзяла на сябе місію пасярэдніка ў дачыненьнях паміж Захадам і афіцыйным Менскам? Чаму афіцыйны Менск, які звычайна ня слухае нікога, павінен адрэагаваць на патрабаваньні Бэрліна? На падобныя пытаньні доктар Шнор адказвае наступным чынам:

(Шнор: ) “Адносна асобнай ролі Нямеччыны я дазволю сабе сказаць наступнае. Нямеччына ёсьць часткай Эўразьвязу. Зразумела, у розных краінаў Эўразьвязу розныя інтарэсы да ўсходнеэўрапейскіх партнэраў. Немцы як ніхто іншы надаюць вялікую ўвагу ўсходняму рэгіёну і ў прыватнасьці Беларусі. У беларускім кіраўніцтве ведаюць гэта. Што да прадстаўнікоў нямецкага ўраду, то яны цалкам згодныя з тым, каб Нямеччына стала гэткім мостам паміж Беларусьсю і Захадам”.

Дэпутатка Бундэстагу і Эўрапарлямэнту цалкам згодная з вобразам мосту, аднак пры гэтым лічыць, што ўсе пераўтварэньні ў грамадзтве залежаць ня толькі і ня столькі ад вонкавых фактараў.

(Шродтэр: ) “Гэта ілюзія, што істотны паварот ў разьвіцьці Беларусі можа зрабіць Захад ці Расея. Усё залежыць ад саміх беларусаў. Няма ніякага дараваньня, калі краіна ня можа ўзяць уласны лёс ва ўласныя рукі. Што да сустрэчаў, якія дэлегацыя Эўрапарлямэнту і адказны супрацоўнік нямецкага замежнапалітычнага ведамства спадар Шутэ мелі ў беларускім МЗС, то ў іх часе беларускаму боку была дэталёва выкладзеная як эўрапейская, так і нямецкая пазыцыя.

Нямеччына лічыць адэкватным апошні крок Эўразьвязу ў дачыненьні да беларускага кіраўніцтва. Гэтае рашэньне можа быць дэзавуяваным у адказ на выкананьне Менскам пэўных умоваў: правядзеньне ў Беларусі дэмакратычных мясцовых выбараў; выкананьне тых пагадненьняў, якія былі раней заключаныя паміж Беларусьсю і эўраструктурамі і нарэшце вырашэньне сытуацыі зь місіяй АБСЭ. У нас ёсьць нейкія надзеі, што нешта можа зрушыцца. Але спачатку дачакаемся 6 сьнежня”.

Дачакацца вынікаў сустрэчы ў Партугаліі раіць і палітоляг з унівэрсытэту ў Канстанцы, арганізатар Менскага форуму доктар Райнэр Лінднэр. Паводле ягоных словаў, вынікі форуму можна назваць станоўчымі. Менск гатовы пайсьці на саступкі, і ў Порта будзе магчымасьць даказаць гэта.
XS
SM
MD
LG