Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЗНОЎ АБВАСТРЫЎСЯ КАНФЛІКТ ПАМІЖ УЛАДАМІ Й ПРАДПРЫМАЛЬНІКАМІ


Міхал Стэльмак, Менск

У гандлёвых цэнтрах Менску сёньня панавала напружаная атмасфэра. Тры тысячы прадпрымальнікаў баяліся распачынаць працу:

(Алена: ) “Усе стаім і чакаем, што будзе далей”.

(Спадар: ) “Чакаем праверак”.

(Галіна: ) “Усе прадпрымальнікі незадаволеныя. Гэта непатрэбна”.

(Алена: ) “Падаткі падвысілі: навошта душыць людзей?!”

(Галіна: ) “У такім становішчы працаваць немагчыма”.

(Валянціна: ) “У дзяржаве грошай няма, таму нас будуць штрафаваць”.

(Галіна: ) “Дрэнная сытуацыя”.

(Валянціна: ) “Як у канцлягеры”.

(Галіна: ) “Трэба напісаць ліст Аляксандру Лукашэнку, бо што рабіць?”

Двухмесячны мараторы на ўстаноўку касавых апаратаў быў абвешчаны 2 кастрычніка. У самы разгар агульнанацыянальнага страйку прадпрымальнікаў Менгарвыканкам паабяцаў “замарозіць” увядзеньне новых правілаў гандлю ў абмен на спыненьне бізнэсоўцамі акцыі пратэсту.

Гандляры менскіх выставаў пагадзіліся прыпыніць страйк. Аднак сёння многія зь іх лічаць тагачаснае рашэньне памылковым. На адрас прадпрымальніцкіх лідэраў, якія байкатавалі страйк, зараз гучаць папрокі — праблема касавых апаратаў зноў паўстала перад прадпрымальнікамі. Так лічыць і каардынатар Аб’яднанай рады прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка:

(Шумчанка: ) “Тое становішча, што склалася сёньня на гандлёвых выставах, ёсьць наступствам байкоту ў кастрычніку рэспубліканскага страйку. Бяда гэтых бізнэсоўцаў у тым, што яны пайшлі за псэўдалідэрамі прадпрымальніцкага руху, якія заклікалі спыніць страйк. Гэтыя лідэры так і ня вырашылі праблемы касавых апаратаў. Бяда яшчэ і ў тым, што паколькі яны праігнаравалі прадпрымальнікаў рынкаў, то і ім з боку рынкаў зараз ня будзе падтрымкі. Яны мусяць вылучыць са сваіх шэрагаў новых лідэраў і далучыцца да нас. Гэтыя лідэры павінныя мець такі ж пункт гледжаньня на ўлады: ніякіх ілюзіяў і барацьба”.

Паводле бізнэсоўцаў гандлёвых цэнтраў, наперадзе іх чакаюць цяжкія выпрабаваньні. Частка бізнэсоўцаў мае намер згарнуць свой бізнэс. Другая частка спадзяецца прыстасавацца да новых умоваў. Трэція гатовыя супрацьстаяць уладам, але пакуль ня ведаюць, як.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG