Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫХАР ВОРШЫ СУДЗІЦЦА ЗЬ НЕДЗЯРЖАЎНАЙ ТЭЛЕКАМПАНІЯЙ “СКІФ”


Браніслава Станкевіч, Менск

Аршанец Юры Конышка спадзяецца спагнаць праз суд кампэнсацыю за маральныя страты, а таксама яшчэ 8 тысяч беларускіх рублёў, заплачаных недзяржаўнай тэлекампаніі “Скіф” за разьмяшчэньне прыватнай аб’явы, якая так і ня трапіла ў эфір напярэдадні сёлетніх Дзядоў. У гэтай аб’яве меркавалі запрасіць аршанцаў да ўдзелу ў шэсьці на Кабыляцкую гару, дзе былі расстраляныя ў часе сталінскіх рэпрэсіяў некалькі сотняў беларускіх грамадзянаў.

Імкнучыся патлумачыць пазыцыю тэлекампаніі, юрыст Ігар Смаленцаў, які бараніў інтарэсы “Скіфу”, спаслаўся на тое, што гэтая імпрэза была забароненая гарвыканкамам. Аднак ён ня змог дакладна адказаць, чаму спадару Конышку дагэтуль не вярнулі заплачаныя грошы. Увогуле ж, паводле назіраньняў прадстаўнікоў аршанскіх дэмакратычных сілаў, за ўсе гады існаваньня “Скіфу” ў эфір не было прапушчана ніводнай аб’явы на беларускай мове. Аднак раней гэта тлумачылася адсутнасьцю беларускамоўных дыктараў.

Назваўшы сёньняшнюю судовую справу супраць тэлекампаніі “Скіф” выразна палітычнай, судзьдзя Натальля Цюменцава адклала яе да 4 сьнежня, прызначыўшы выклік новых сьведкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG