Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ПРЫНЕСЬЛІ МАРАЗЫ?


Галіна Абакунчык, Менск

Сыноптыкі Белгідрамэтцэнтру кажуць, што тэмпэратура паветра гэтымі днямі на 4–11 градусаў ніжэйшая за норму, аднак тое ня ёсьць нечым надзвычайным. Тым ня менш, усяго за два выходныя толькі ў Менску ў шпіталь хуткай дапамогі патрапілі дзевяць чалавек з прычыны моцнага абмаражэньня. Прычынай ёсьць празьмернае ўжываньне алькаголю, якое набыло незвычайны размах, — кажа траўматоляг Валянцін Машэль.

(Машэль: ) “Кожны год народ п’е гарэлку, зводкі не чытае. Калі цёпла, то адляжыцца, прасьпіцца і пайшоў. А калі мароз, то, натуральна, абмарожваецца. Вось, як толькі зь пятніцы пайшло паніжэньне тэмпэратуры, адразу пайшлі абмаражэньні”.

Аднак найбольш распаўсюджанымі няшчаснымі выпадкамі, зьвязанымі з рэзкім пахаладаньнем, ёсьць пажары. Хаты вяскоўцаў — пераважна пэнсійнага веку — гараць ад зношаных печаў, а гараджане церпяць ад сапсаваных электрапрыладаў, якімі спрабуць нагрэць сваё жытло. Так, за два дні ў краіне здарылася 155 пажараў, ёсьць ахвяры, — кажа дзяжурны МНС.

(Дзяжурны: ) “Шмат сьмерцяў на пажарах, і гэта з пахаладаньнем зьвязана. Хто печ распальваў, хто нейкімі ацяпляльнымі прыборамі саграваўся. Прасьцей за ўсё, лічыце, што з прычыны абагравальнікаў”.

У Міністэрстве жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ня схільныя зьвязваць пажары з холадам у кватэрах. Паводле намесьніка міністра Мікалая Ліпеня, калі тэмпэратура й заніжаецца, дык толькі ў адміністрацыйных памяшканьнях і, магчыма, на выходныя дні, што залежыць ад платаздольнасьці суб’екту гаспадараньня. У кватэрах жа менш за 18 градусаў не бывае, — сьцьвярджае спадар Ліпень.

(Ліпень: ) “У кватэры павінна быць 18 градусаў. Калі ўсталяваная такая тэмпэратура, мы павінныя забясьпечыць падачу цепланосьбіта. Прычым тут мароз альбо не мароз?”

Аднак нават у сталіцы, дзе камунальныя службы працуюць, нібыта, найбольш адказна, некаторыя менчукі ня згодныя з чыноўніцкімі заявамі.

(Спадарыня: ) “Халодна. У нас халодна”.

(Спадар: ) “Нармалёва”.

(Спадарыня: ) “На праспэкце Скарыны мы жывем, што насупраць бібліятэкі, якая будуецца, — у нас вельмі халодна, 12–14 градусаў”.

(Спадарыня: ) “Халодна ў кватэры вельмі. Прыкладна градусаў 15–16. Цёпла апранаемся й усё”.

Паводле сыноптыкаў Беларускага гідрамэтцэнтру, у наступныя два дні пройдзе сьнег, і холад крыху адступіць. Але ўжо ў другой палове тыдня мароз узмоцніцца ізноў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG