Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕПРАДКАЗАЛЬНЫ АМБАСАДАР


Аляксей Знаткевіч, Менск

Георгі Таразевіч, былы амбасадар Беларусі ў Польшчы, даўно ведае Пятра Краўчанку. За савецкім часам яны разам працавалі ў Менскім гарадзкім камітэце кампартыі — Таразевіч другім сакратаром, а Краўчанка – сакратаром па ідэалёгіі. Потым, калі Краўчанка стаў міністрам замежных справаў, Таразевіч нейкі час быў у яго першым намесьнікам. Таразевіч кажа, што ад ягонага былога начальніка можна чакаць самых непрадказальных учынкаў.

(Таразевіч: ) “Ён быў непрадказальны. Асабліва апошні час, калі быў міністрам, ён мог невядома што рабіць. Напрыклад, ён прызначае нараду і спазьняецца на паўтары гадзіны. Ці пачынае разнос супрацоўнікаў апарату невядома за што”.

Таразевіч кажа, што калі б Краўчанка вырашыў застацца ў Японіі, то меў бы няшмат шанцаў атрымаць добрую працу, бо практычна не валодае замежнымі мовамі. Падобную ж думку выказаў і Пётар Садоўскі, былы пасол Беларусі ў Нямеччыне.

(Садоўскі: ) “У выпадку з Краўчанкам, у яго павінны былі б быць ці нейкія грошы шалёныя, ці проста нейкі партнэр, які зь ім будзе супрацоўнічаць, а ён проста будзе як нейкі пасярэднік, маючы нейкую былую гісторыю. Увогуле, імідж — гэта вялікі капітал”.

Садоўскі кажа, што любому амбасадару ўвогуле вельмі цяжка сыходзіць з гэтай пасады ў бізнэс.

(Садоўскі: ) “Напрыклад, калі я выяжджаў зь Нямеччыны, у мяне былі тры прапановы застацца ў Нямеччыне. Я б мог зарабляць тысячы паўтары эўра, элемэнтарна. Але тут ёсьць адна псыхалягічная штука, церазь якую я не магу пераступіць — у Нямеччыне, напрыклад, амбасадар — гэта чалавек вельмі высокага рангу, гэта міністар, а можа нават нешта большае. І калі амбасадар ідзе працаваць рэфэрэнтам або мэнэджэрам, або яшчэ нейкім там вінцікам ці шурупчыкам нейкай там фірмы — для мяне гэта было абсалютна непрымальна”.

Камэнтуючы цяперашнюю заблытаную інфармацыю зь Японіі, Пётра Садоўскі сказаў, што яму здаецца праўдападобнай вэрсія аб хваробе Краўчанкі. Аднак ён дадаў наступнае:

(Садоўскі: ) “Я ведаю, што Пётар Кузьміч, калі пачыналіся нейкія складаныя моманты ў нашай гісторыі, заўсёды рабіў такія рухі, каб яму неяк раптоўна не зваліцца, не апынуцца недзе ўнізе. Калі быў гэты вядомы путч, ён схаваўся на чатыры дні. Я быў старшынём камісіі па замежных справах Вярхоўнага Савету і ня мог яго знайсьці. Ён проста ў такую гадзіну “Х” схаваўся і лёг на дно”.
XS
SM
MD
LG