Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫ АМБАСАДАР КРАЎЧАНКА ПАКУЛЬ НЕ ВЯРНУЎСЯ НА РАДЗІМУ


Валер Каліноўскі, Менск

Інфармацыя пра невяртаньне былога амбасадара Беларусі ў Японіі Пятра Краўчанкі супярэчлівая. Сёньня прадстаўнікам беларускай амбасады ўдалося знайсьці яго ў асабістай кватэры ў Токіё і пагаварыць. Пра зьмест гутаркі паведамляе прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка:

(Латушка: ) “Сёньня мы атрымалі паведамленьне ад нашай амбасады ў Токіё аб тым, што трэці сакратар амбасады сустрэўся зь Пятром Краўчанкам у яго на кватэры, дзе ён пражывае. Па-ранейшаму Пётар Краўчанка адмаўляецца вяртаць дакумэнты ў амбасаду і вярнуцца на радзіму”.

Павал Латушка зазначае, што матываў свайго ўчынку спадар Краўчанка не называе, але ў размове зь беларускім дыпляматам ён сказаў, што нейкіх палітычных патрабаваньняў у яго няма.

Нам пакуль не ўдалося датэлефанавацца да спадара Краўчанкі ў Токіё. Толькі карэспандэнт ІТАР-ТАСС у японскай сталіцы Анатоль Красноў змог узяць інтэрвію ў спадара Краўчанкі.

(Красноў: ) “Не, ніякіх палітычных матываў ён не вылучаў, у яго дрэнны стан здароўя, паводле ягоных словаў. Ён сказаў, што ў яго лекары адзначылі перадінфарктны стан, вельмі высокі ціск. Тым ня менш, ён мае намер працягваць тут пратакольныя сустрэчы, якія яму засталося правесьці, і ў сьнежні зьбіраецца быць дома.

Анатоль Красноў гаворыць, што Пётар Краўчанка назваў усе паведамленьні пра тое, што ён нібыта вырашыў стаць невяртанцам, “палітычнай правакацыяй”, хаця ён сам і ня ведае, хто стаіць за ёй. Не было ніякай размовы і пра палітычны прытулак. І ў амбасадзе ЗША ў Токіё Краўчанка таксама ня быў. А сённьня а 16-й гадзіне па мясцовым часе спадар Краўчанка наведаў МЗС Японіі і зноў пацьвердзіў, што зьбіраецца вярнуцца ў Беларусь.

Прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка так пракамэнтаваў гэтую інфармацыю:

(Латушка: ) “Мы ўпэўненыя ў тым, што былы амбасадар Беларусі ў Японіі Пётар Краўчанка павінен выканаць загад і вярнуцца ў вызначаныя тэрміны ў Беларусь”.

Тым ня менш, на гэтым момант у справе зь вяртаннем Пятра Краўчанкі шмат незразумелага. Прынамсі, танальнасьць выказваньняў ягонай жонкі Галіны:

(Галіна: ) “І ўсё тое, што перадавалі раней, гэта ўсё так сказаць… А я вам нічога не скажу. Нічога. Трэба будзе — патлумачыць, але ня я, я не ўпаўнаважаная…”

(Карэспандэнт: ) “Але вам ён тэлефанаваў асабіста?”

(Галіна: ) “Гэта ня мае значэньня для вас . Не павінна. Усё. Дзякуй”.

Тым часам у амбасадзе Беларусі ў Японіі сказалі, што неўзабаве павінна быць нейкая новая інфармацыя “іншага пляну”. Амбасада ж дзейнічае ў нармальным рэжыме, там працуюць два дыпляматы і два тэхнічныя супрацоўнікі. Кіруе ёю Анатоль Сьцяпусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG