Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКАЙ МЯЖЫ РАСПАЧАЎ ПРАЦУ ПЕРШЫ “ЗЯЛЁНЫ КАЛІДОР”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Зялёныя калідоры”, ці, іначай, “зялёныя сьцежкі”, добра вядомыя пераважна тым беларусам, якія падарожнічаюць у іншыя краіны самалётам. Калі асоба ня мае пры сабе рэчаў, якія, паводле мытных правілаў трэба ўносіць у мытную дэклярацыю – напрыклад, празьмерную колькасьць каштоўных мэталаў, валюты ці іншых прадметаў, дык яна можа ісьці адразу празь “зялёны калідор”, пазьбегнуўшы ў такі спосаб мытнага агляду.

На польска-беларускай мяжы такіх калідораў дагэтуль не было. Звычайна ўсе падарожнікі – чаўнакі гэта ці турысты – незалежна ад таго, што яны зьбіраюцца перавезьці празь мяжу, чакаюць у адной чарзе, часам нават цягам некалькіх дзясяткаў гадзінаў.

Ад нядзелі адзіным месцам на беларуска-польскай мяжы, дзе можна прайсьці празь “зялёны калідор”, стаў пераход у Славатычах.

Прадстаўнік Мытнай управы ў Бялай Падлясцы Барбара Корвін паведаміла, што новаўвядзеньне вельмі спадабалася беларусам, значная частка якіх ужо ў першы дзень вырашыла скарыстацца зь “зялёнага калідору”.

Спадарыня Корвін, аднак, папярэдзіла, што мытнікі маюць права скантраляваць паводле свайго выбару любога з падарожнікаў, які абраў спрошчаны спосаб пераходу мяжы.

Калі высьвятліцца, што, абраўшы “зялёны калідор”, асоба мае лішкі рэчаў ці валюты, якія трэба было б уносіць у дэклярацыю, дык гэтая асоба можа быць прыцягнутая да крымінальнай адказнасьці.

Польскія мытнікі кажуць, што паводле вынікаў працы “зялёнага калідору” у Славатычах будзе вырашана, ці пашыраць гэткую практыку і на Тэрэспаль – адзін з найбольш папулярных пераходаў беларуска-польскай мяжы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG