Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕЧАРГОВЫ ЗЬЕЗД БНФ ПРЫНЯЎ НОВУЮ ПРАГРАМУ Й СТАТУТ ПАРТЫІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У нечарговым зьезьдзе бралі ўдзел 90 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Удзельнікі зьезду мусілі прыняць новую праграму БНФ і ўнесьці зьмены ў статут. Справа ў тым, што некаторыя нормы статуту заміналі рэгістрацыі рэгіянальных арганізацыяў БНФ, а праграма, прынятая яшчэ на пачатку 1990-х гадоў, не зусім адпавядае цяперашнім беларускім рэаліям.

Так, напрыклад, у старой праграме вялікая ўвага надавалася ролі дзяржавы ў эканоміцы, дзяржаўнай уласнасьці на зямлю. Не зусім дакладна была сфармуляваная такая каштоўнасьць як свабода ды іншае. Цяперашняя ж праграма БНФ у значнай ступені арыентаваная на будучае далучэньне Беларусі да Эўразьвязу й НАТО. Гаворыць лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Мы безумоўна выкарыстаем сёньняшні зьезд для таго, каб цераз новую праграму ясна абазначыць стратэгічную альтэрнатыву беларускай дзяржавы. Мы выбіраем Эўропу, мы выбіраем сяброўства Беларусі ў Эўразьвязе, і гэта ёсьць тая альтэрнатыва саюзнай, прарасейскай рыторыцы, якую спавядае цяперашні рэжым”.

Сёньня многія дэлегаты зьезду адзначалі, што ў БНФ цяпер ёсьць добры шанец праз прапаганду эўрапейскіх каштоўнасьцяў аднавіць свой уплыў на грамадзтва, бо паводле сацыялягічных апытаньняў больш за палову грамадзянаў Беларусі хоча далучэньня сваёй краіны да Эўразьвязу. Таксама нямала прыхільнікаў і ў ідэі ўступленьня Беларусі ў НАТО.

Таму невыпадкова заля зьезду была аздобленая ня толькі беларускай, але й эўрапейскай сымболікай, а ў новай партыйнай праграме асноўныя каштоўнасьці БНФ — свабода асобы, незалежнасьць краіны, прыватная ўласнасьць, эканоміка, экалёгія, сям’я выкладзеныя так, як іх разумеюць у краінах Эўрапейскага Зьвязу ці кандыдатаў у гэтую арганізацыю.

Праўда, некаторыя дэлегаты крытыкавалі дзейнасьць кіраўніцтва БНФ, прапаноўвалі больш засяродзіцца на стварэньні шырокага незалежніцкага руху і часта праводзіць вулічныя акцыі пратэсту, але ў большасьці гэтыя ідэі падтрымкі не знайшлі.

Каб больш актыўна прапагандаваць сярод людзей эўрапейскія каштоўнасьці, БНФ удзельнічае ў мясцовых выбарах і вылучае каля 200 сваіх кандыдатаў. Выбарчая кампанія пачынаецца ўжо заўтра, і БНФ удзельнічае ў ёй пад лёзунгам “Партыя БНФ — эўрапейскі дабрабыт і парадак”. Гаворыць намесьнік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) “Галоўная задача — заваёўваць прыхільнасьць людзей. Зараз трэба вылучаць людзей у камісіі. Мы зараз вылучалі сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя камісіі, наперадзе вылучэньне ва ўчастковыя. І ці прымуць нашых прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі — гэта будзе як тэст на магчымую празрыстасьць выбараў”.

Дэлегаты зьезду таксама прынялі дзьве ўхвалы. У першай БНФ нагадвае пра небясьпеку гатовасьці Аляксандра Лукашэнкі згадзіцца на трэці тэрмін прэзыдэнцтва і правядзеньня па гэтай праблеме, а таксама па пытаньні інтэграцыі з Расеяй рэфэрэндуму. У другой вітаецца рашэньне аб пашырэньні Эўразьвязу й НАТО коштам цэнтральнаэўрапейскіх краінаў. Аднак дэлегаты занепакоеныя праблемай абвастрэньня візавага рэжыму для грамадзянаў Беларусі, што, на іх думку, будзе спрыяць ізаляцыі беларускага грамадзтва ад эўраатлянтычных працэсаў.
XS
SM
MD
LG