Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ГЛУСКІЯ ШКОЛЫ СПРАБУЮЦЬ ПЕРАКЛАСЬЦІ СВАЕ ФІНАНСАВЫЯ ПРАБЛЕМЫ НА ПЛЕЧЫ БАЦЬКОЎ


Марыя Ўсцьновіч, Глускі раён

У глускай сярэдняй школе № 2 на бацькоўскіх сходах настаўнікі патлумачылі: грошай у бюджэце няма, а таму трэба плаціць за электрычнасьць самім. На месяц патрабавалася аддаць 170 рублёў на аднаго вучня.

Асноўны закон Рэспублікі Беларусь гарантуе бясплатнасьць сярэдняй адукацыі. Таму бацькі глускіх школьнікаў успрынялі новае распараджэньне дырэкцыі школы неадназначна.

Частка бацькоў вырашыла ў крызысным становішчы не супраціўляцца, і людзі пачалі здаваць грошы. Нязгодныя плаціць за сьвятло ў школах накіравалі заяву ў пракуратуру.

Гэта ня першы скандал у сфэры адукацыі Глускага раёну. Нядаўна тут узьнікла праблема ў адной зь сельскіх школ: у мэтах выхаваньня вучням, якія не бралі ўдзелу ў сяльгаспрацах, не давалі ў школьнай сталоўцы бульбу. Пасля гэтага школам загадалі: ніякай самадзейнасьці.

Таму сёньня дырэктар школы № 2 Васіль Басяк пасьпяшаўся паведаміць, што школа адмовілася ад ідэі перакласьці плату за электрычнасьць на плечы бацькоў вучняў.

У Глускім раённым упраўленьні адукацыі вінаватым у парушэньні закону назвалі жабрацтва. Справа яшчэ і ў тым, што з вобласьці прыйшоў загад: забясьпечыць эканомію электрычнасьці ў школах на 25% і адпаведна менш плаціць за яе грошай. Гэты загад у Глуску называюць абсурдам.

Дырэктар школы Васіль Басяк распавёў, што яны вымушаныя выключаць сьвятло на перапынках, займаюцца з 8-мі да 15-ці гадзінаў, калі больш-менш сьветла, і нават карыстаюцца не электрычным, а жалезным мэханічным званком.

Многія бацькі вучняў цяпер баяцца, што эканомія электрычнасьці можа сапсаваць зрок вучням, і кажуць, што гатовыя плаціць за сьвятло і за многія іншыя рэчы, якія ня можа забясьпечыць бюджэт, каб быць спакойнымі за здароўе сваіх дзяцей.
XS
SM
MD
LG