Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“GAZETA WYBORCZA” ПРА ПАРУШЭНЬНІ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Падборка камэнтароў беларускіх і расейскіх мэдыяў у справе візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву – гэта адзіны прысьвечаны Беларусі матэрыял у сёньняшнім нумары “Gazety Wyborczej”, дзе няма гаворкі пра парушэньні правоў чалавека.

На першых старонках штодзёньнік піша пра закрыцьцё беларускімі ўладамі незалежнага тыднёвіка “Местное время”. Паводле газэты, уплыў на гэткія захады ўладаў, магчыма, меў той факт, што сярод журналістаў новага штотыднёвіка былі тыя, хто працаваў у зачыненых раней незалежных выданьнях, у тым ліку і ў гарадзенскай “Пагоні”.

У наступным матэрыяле “Gazety Wyborczej” гаворыцца пра забарону пікету з нагоды ўгодкаў зруйнаваньня савецкай уладай фарнага касьцёла ў Горадні – адной з найпрыгажэйшых каталіцкіх сьвятыняў у Беларусі.

Вялікі артыкул “Веравызнаньні традыцыйныя і не” прысьвечаны новаму закону аб рэлігіі, які напярэдадні падпісаў Аляксандар Лукашэнка. “Gazeta Wyborcza” адзначае, што закон робіць выразным фаварытам у Беларусі праваслаўную царкву, а ў стасунку да вернікаў некаторых іншых рэлігіяў ёсьць нават дыскрымінацыйным.

Штодзёньнік, аднак, піша, што тут няма чаго зьдзіўляцца, бо ў Беларусі нават палітыкі высокага ўзроўню дазваляюць сабе, прыкладам, антысэміцкія выказваньні. У артыкуле падаюцца словы намесьніка камісіі ў міжнародных справах палаты прадстаўнікоў Сяргея Касьцяна, які заявіў, што Беларусь “ёсьць славянскай, а не габрэйскай ці жыдамасонскай краінай”, таму, маўляў, сынагогі тут не патрэбныя.

“Gazeta Wyborcza” падае меркаваньне дэпутаткі Вольгі Абрамавай, якая параўноўвае новы беларускі закон аб рэлігіі да аналягічнага швэдзкага заканадаўства, але з 18-га стагодзьдзя.

У артыкуле ўзгадваецца, што Беларусь мае даўнія традыцыі рэлігійнай талерантнасьці, бо яшчэ Статут Вялікага Княства Літоўскага гарантаваў роўныя правы прадстаўнікам розных рэлігіяў, а з адпаведнага артыкулу Статуту карысталіся нават аўтары канстытуцыі Злучаных Штатаў Амэрыкі.

Сёньня “Gazeta Wyborcza” распавядае таксама пра рэакцыю Міністэрства замежных справаў Беларусі, якое выказала задавальненьне з нагоды таго, што Польшча афіцыйна не далучылася да рашэньня 14 краінаў-сябраў Эўразьвязу а таксама ЗША, забараніць уезд на сваю тэрыторыю Аляксандру Лукашэнку і ягоным бліжэйшым хаўрусьнікам. І зноў жа, тут гаворыцца, што прычынай гэтай забароны ёсьць гвалтоўныя парушэньні беларускімі ўладамі асноўных правоў чалавека.

У гэтай справе варта нагадаць, што, паводле польскага МЗС, Варшава падтрымлівае пазыцыю Эўразьвязу што да стану дэмакратыі ў Беларусі і не запрашае да сябе вышэйшых кіраўнікоў зь Менску ўжо шмат гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG