Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФЭДЭРАЦЫЯ ПРАФСАЮЗАЎ РАСПАЧАЛА ЦІСК НА ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ЛІДЭРАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Перасьлед прафсаюзных лідэраў распачаўся ўчора. Як паведаміў старшыня прафсаюзу аўтасельгасмашу Аляксандар Бухвостаў, скандальная ініцыятыва прагучала на паседжаньні прэзыдыюму Фэдэрацыі:

(Бухвостаў: ) “Козік паставіў на галасаваньне пытаньне, каб на нашых пленумах былі ініцыяваныя пытаньні пра вызваленьне мяне і Фядыніча ад пасадаў. Прэзыдыюм, вядома, ухваліў гэтую прапанову. Перад гэтым Козік выказаў рэзкае незадавальненьне нашам лістом у Міжнародную арганізацыю працы, які мы распаўсюдзілі сярод сяброў прэзыдыюму.

Мы ж у гэтым лісьце паведамілі кіраўніку МАП Кара Тапіёлу пра парушэньні, якія мелі месца пры абраньні старшынём Фэдэрацыі Козіка, пра неабгрунтаванае адхіленьне былога старшыні аграрнага прафсаюзу Ярашука. Усё ў гэтым лісьце — праўда. Усё гэта пацьвярджаецца ў выступе на нядаўнім прафсаюзным зьезьдзе прэзыдэнта Лукашэнкі, дзе ён сказаў, што ўсё, што рабілася, гэта рабілася пад ягоным кіраўніцтвам”.

На паседжаньні прэзыдыюму, як паведаміў лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч, Козік таксама распарадзіўся скасаваць каардынацыйную раду прафсаюзаў прамысловасьці:

(Фядыніч: ) “Учора, калі паўстала пытаньне пра скасаваньне каардынацыйнай рады прамысловых прафсаюзаў, а старшынем гэтай рады зьяўляюся я, я падняўся і папрасіў у Козіка слова. Але калі пачалі рыхтавацца да галасаваньня і мне не далі слова, я пачаў настойваць на выступе. Бо тая інфармацыя, якая была даведзеная Козікам да прэзыдыюму, не праўдзівая. І вельмі адыёзная. Але на гэта я атрымаў адкаў ад Козіка, што калі яшчэ будзеш настойваць на сваім выступе, то я паклічу ахову, і цябе пад рукі выведуць з гэтай залі”.

Фядыніч на знак пратэсту пакінуў паседжаньне, дзе, паводле яго, зараз цалкам ігнаруюцца дэмакратычныя нормы. На думку Аляксандра Бухвостава, ператварэньне Фэдэрацыі ў прафсаюзную вэртыкаль адбываецца ў адпаведнасці з плянамі Лукашэнкі. Ён лічыць, што кадравая чыстка распачалася паводле палітычнай замовы і зьвязаная зь меркаваным рэфэрэндумам пра падаўжэньне прэзыдэнцкага тэрміну Лукашэнкі. Паводле Бухвостава, у сьценах Фэдэрацыі ўжо зараз ходзяць чуткі, што прафсаюзам адводзіцца роля ініцыятараў такога рэфэрэндуму.

Між тым, як вынікае з тлумачэньня прафсаюзных лідэраў, здавацца яны не зьбіраюцца і ня будуць добраахвотна падаваць у адстаўку. Сёньня ж яны зьвярнуліся па падтрымку да першасных суполак сваіх прафсаюзаў.
XS
SM
MD
LG