Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГІЛЁЎСКІЯ ЧЫНОЎНІКІ ЗАБАРАНІЛІ ВЫЕЗД 42 ДЗЯЦЕЙ ЗЬ БЕДНЫХ СЕМ’ЯЎ ДЫ ІНТЭРНАТАЎ НА АЗДАРАЎЛЕНЬНЕ Ў ЧЭСКІЯ ГОРЫ


Кастусь Бандарук, Прага

У магілёўскім упраўленьні адукацыі абвяргаюць палітычныя матывы адмены выезду дзяцей ў Чэхію. Першы намесьнік старшыні ўпраўленьня Мікалай Стральцоў патлумачыў крок магілёўскіх ўладаў клопатам пра ўзровень ведаў школьнікаў. Маўляў, чэскі бок ня змог прадаставіць беларускім дзецям школу, дзе б яны займаліся са сваімі настаўнікамі. Ён таксама дадаў, што беларускі бок быў бы вымушаны заплаціць за дарогу па 100 даляраў на адно дзіцё.

Старшыня дабрачыннай чэскай арганізацыі “Сябры народаў Усходу” Томаш Лукаўскі, са свайго боку, у інтэрвію Радыё Свабода выказаў зьдзіўленьне пазыцыяй беларускіх уладаў. Ён сказаў, што з дапамогай чэскага ўраду і прыватных спонсараў ягоная арганізацыя забясьпечвае лячэбны адпачынак дзецям зь Беларусі і Ўкраіны ўжо цягам 10 гадоў, у тым ліку і ў перадкалядны час. Беларускія ўлады заўсёды дзякавалі чэскаму боку за арганізацыю лячэбных адпачынкаў. Адносна сёлетняй паездкі дзяцей зь Беларусі спадар Лукаўскі сказаў:

(Лукаўскі: ) “У прыгожым раёне Есэніку беларускія дзеці мелі падрыхтаваны адпачынак. Акрамя ўсяго іншага, яны мелі азнаёміцца з нашымі каляднымі абрадамі і ўдзельнічаць у іх. Такія лячэбныя адпачынкі заўсёды пачынаюцца і канчаюцца мэдычным абсьледаваньнем. Цягам 10 гадоў мы пераканаліся, што дзеці ад’яжджаюць у лепшым стане здароўя. Адпачынак, у прыватнасьці, спрыяе ўзмацненьню іх імуннай сыстэмы”.

Спадар Лукаўскі паведаміў, што беларускі бок павінен аплаціць толькі даезд дзяцей да Чэхіі, але вяртаньне ў Беларусь аплачвае ягоная дабрачынная арганізацыя. Ён выказаў зьдзіўленьне цьверджаньнем магілёўскіх уладаў аб тым, што беларускі бок мусіць выдаткаваць 100 даляраў на адно дзіцё. Спадар Лукаўскі таксама абверг заявы беларускага боку аб тым, што беларускім дзецям не забясьпечана магчымасьці працягваць навучаньне са сваімі настаўнікамі:

(Лукаўскі: ) “Я хачу адзначыць, што групу дзяцей суправаджаюць іхныя настаўнікі. Мы гарантавалі дзецям асноўныя ўмовы для працягу вучобы. Праўда, там няма электронных мікраскопаў і падобнай тэхнікі, але неабходныя ўмовы для навучаньня дзяцей створаныя. Я думаю, што такая лячэбная паездка у здаровым навакольным асяродзьдзі дапамагае ў вучобе ня тоькі цягам гэтых 2-3 тыдняў, але і пасьля вяртаньня дамоў”.
XS
SM
MD
LG