Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭПУТАТЫ ЭЎРАПАРЛЯМЭНТУ СУПРАЦЬ ЗЬМЕНЫ МАНДАТУ МІСІІ АБСЭ Ў БЕЛАРУСІ


Валер Каліноўскі, Менск

Сябры Эўрапарлямэнту Ян Віерсма з Галяндыі, Элізабэт Шродтэр зь Нямеччыны і брытанец Робэрт Гудвіл правялі ў Менску інтэнсіўныя перамовы з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, недзяржаўных арганізацыяў, апазыцыі, замежнымі амбасадарамі. Вынікі гэтых сустрэчаў будуць адлюстраваныя ў справаздачы Эўрапарлямэнту, які мае прыняць адмысловую рэзалюцыю аб адносінах зь Беларусьсю ў сувязі з пашырэньнем Эўразьвязу ў 2004 годзе.

Гаворыць кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту Ян Віерсма:

(Віерсма: ) “Украіна і Малдова прынялі рашэньне пра жаданьне ўступіць у Эўразьвяз раней ці пазьней. Краіны былой Югаславіі далучацца да Эўразьвязу на працягу 10–15 гадоў. Але ўрад Беларусі прыняў іншае рашэньне — аб’яднацца ў саюз з Расейскай Фэдэрацыяй”.

На думку спадара Віерсмы, тут важнае пытаньне: што гэты саюз будзе абазначаць для адносінаў з Эўразьвязам. На гэты момант сытуацыя ў Беларусі выклікае ў Брусэлі расчараваньне. Гаворыць Ян Віерсма:

(Віерсма: ) “Мы па-ранейшаму не задаволеныя ўзроўнем дэмакратычнага разьвіцьця ў Беларусі. Любая краіна, а тым больш такая эўрапейская краіна як Беларусь дзеля таго, каб мець нармальныя адносіны з Эўразьвязам, павінна падзяляць аднолькавыя каштоўнасьці — выкананьне правоў чалавека, свабоды мэдыяў і іншыя”.

Паводле спадара Віерсмы, Эўразьвяз чакае ад беларускіх уладаў пазытыўных крокаў у пашырэньні паўнамоцтваў парлямэнту і выпраўленьні сытуацыі зь місіяй АБСЭ. Менавіта адмова ў беларускіх візах супрацоўнікам КНГ сталася прычынай рашэньня ЭЗ не даваць візы васьмі найвышэйшым беларускім чыноўнікам. Тут пазыцыя Эўрапарлямэнту застаецца жорсткай:

(Віерсма: ) “Мы таксама спадзяемся, што прэзыдэнт і ўрад Беларусі разумеюць, што мы хочам, каб мандат місіі АБСЭ заставаўся нязьменным — падтрымка дэмакратычнага разьвіцьця ў краіне і маніторынг на падставе рашэньня Стамбульскага саміту АБСЭ”.

Пэўныя спадзяванні дэлегацыя Эўрапарлямэнту ўскладае на будучыя мясцовыя выбары ў Беларусі, якія ўлады маюць шанец правесьці больш дэмакратычна, чым папярэднія парлямэнцкія і прэзыдэнцкія. Эўразьвяз гатовы адэкватна адказаць на любы пазытыўны крок Менску, у тым ліку ў галіне эканамічнага супрацоўніцтва, але беларускія ўлады павінныя першымі зрабіць крок насустрач.

Ужо цяпер у праект бюджэту Эўразьвязу на будучы год унесены пункт аб фінансаваньні закупак новага абсталяваньня для беларускіх анкалягічных шпіталяў. Спадар Віерсма такасама заявіў, што Брусэль гатовы нарошчваць супрацоўніцтва з тымі структурамі ў Беларусі, якія адстойваюць дэмакратычныя каштоўнасьці і арыентуюцца на Эўропу.
XS
SM
MD
LG