Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ВЫСТУПІЎ ЗЬ ЛЕКЦЫЯЙ ПЕРАД СТУДЭНТАМІ БЕЛАРУСКАГА ДЗЯРЖАЎНАГА ЭКАНАМІЧНАГА ЎНІВЭРСЫТЭТУ


Ганна Соўсь, Менск

Аляксандар Лукашэнка пачаў чытаць цыкль лекцыяў для студэнтаў беларускіх ВНУ. Звычайна гэта практыкуюць былыя прэзыдэнты.

Першая лекцыя Лукашэнкі прайшла ў 5-м корпусе Беларускага эканамічнага ўнівэрсытэту, што на вуліцы Сьвярдлова. Як патлумачылі мне студэнты, гэты будынак абралі, напэўна, таму, што нядаўна тут быў зроблены эўрарамонт.

Аднак жа да прыезду прэзыдэнта тут падрыхтаваліся адмыслова. За мінулую ноч пафарбавалі лесьвіцу, у калідоры паставілі жывыя кветкі, у студэнцкую сталоўку завезьлі гародніну. З галоўнага корпусу ўнівэрсытэту прывезьлі трыбуну. Прайсьці ў будынак унівэрсытэту можна было толькі па студэнцкіх пасьведчаньнях і адмысловых запрашэньнях. Іх атрымалі толькі старасты групаў, выдатнікі і актывісты маладзёвых арганізацыяў. Карэспандэнту Радыё Свабода не дазволілі зайсьці нават у будынак унівэрсытэту. Гавораць студэнты, якія ня трапілі на лекцыю Лукашэнкі:

(Студэнтка: ) “Студэнтаў, якія трапілі на гэтую лекцыю, загадзя папярэдзілі, што казаць, далі ўстаноўку. Туды пайшлі толькі абраныя”.

(Другая студэнтка: ) “Падрыхтавалі пытаньні, каб гучалі прыгожа, каб не было сорамна. Каб не было правакацыйных пытаньняў”.

Лекцыя павінна была распачацца аб 11-й гадзіне, але Лукашэнка затрымаўся на паўгадзіны. Ягоная сустрэча са студэнтамі цягнулася больш за 4 гадзіны. Спачатку ён выступіў з паведамленьнем пра сацыяльна-эканамічную сытуацыю ў краіне, а потым пачаў адказваць на пытаньні студэнтаў.

Дзесьці апоўдні з будынку выйшла галоўная лекарка лечкамісіі Ірына Абельская і села ў Лукашэнкаў “Мэрсэдэс”б дзе і прачакала кіраўніка Беларусі амаль дзьве гадзіны.

Хацелі пабачыць Лукашэнку яшчэ некалькі дзясяткаў студэнтаў. Яны стаялі ў Міхайлаўскім сквэры насупраць – гэтае месца ім параілі ахоўнікі кіраўніка дзяржавы. Студэнты мерзьлі й актыўна абмяркоўвалі ініцыятыву Лукашэнкі выступаць зь лекцыямі.

(Студэнт: ) “Потым у БДУ, у БДУІР пойдзе”.

(Другі студэнт: ) “Хоча падвысіць рэйтынг сярод студэнтаў”.

(Трэці студэнт: ) “Я ня ведаю, пра што ён будзе чытаць лекцыю. Ён жа гісторык паводле адукацыі. Няўжо па эканоміцы? Можа, па беларускай гісторыі? Хутчэй за ўсё, будзе проста за жыцьцё гаварыць”.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі са студэнтамі доўжылася больш за чатыры гадзіны, і першай рэакцыяй многіх, хто выходзіў з залі, была наступная:

(Студэнтка: ) “Чатыры з паловай гадзіны хацела ў прыбіральню!”

Уражаньні былі самыя розныя. Некаторыя студэнты канспэктавалі найбольш яркія выказваньні Лукашэнкі.

(Студэнтка: ) “Для мяне незвычайным было тое, што прэзыдэнт можа свабодна гаварыць зь людзьмі й адказвае на любое пытаньне. Гаварыў тое, што думаў”.

(Другая студэнтка: ) “Ён вельмі добра абышоў пытаньне наконт трэцяга тэрміну. Яго запыталі, ці пойдзе на трэці тэрмін і запляскалі гэтаму пытаньню, і ён сказаў, што калі вы апладзіруеце, то так”.

(Студэнт: ) “Было вельмі весела. Ён шмат разоў лажануўся, сказаў “фігня”б “адмарозкі”.

(Студэнтка: ) “Зачытаю адну цытату: “Хай чэхі ведаюць, што мы не такія адмарозкі, як яны, іхны ўезд да нас мы не прыкрыем”. Ён казаў, што тую ядзерную зброю, якую мы затрымалі на мяжы, што яна ў яго яшчэ ёсьць, і калі захочуць, то ён можа каму-небудзь яе прадаць”.

Што найбольш уразіла студэнтаў – гэта колькасьць службоўцаў аховы Лукашэнкі, якія перакрылі праход амаль ва ўсім корпусе ўнівэрсытэту. Студэнтам не дазвалялі адчыняць вокны, хадзіць па калідорах, а тыя, хто выходзілі з будынку, ужо больш не маглі туды вярнуцца.

Па часе Лукашэнка зьбіраецца выступіць зь лекцыямі ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі й радыёэлектронікі.
XS
SM
MD
LG