Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕАНІД ДРАНЬКО-МАЙСЮК: “РЭЧАІСНАСЬЦЬ НЯ МОЖА ВУЛЬГАРЫЗАВАЦЬ ПАЭТА”


Міхась Скобла, Менск

Беспрацоўны журналіст ці беспрацоўны настаўнік — зьява даволі звыклая для беларускага грамадзтва. А вось беспрацоўны паэт — гучыць пакуль што экзатычна. Хоць пасьля сёлетняга грубага рэфармаваньня дзяржавай выдавецкай сфэры на вуліцы апынулася нямала літаратурных работнікаў. Сяму-таму давялося перакваліфікавацца на іншы спосаб здабываньня сродкаў для існаваньня. Паэт Леанід Дранько-Майсюк працы так і не знайшоў, затое нядаўна выдаў новую кнігу паэзіі “Паэтаграфічны раман”.

(Міхась Скобла: ) “Леанід, пра кнігу мы пагаворым трошкі пазьней, а найперш пра тое, як удаецца выжываць. Вольны мастак — гэта няблага, але ж ёсьць сям’я, ёсьць гэткі празаічны панятак, як хлеб надзённы. Ці табе ўдаецца зарабляць на жыцьцё вершамі?”

(Леанід Дранько-Майсюк: ) “Гэта тая дзівосная сытуацыя, паводле якой, сапраўды, на жыцьцё я зарабляю сваёй паэзіяй. Апошнім часам даводзіцца шмат выступаць, езьдзіць па ўсёй Беларусі з чытаньнем вершаў. Гэта ўзбагачае прастору майго творчага існаваньня й падмацоўвае мяне матэрыяльна”.

(Скобла: ) “А чаму ты звольніўся зь дзяржаўнага выдавецтва?”

(Дранько-Майсюк: ) “Да 1 ліпеня 2002 году існавалі два беларускія выдавецтвы — “Мастацкая літаратура” й “Юнацтва”. Найвышэйшаму кіраўніцтву захацелася, каб яны ператварыліся ў нешта адно. Вядома, калі адбываюцца такія аб’яднаньні, заўсёды зьяўляюцца лішнія людзі, якім няма куды падзецца. У выпадку з выдавецтвамі гэта былі выдатныя прафэсіяналы — мастакі, рэдактары, карэктары.

І я вырашыў сысьці, бо, застаўшыся бяз працы, я буду сябе лягчэй пачуваць, чым нехта іншы. У аддзеле кадраў мне сказалі, што трэба дзеля таго, каб не перапыніўся стаж, стаць на ўлік у цэнтры занятасьці, што я й зрабіў. Афіцыйна я зарэгістраваны ў якасьці беспрацоўнага на біржы Цэнтральнага раёну гораду Менску”.

(Скобла: ) “І як ставяцца ў цэнтры занятасьці да беспрацоўнага паэта, якую працу табе прапанавалі?”

(Дранько-Майсюк: ) “Там працуюць вельмі мілыя і ўважлівыя людзі, адмыслоўцы сваёй справы. Да мяне адносіны паважлівыя, і я задаволены тым раманам, які ў мяне склаўся з інспэктарамі. Мы дамовіліся, што я сваёй паэзіяй буду ахоўваць кветкі ў сталічным Батанічным садзе”.

(Скобла: ) “Табе прапанавана быць там вартаўніком?”

(Дранько-Майсюк: ) “Так, і ахоўваць кветкі паэзіяй — гэта найвышэйшае мастацтва вартаўніцтва”.

(Скобла: ) “Галоўная тэма тваёй новай кнігі “Паэтаграфічны раман” — паэт і ягоная неадпаведнасьць сацыяльнай і палітычнай будзённасьці. Мы ведаем, што зьяўляецца й нараджаецца, калі паэт не адпавядае гэтай самай будзённасьці: не адпавядалі Янка Купала й Ларыса Геніюш, Аляксандар Блок і Васыль Стус… А што бывае, калі паэт адпавядае рэчаіснасьці?”

(Дранько-Майсюк: ) “Калі паэт адпавядае па ўсіх парамэтрах, сацыяльных, маральных і палітычных, рэчаіснасьці, тады такі паэт ператвараецца ў палітычнага падтанцоўшчыка, тады ён з творчай асобы паволі, але няўхільна ператвараецца ў чалавека абслугі. Такіх прыкладаў шмат у гісторыі літаратуры. І самы клясычны й сумны прыклад у гэтым сэнсе — трагедыя Маякоўскага”.

(Скобла: ) “А мне прыгадаўся наш Міхась Стральцоў і ягоны радок ці не пра самога сябе: “Абраньнік сонечнага Фэба”. Вось жа — таксама не адпавядаў, але й у Мазырскім лекава-працоўным прафілякторыі застаўся абраньнікам Фэба... Я чытаў тваю кнігу й падкрэсьліваў як бы нехарактэрныя для ранейшага Дранька-Майсюка радкі накшталт: “Хочаш, браце, мякка спаць і смактаць каньяку, дык умей тады лізаць у начальства…” — і далей у рыфму. А ці можа рэчаіснасьць вульгарызаваць паэта?”

(Дранько-Майсюк: ) “Я не лічу, што рэчаіснасьць можа вульгарным чынам уплываць на паэта. Усё залежыць ад той ці іншай жыцьцёвай і творчай сытуацыі. Дарэчы, мая кніжка “Паэтаграфічны раман” зьяўляецца адлюстраваньнем той маральнай і палітычнай сытуацыі, якая вельмі істотна паўплывала на жыцьцё й лёс паэта Ўладзімера Някляева, у выніку чаго ён быў вымушаны пакінуць Беларусь і апынуцца спачатку ў Польшчы, а потым у Фінляндыі.

Мая кніжка —гэта яшчэ і водпаведзь тым людзям, якіх Някляеў узяў на працу, дзеля якіх памяняў эстэтычны накірунак часопіса “Крыніца”, якім стварыў выдатныя творчыя ўмовы працы. Але, на вялікі жаль, некаторыя сябры таму й становяцца былымі, бо валодаюць талентам здраджваць сяброўству. Таму новая лексыка ў маёй кнізе, гэтак званыя нецэнзурныя выразы выкліканыя творчаю неабходнасьцю, умовамі, у якіх кніга нараджалася”.

(Скобла: ) “Ты разважаў пра адпаведнасьць і неадпаведнасьць паэта будзённасьці. А калі на іншы лад: паэт павінен адпавядаць мэнтальнасьці народу, і ня толькі паэт, але й прэзыдэнт таксама. Можа, усе нашыя беды й праблемы апошніх гадоў ад таго, што — не адпавядае. Прэзыдэнт у нас даволі тэмпэрамэнтны, а народ — пераважна рахманы”.

(Дранько-Майсюк: ) “Паэт не павінен думаць пра сваю адпаведнасьць мэнтальнасьці народу. Калі ён сапраўдны паэт, то ён адпавядае ад нараджэньня, па сутнасьці сваёй. Гэта ня той філязофскі пастулят, пра які паэт павінен штодня дбаць: адпавядаць ці не адпавядаць.

Янка Купала пра гэта ня дбаў, ён проста жыў, творча існаваў. Ён —самае дакладнае ўвасабленьне беларукага народу, ягоных мужнасьці, працавітасьці, трагедыі й, магчыма, ягонай пасінасьці. Нейкай частцы беларускага народу прэзыдэнт Лукашэнка адпавядае. Але я належу да той вялікай часткі нашага народу, паміж якой і кіраўніком дзяржавы існуе бяздонная прорва”.

(Скобла: ) “У М.Багдановіча паветра —“у струнах сонца залатых”. У Я.Коласа яно —густое, хоць наразай скібамі. Ты ж, я цытую з “Паэтаграфічнага раману, адчуў “мэтал у паветры беларускага жыцьця”. Аднак мэталы бываюць розныя: высакародныя, цяжкія, каляровыя… Якіх зь іх больш у беларускім паветры?”

(Дранько-Майсюк: ) “Беларускае паветра —зьява прыгожая й паэтычная. Яно ёсьць і застанецца зьявай абсалютнай творчай энэргетыкі. Дзякуй Богу, акрамя мэталёвасьці, у нашым паветры існуе паэтаграфія — як стыхія адносінаў, якая аб’ядноўвае творцаў. Паэтаграфія — як жыцьцё, упрыгожанае творчасьцю. Паэтаграфія — як сонечны бок неабходнага багемнага існаваньня ў творчасьці.

Калі згадваць такіх творцаў, як Уладзімер Някляеў, то мэтафарычна ім адпавядае золата. А калі думаць пра нятворцаў, якія імкнуцца быць творцамі, то яны — уладальнікі вечна фальшывага золата”.

(Скобла: ) “У тваёй спробе пашукаць у паветры элемэнты табліцы Мендзялеева бачыцца рацыянальны падыход. А вось той стан духоўнага прасьвятленьня, яднаньня душы чалавека й прыроды, стан, названы японскім паэтам Мацуа Басё саторы, наколькі гэты стан знаёмы табе й ці не зьяўляецца ён сёньня раскошай, недасягальнай для сучаснага творцы?”

(Дранько-Майсюк: ) “Гэты стан я імкнуся ствараць для сябе кожны дзень. Увогуле мне вельмі блізкі той прынцып існаваньня, паводле якога ты штодзень павінен ствараць сабе добры настрой — для творчасьці й для тых людзей, якія жывуць побач. А найбольш дакладны адказ на тваё пытаньне ў гэтым маім вершы:

Сваё апошняе каханьне,
Незразумелае такое,
Аддаць магчыма за жаданьне
Жыць, як парнасец, у спакоі.

Няма найлепшага нічога
За гэта сьветлае трызьненьне,
Калі крыштальная трывога
Цалуе рукі і калені;

Калі зьбіраесься пакуты
Ад радасьцяў былых адрозьніць,
Тады ня дзенесься нікуды
І будзеш маладосьці помсьціць;

Калі, як вір, у цемры ночы
Цябе шукае позірк нейчы,
Тады радзімы голас воўчы
Усё адно, што чалавечы”.

(Скобла: ) “Воўчы голас радзімы… Але вось фэномэн — эміграцыя, ад якой паэт зазнае пакуты, у творчым пляне ідзе яму на карысьць. Прыкладаў больш чым дастаткова: Арсеньнева, Жылка, Сяднёў…”

(Дранько-Майсюк: ) “Сказана: хлеб эміграцыі горкі, салодкім быць ён ня можа. У жыцьцёвым сэнсе, бясспрэчна, эміграцыя для творцы — трагедыя. Аднак жа аднак… У творчым — мабыць, гэта своеасаблівае шчасьце.

І Някляеў на чужыне шмат працуе, за апошнія тры гады ён стварыў ня толькі сваю выдатную паэму “Палянэз” (“Дзеяслоў”, №1, 2002), але й напісаў вялікую па аб’ёме кнігу цудоўнай прозы. І для нашай сучаснай літаратуры гэта будзе па-сапраўднаму новае слова. Новы празаічны далягляд някляеўскі нарадзіўся менавіта ў эміграцыі.

Я нікому, у тым ліку сабе, не пажадаў бы апынуцца на эміграцыйнай высьпе, але ня ўсё нам падуладна, і часам здараецца так, што мы — мацнейшыя за нейкія абставіны, а жыцьцё мацнейшае за нас. І ў выніку гэтага мы садзімся ў эміграцыйны цягнік”.

(Скобла: ) “Эміграцыя нагадвае старасьць, калі ты застаўся жыць — ужо бяз блізкіх і сяброў. Я не хачу гаварыць пра фізычны ўзрост — цела, звычайна, не супадае ў старэньні з душой. Пушкін незадоўга да сьмерці прызнаўся, што адчувае сябе тысячагадовым старцам. А што дае старасьць паэту — самазаспакаеньне, майстэрства, ці той стан саторы, пра які мы згадвалі?”

(Дранько-Майсюк: ) “Старасьць — зьява дастаткова страшная. Гэта згасаньне, разбурэньне ня толькі цела, але й, што страшней, розуму й інтэлекту. Цікава, што Максім Багдановіч не дажыў да старасьці, Янка Купала ўбачыў старасьць, Якуб Колас зжыўся зь ёю, а Кандрат Крапіва быў старасьцю зьедзены. Вельмі часта здараецца, што старасьць — поўная адсутнасьць творчасьці, як у гэтых маіх радках: “Але ў канцы жыцьця, як не складаеш вершы, тады й жывеш! Апошні ўздых і ёсьць твой верш найлепшы, найгеніяльны верш…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG