Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРУГЛАЕ


Марыя Ўсьціновіч, Круглянскі раён

Круглае – звычайны гарадзкі пасёлак, цэнтар сельскага раёну на мяжы Магілёўскай і Віцебскай абласьцей. Мясцовыя жыхары лічаць, што яны жывуць на ўскрайку цывілізацыі і зь цяжкасьцю ўзгадваюць нейкія адметнасьці свайго краю.

Між тым, на гэтай зямлі жылі легендарныя асобы. Генэрал Чарняеў стаў героем Сэрбіі пасля вайны з туркамі. На Кругляншчыне, у маёнтку вёскі Лыскаўшчына правёў апошнія гады свайго жыцьця вядомы расейскі мастак-перадзьвіжнік Мікалай Неўраў – рэпрадукцыі яго карцін на сацыяльныя тэмы былі ў кожным савецкім падручніку.

* * *

Круглае – гэта бадай што адзіны раённы цэнтар Магілёўшчыны, дзе зараз заяўляюцца акцыі дэмакратаў. Актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі (а гэта асноўная палітычная сіла ў раёне) хочуць прыцягнуць увагу да цяжкага становішча ў сельскіх гаспадарках.

Людзі там не атрымліваюць грошы месяцамі, і калгасы прызвычаіліся разьлічвацца зь сялянамі безнаяўным чынам, тлумачыць лідэр круглянскай арганізацыі АГП Аляксандар Булаўкін.

(Булаўкін: ) “Самае вялікае незадавальненьне ў тым, што яны ня могуць атрымаць сваё ўзнагароджаньне за працу наяўнымі грашыма. Усе іх грошы перадаюцца ў крамы аблспажыўсаюзу. У гэтых людзей ствараецца маса праблем. Іх выклікаюць у суды і праз суд спаганяюць з іх аплату за камунальныя паслугі”.

Актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі гавораць, што адзінае выйсьце – гэта правільная сельская рэформа, у выніку якой калгасы, сельскія гаспадаркі атрымаюць свабоду і будуць самі распараджацца сваёй прадукцыяй.

Да гэтых праблем імкнуўся прыцягнуць увагу пікет, які ня так даўно адбыўся на стадыёне ў райцэнтры. Пазьней шэсьце, прысьвечанае абароне правоў сялянаў, улады забаранілі. Райвыканкам заявіў, што шэсьце перашкодзіць працы людзей, у прыватнасьці, на будаўніцтве дома, побач зь якім плянавалі прайсьці ўдзельнікі шэсьця.

Круглянскія дэмакраты падалі ў суд і выйгралі справу. Гэта быў першы палітычны судовы працэс у раёне, і ён стаў сэнсацыяй мясцовага маштабу.

Аляксандру Булаўкіну давялося давесьці судзьдзі наступнае:

(Булаўкін: ) “Мне непрыемна абараняць свае канстытуцыйныя правы ў нашай свабоднай дэмакратычнай краіне сёньня ў судзе”.

Пракуратура падтрымала дэмакратаў, і суд не ўхваліў парушэньня канстытуцыйных правоў. Цяпер актывісты АГП рыхтуюцца да новай акцыі.

* * *

Аляксандар Булаўкін, 38-гадовы кіраўнік арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Круглым, у савецкі час працаваў палітработнікам ва ўзброеных сілах, інструктарам камсамольскай работы. Праводзіў сходы і гутаркі з салдатамі, а потым выходзіў з “чырвонага пакоя” і меркаваў, а ці патрэбна гэта хоць некаму.

(Булаўкін: ) “Калі я ўпершыню ўбачыў, што мы адыйшлі ад камуністычнага рэжыму, аднак жыць, тым ня менш, чамусьці стала горш. Хаця, здавалася б, у нас добры сусед Польшча – і там яны падымаюцца. Прыбалты таксама. Ну чым мы горш як людзі?”

Аляксандар Булаўкін верыць у тое, што і ў Беларусі магчыма навесьці парадак, палегчыць жыцьцё народу. Хаця людзі, лічыць Аляксандар, ніяк ня могуць перамагчы страх перад уладай, і свае меркаваньні выказваюць толькі на цалкам бясьпечнай тэрыторыі ўласнай кухні. На вуліцы яны маўчаць і трываюць.

Да прыкладу, адно з самых вялікіх сёлетніх уражаньняў Булаўкіна – гэта вёска Радча, непадалёк ад раённага цэнтру. Аляксандар распавёў, што людзі там гатавалі сабе ежу на вогнішчах, бо ў іх не было грошай і не было газу.

(Булаўкін: ) “І калі я стаў зь імі гутарыць, у адказ на пытаньне “У вас ёсьць праблемы?” яны адказалі: “Не, будуць грошы – набудзем балён”. Яны нічым не абураюцца, і гэта самае страшнае”.

* * *

Жыхары раённага цэнтру скардзяцца, як і паўсюль, на недахоп грошай. Як пракарміць сям’ю і дзяцей, жанчыны актыўна абмяркоўваюць у чэргах – напрыклад, за хлебам, які прывозяць з Магілёва ў Круглае. Ён больш смачны і танны. Астатнія тавары кргуглянцы прызвычаіліся цяпер набываць у прыватных крамах, а не ў дзяржаўных, дзе ўсё вельмі дорага.

Жыхарка Круглага Ларыса ведае, як забяспечыць сваю сям'ю харчаваньнем зь вітамінамі.

(Спадарыня: ) “Гэта калі свой агарод. Тады вітаміны і ўсё астатняе. А набыць усё гэта ў асноўным няма грошай”.

Ларыса ня лічыць сябе беднай жанчынай, у яе сям'і – сярэдні ўзровень дабрабыту райцэнтру. А ў яе цукеркі толькі ў сьвяты. Шмат знаёмых жанчын жывуць яшчэ з большымі штодзённымі харчовымі абмежаваньнямі.

(Ларыса: ) “Яны ня бачаць белага хлеба. У асноўным чорны набываюць. Таму што белы – гэта гэта ўжо вельмі шыкоўна для іх!”

* * *

У сельскай мясцовасьці Кругляншчыны шмат вёсак, якія паступова занепадаюць. У вёсцы Міхейкава, да прыкладу, на адной з вуліц было 70 двароў, цяпер засталося толькі 10.

Заняпад Міхейкава пачаўся гадоў 20 таму, калі ў гарадах спатрэбіліся рабочыя рукі. Жыхар вёскі Пётар Сальнікаў памятае часіны, калі з Міхейкава зьяжджалі на вялікія заводы цэлымі сем'ямі.

(Сальнікаў: ) “Кожны бацька для сваіх дзяцей дрэннага не жадае. Ён тут нядрэнна атрымліваў і казаў: маўляў, яжджай, дзетачка, да гораду, а я табе колькі змагу, да канца сваіх дзён дапамагу. Так дзетачкі і ехалі”.

Калісьці ў Міхейкава зьбіралася дзьве футбольныя каманды, а цяпер маладых няма, а ў старых засталася адная забава – “скрыня”, тэлевізар.

Бабуля, якая сядзіць на лаўцы, скардзіцца, што калі раней на ўсю вёску кароваў было два статкі, то цяпер засталося толькі сем кароваў. Сіл у старых не стае, каб трымаць жывёлу, і наступны годам бабуля, у якой памёр муж, як яна кажа – гаспадар, таксама вырашыла адмовіцца ад каровы.

(Спадарыня: ) “А можна было б жыць, карову трымаць. Карова – мамка-карміліца, з каровы і жыць можна, але трэба працаваць. Можна было б жыць, але сілы няма”.

У Міхейкаве праз адну хаты стаяць пустыя. Бабулі без асаблівага энтузіязму абмяркоўваюць далейшыя пэрспэктывы вёскі.

(Бабуля: ) “Атамром, і што тут будзе… тады і ня ведаем. Можа горад тут пабудуюць, ці што… Тады ж усё казалі, што адзін дом пабудуюць і будзе ў ім уся вёска жыць разам. Дык гэтага не дачакаліся мы”.

* * *

Жыхар Міхейкава Пётар Сальнікаў прадстаўляе ў Круглянскім раёне Беларускі Гельсынскі камітэт. Хаця прызнаецца, што пакуль ня мае шмат працы. Пётар тлумачыць гэта тым, што людзі ня хочуць увогуле мець з уладай нейкія справы і ня бачаць магчымасьцяў нешта даказаць чыноўнікам ды начальнікам.

Пётар Рыгоравіч яшчэ ня так даўно быў фэрмэрам, потым яго абвінавацілі ў нерацыянальным выкарыстаньні зямлі і адабралі яе. Ён тлумачыў, што калі землі няўрадлівыя, то больш выгадна не араць іх, а зрабіць пашу. Аднак ніхто ня слухаў, устаноўкі былі іншыя.

Цяпер Сальнікаў мае толькі гектар зямлі, яшчэ адзін арэндуе. З гэтага жыве і харчуецца – гаворыць, што яму хапае.

Дэмакратычныя перакананьні Сальнікава склаліся ў савецкія часіны. Яшчэ да фэрмэрства Пётар Рыгоравіч працаваў у калгасе ў адпаведнасьці з адукацыяй інжынэра-мэханіка. Аднак са здзіўленьнем даведаўся, што нікому не патрэбныя яго веды, а трэба было толькі пільнаваць мэханізатараў і сачыць за іх цьвярозасьцю.

(Сальнікаў: ) “Я працаваў у гаспадарцы і бачыў вялікую колькасьць прыкладаў, калі рабілася з уронам справе, выгадна ці нявыгадна гаспадарцы. Калгасьнікі лічылі, што яны гаспадары таго, што ёсьць у калгасе, але аказвалася, што гэта ня так”.

Таму Пётар Рыгоравіч больш за дзесяць гадоў таму стаў сябрам сялянскай партыі. Паводле яго назіраньняў, за мінулы час шэрагі дэмакратаў на Кругляншчыне парадзелі. Хаця, лічыць дэмакрат, людзі не памянялі свае перакананьні, проста яны іх не выяўляюць адкрыта, каб не нашкодзіць сваёй сям’і і сабе.

* * *

(Сальнікаў: ) “Усе любяць жыць прынцыпам “Я начальнік – ты дурань, ты начальнік – я дурань”. Гэты прынцып у нас у раёне апошнім часам вельмі добра сябе праявіў”.

Год таму кіраўніком “вэртыкалі” Круглянскага раёну быў прызначаны 40-гадовы Дзмітры Гобараў – чалавек, як кажуць, амбіцыйны і жорсткі. Ад абласной улады ён атрымаў дазвол дзейнічаць любымі мэтадамі, каб дабіцца выкананьня паказчыкаў.

Гобараў пачаў з абнаўленьня кадраў. Круглянскія дэмакраты ўважаюць дзеяньні новага раённага начальніка за барацьбу зь іншадумствам. Толькі ў сельскай гаспадарцы з васьмі кіраўнікоў зьмянілася чатыры.

Пётар Сальнікаў лічыць, што гэтыя людзі ды іншыя кіраўнікі не дагадзілі сваімі перакананьнямі.

(Сальнікаў: ) “Жыцьцё паказала, што калі ты маеш перакананьні, адрозныя ад агульнапрынятых, ты становішся няўгодным уладзе. Паказаў свае перакананьні – значыць, ты вораг народу. Усё! Каму гэта патрэбна?”

* * *

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Круглянскім раёне ў агітацыі і назіраньні бралі ўдзел маладыя людзі, якія жадаюць працягваць справу і на наступных выбарах у мясцовыя саветы.

Аляксандар Булаўкін ужо заявіў аб сваім жаданьні балятавацца ад Круглянскай арганізацыі АГП у раённы савет дэпутатаў.

(Булаўкін: ) “Я не прытрымліваюся мэты нешта перавярнуць у краіне. Я прытрымліваюся мэты садзейнічаць стварэньню прававой дзяржавы”.

Захады палітычных партый дэмакратычнага накірунку, гаворыць Аляксандар, улады ігнаруюць, а самі бязьдзейнічаюць.

(Булаўкін: ) “Я некалькі разоў меў гутаркі са старшынём райсавету. Дэпутаты, яны усё разумеюць. Але адказваюць простым сказам: “А мы нічога ня можам зрабіць.” Я кажу: “Дык вы ж прызначаныя для гэтага”. “Ну і што?” “А што вы ўвогуле робіце?” “Нічога”.

Пётар Сальнікаў падтрымлівае імкненьне маладых людзей – і з АГП, і мясцовых сацыял-дэмакратаў – ісьці на выбары. Хаця і ацэньвае шанцы як мінімальныя. Разам з тым ён лічыць, што толькі такім чынам можна праверыць людзей – хто на што здатны.

(Сальнікаў: ) “Не байкоты патрэбныя, а праца. Тады будзе рух: нехта сыходзіць, а зьяўляецца моладзь. Удзел у выбарах – гэта неабходнасьць, каб не застойвалася кроў!”

* * *

Жыве ў Круглым актывістка, якая лічыць наступныя выбары ў мясцовыя саветы марнаваньнем грошай, таму што ўсе ведаюць дакладна, хто і як кіруе гэтай краінай. Але менавіта ад Зінаіды Мялешчанкі, круглянскай паэткі і рэдактаркі недзяржаўнай грамадзка-палітычнай газэты “Прамень”, дэмакраты напярэдадні новай палітычнай кампаніі нібыта сілкуюцца аптымізмам і ўпэўненасьцю ў слушнасьці сваёй справы.

Зінаіда называе сябе “дысыдэнтам са стажам”. Бунтарства ў яе ў крыві. Сям’ю бабулі раскулачылі, і на знак пратэсту тая адмовілася працаваць у калгасе.

(Мялешчанка: ) “Бабуля ніводнага дня ў калгасе не працавала. Атрымлівала 13 рублёў 10 капеек за сына, які загінуў, але кланяцца нікому не хацела”.

Гісторыю, якая ўцягнула Зінаіду ў дысыдэнцтва, яна называе банальнай. Пайшла набыць у краму каўбасы: на батоне была паперка – 2.20, а ёй прадалі па 5.20. Пацікавілася – ёй нахамілі, і жанчына напісала ў газэту “Праўда”. Высьветлілася, што каўбасу для інвалідаў і вэтэранаў прадаюць на камэрцыйнай аснове.

Зінаіда верыла ў справядлівасьць савецкай улады і спрабавала, як яна кажа, вывесьці на чыстую ваду афэрыстаў.

(Мялешчанка: ) “Я меркавала, што яны там наверсе ня ведаюць, таму трэба сказаць ім, і яны прыедуць і навядуць парадак. Вера ў вялікага, справядлівага і моцнага цара жыве ў народзе”.

Гісторыя доўжылася больш за тры гады. Зінаіда пазбавілася працы, давялося спазнаць шантаж, яе спрабавалі аб’явіць вар’яткай і ўгаворвалі зьехаць з раёну. Яна не скарылася.

(Мялешчанка: ) “Адно маё прозьвішча наводзіць жах на ўсё чынавенства Круглага”.

Зінаіда лічыць, што кожны павінен займацца сваёй справай, а яе справа – гэта літаратурная творчасьць. Яна вельмі занепакоеная тым, што творчыя людзі закінутыя, і ўсё іх жыцьцё залежыць ад чыноўнікаў.

(Мялешчанка: ) “А некаторыя і зусім памёрлі. Вось памёр з голаду Кунцэвіч з батонам у руках. Яму далі нейкі ганарар у газэце, ён прыехаў набыць батон, але ўжо ня здолеў... Памёр Міхась Кушняроў. Прападае ў нас Сьвета Варапаева, на дарозе працуе зь сярэдняй сцэцыяльнай адукацыяй. А яна ўвайшла нават у падручнік беларускай мовы са сваімі вершамі. Але ніхто ніколі пра іх ня ўспомніў”.

“Літаратурны пагост Кругляншчыны” – так называўся артыкул, які Зінаіда Мялешчанка напісала пра тое, што творчых людзей у Беларусі часьцей за ўсё любяць і шануюць толькі пасьля сьмерці.

* * *

Цяперашняе палітычнае жыцьцё Зінаіда Мялешчанка лічыць “донкіхоцтвам”, і гаворыць, што яна ня здольная, так бы мовіць, “ісьці на барыкады”. А вось самі дэмакраты ёй вельмі падабаюцца, яна хоча пра іх напісаць і такім чынам пакінуць свой адбітак у гісторыі.

Гэтая жанчына шкадуе народ, які, на яе думку, жыве бяз будучыні і ня ведае, дзеля чаго церпіць.

(Мялешчанка: ) “У нас страшна не таму, што мы бедна жывём, а страшна таму, што мы ня ведаем, куды ідзем”.

Яна мае прэтэнзіі да народу, які, ёй здаецца, баіцца ўсяго.

(Мялешчанка: ) “З гэтым народам мірным шляхам мы будзем 200 гадоў ісьці да свабоды”.

Яна, урэшце, суцяшае гэты народ прыкладамі з гісторыі.

(Мялешчанка: ) “Мы жывем ня ў самы страшны час, ня ў самы цяжкі і ня ў самы дзікі”.

Яна любіць гэты народ, таму вершы пра радзіму заўсёды піша па-беларуску, хаця мовы ня ведае. Апраўдваецца тым, што гэта ідзе знутры.

(Мялешчанка: ) “Беларуская мова, ты к продкам нябачныя ніці,
І к далёкім нашчадкам ад нас, ад жывучых, зварот.
На зямлі беларускай вы родную мову цаніце,
Бо пакуль жыве мова, жыве беларускі народ”.

Круглянская паэтка Зінаіда Мялешчанка заклікае памятаць пра простыя, але вельмі неабходныя рэчы.

(Мялешчанка: ) “Вы разумеце, само жыцьцё – гэта дар бясцэнны. Чым больш ты плачашся, тым больш вакол цябе нэгатыўнай энэргіі. А чалавек народжаны для таго, каб несьці сьветлае ў жыцьцё”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG