Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА АСНОВЕ КАНДЫТАРСКІХ ПРАДПРЫЕМСТВАЎ БЕЛАРУСІ ХУТКА БУДЗЕ СТВОРАНЫ ПЕРШЫ КАНДЫТАРСКІ ГОЛДЫНГ


Казімер Яноўскі, Гомель

Новае аб’яднаньне патрэбнае больш за ўсё гомельскаму кандытарскаму таварыству “Спартак”, менскай — “Камунарцы” і нараўлянскай фабрыцы “Чырвоны мазыранін”. Беларускія цукеркі ды іншыя салодкія вырабы выцясьняе цяпер расейская прадукцыя, якая шпаркімі тэмпамі ідзе на беларускі рынак.

Распавядае дырэктарка нараўлянскай фабрыкі “Чырвоны мазыранін” Аляксандра Гараніна:

(Гаранін: ) “Яна ня тое што ідзе, а запаланяе. У Гомельскай вобласьці ўжо болей за 40% прысутнічае расейскай прадукцыі. І ў цэлым у Беларусі яе шмат, і плынь гэта павялічваецца. Яна не заўседы найлепшая па якасьці. У расейскіх цукерках шмат харчовых дадаткаў, якія здароўя не дадаюць. Аднак расейская прадукцыя таньнейшая. Яна прыгожа аздобленая, бліскучая і танная”.

На думку дырэктаркі, аб’яднаньне трох кандытарскіх фабрык у голдынгавую кампанію дазволіць зьнізіць выдаткі на пакупку сыравіны й зрабіць толькі за кошт гэтага таньнейшымі беларускія цукеркі на 10–15%.

Мяркуецца, што кожная з фабрык будзе выпускаць свой асартымэнт прадукцыі. Гомельскі “Спартак” пакідае за сабою выпуск труфэляў, “Аэрафлоцкіх” цукерак. Менская “Камунарка” будзе спэцыялізавацца на цукерках кшталту “Чырвоная шапачка”, “Вавёрка”.

Такім чынам, гандлёвым дамам, што заключылі дамову з голдынгам, не спатрэбяцца ўжо паслугі кандытараў Расеі. Увесь асартымэнт прапануе кампанія “Беларускія прысмакі”.
XS
SM
MD
LG