Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАГІЛЁЎСКІМ УПРАЎЛЕНЬНІ АДУКАЦЫІ АБВЯРГАЮЦЬ МЕРКАВАНЬНІ АБ ПАЛІТЫЧНЫХ ПРЫЧЫНАХ АДМЕНЫ АЗДАРАЎЛЕНЬНЯ ДЗЯЦЕЙ У ЧЭХІІ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Знайсьці дакладную інфармацыю пра чэскую групу аказалася няпростай справай. Супрацоўнікі аддзелу аздараўленьня абласнога ўпраўленьня адукацыі адмаўляліся гутарыць з журналістамі й спасылаліся на распараджэньне начальства. На пытаньні пра лёс гэтай групы мог адказаць толькі першы намесьнік начальніка ўпраўленьня.

Мікалай Стральцоў, які курыруе адздараўленьне дзяцей у Магілёўскай вобласьці, настойвае на тым, што школьнікі з рэгіёну ў зімовы час паедуць на аздараўленьне толькі ў час вакацыяў. Паводле Стральцова, узровень ведаў навучэнцаў школ рэзка зьнізіўся, а таму ён цалкам згодны з новай пастановай Міністэрства адукацыі, якая рэглямэнтуе аздараўленьне.

Гэты дакумэнт забараняе вандроўкі дзяцей у іншыя краіны больш за 10 дзён без арганізацыі навучальнага працэсу. Чэскія партнэры, — сказаў Мікалай Стральцоў, — не змаглі прадаставіць магілёўскім дзецям школу, дзе б яны займаліся са сваімі настаўнікамі.

Акрамя паездкі ў Чэхію, адмененае аздараўленьне магілёўскіх дзяцей у Італіі.

Разам з тым прадстаўнік абласнога ўпраўленьня адукацыі даў зразумець, што можна рабіць і выключэньні з агульнага правіла. Аднак ня ў гэтым выпадку, — падкрэсьліў Мікалай Стральцоў. Ён выказаў незадавальненьне тым, што чэхі позна зьвярнуліся ва ўпраўленьне адукацыі, і тым, што для аплаты дарогі ня самым заможным сем’ям трэба было заплаціць сто даляраў.

Разам з тым Мікалай Стральцоў абвергнуў меркаваньні пра тое, што прычыны адмены вандроўкі маглі быць палітычнага характару.

Супрацоўнікі аддзелу аздараўленьня ў неафіцыйных гутарках называлі блюзьнерствам думку наконт адмены паездкі ў Чэхію з палітычных меркаваньняў, бо размова ідзе пра дзяцей і іх здароўе. Аднак гэтыя людзі таксама падкрэсьлівалі, што рашэньні прымаюць не шараговыя супрацоўнікі аддзелаў, а кіраўніцтва сфэры адукацыі й вобласьці.
XS
SM
MD
LG