Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГІЛЁЎСКІЯ ЎЛАДЫ АДМОВІЛІСЯ НАКІРОЎВАЦЬ ДЗЯЦЕЙ НА АЗДАРАЎЛЕНЬНЕ Ў ЧЭХІЮ


Валер Каліноўскі, Менск

Чэскае “Таварыства сяброў народаў Усходу” запрасіла на адпачынак у горы Есэнікі, што ля паўночнамараўскага гораду Шумперка, групу з 42 дзяцей 7–14 гадоў зь бедных сем’яў ці з дамоў-інтэрнатаў, якія раней ніколі не былі за мяжой, і трох настаўнікаў. Аздараўленьне было заплянаванае на 8–26 сьнежня, уключна з каляднымі святамі, якія вельмі цікава адзначаюцца ў Чэхіі.

Дзіцячую групу зьбіраў Магілёўскі гарвыканкам, і два тыдні перамовы аб паездцы ішлі пасьпяхова. Яшчэ ў мінулую пятніцу ў Магілёве запэўнівалі, што група здолее прыбыць на месца 8 сьнежня. Чэскія дабрачынцы знайшлі грошы нават на бэнзын для аўтобуса.

Аднак у мінулую сераду ў амбасаду Чэхіі патэлефанавалі з Магілёўскага аблвыканкаму і паведамілі, што паездка скасаваная, бо яна нібыта можа “пашкодзіць навучальнаму працэсу дзяцей”. Можна зразумець, якія пачуцьці гэтая вестка выклікала ў арганізатараў дабрачыннай паездкі і ў чэскай амбасадзе, якая была пасярэднікам. Хаця там яшчэ чакаюць афіцыйнай паперы з Магілёва, але разумеюць, што месца беларускіх дзяцей зоймуць іншыя, тыя ж дзеці з чэскіх рэгіёнаў, што пацярпелі ад сёлетняй паводкі.

У чэскай амбасадзе ад камэнтароў адмаўляюцца. Адносіны паміж Менскам і Прагай цяпер напружаныя. Пасьля адмовы ў чэскай візе А.Лукашэнку на саміт НАТО МЗС Беларусі ўсё яшчэ чакае прабачэньняў ад Чэхіі. А ўрад нядаўна ўхваліў рашэньне паступова адмаўляцца ад закупаў чэскага інсуліну для хворых на дыябэт.

Рашэньне магілёўскіх уладаў цалкам палітычнае, перакананы старшыня дабрачыннага фонду “Дзецям Чарнобылю” Генадзь Грушавы, бо дзяцей заўсёды накіроўвалі на аздараўленьне і падчас навучальнага году, пры ўмове, што зь імі едуць настаўнікі й праводзяць заняткі. Тры настаўнікі — гэта ўжо дастаткова, — лічыць Генадзь Грушавы.

(Грушавы: ) “Я перакананы на 100 адсоткаў, што гэта вынік таго, што адбылося некалькі дзён таму, калі нашага “галаву” не дапусьцілі туды ў Прагу. Дзеці зьяўляюцца ахвярамі гэтай самай палітыкі. Так бы мовіць, караюць не сваіх ворагаў, як яны лічаць, а фактычна ахвярамі зрабілі дзяцей. Гэта безумоўна ня акт, зьвязаны з клопатам аб дзецях, — наадварот. Я перакананы, Чарнобыль быў і застаецца для сёньняшняга рэжыму выключна картай, якая граецца не для будучыні гэтай нацыі, а для будучыні аднаго чалавека. Шкада, канечне. І прыкра”.

Генадзь Грушавы ўпэўнены, што магілёўскія ўлады раіліся з цэнтральнымі й пайшлі на гэты крок, каб дагадзіць Лукашэнку. Тут была памылка і дабрачыннай арганізацыі, якая супрацоўнічала з аддзеламі адукацыі выканкамаў, — лічыць спадар Грушавы.

Раней штогод зь Беларусі ў Чэхію на аздараўленьне накіроваліся чатыры-пяць групаў дзяцей агульнай колькасьцю звыш двухсот чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG