Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АДНОЎЛЕНЫ ВЫБАРЧЫ БЛЁК “САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫЧНЫ САЮЗ”


Ганна Соусь, Менск

Сёньня прадстаўнікі Сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”, Беларускай партыі працы і Беларускай партыі жанчын “Надзея” падпісалі заяву пра аднаўленьне дзейнасьці сацыял-дэмакратычнага саюзу, які быў створаны ў 1995 годзе, напярэдадні выбараў у Вярхоўны Савет 13 скліканьня. Гаворыць старшыня “Народнай грамады” Мікалай Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Шэсьць гадоў таму быў гвалтоўна перарваны працэс кансалідацыі сацыял-дэмакратычных сілаў, зараз мы гэты працэс пачынаем ізноў. Адметнасьць гэтага працэсу ў тым, што мы не пакідаем убаку ад яднаньня й адну з камуністычных партыяў. Зараз існуе й дзейнічае кафэдэрацыя “За сацыяльныя перамены”, гэта грамадзка-палітычны рух, куды ўваходзіць ужо каля 20 арганізацыяў, але на выбары нам патрэбная больш высокая ступень кансалідацыі, патрэбны палітычны блёк. Яго ўтвараюць тры партыі, і ён адкрыты для пашырэньня”.

Працягвае старшыня Беларускай партыі жанчын “Надзея” Валянціна Матусевіч:

(Матусевіч: ) “Затрымка з рэгістрацыяй паставіла нас у больш складанае становішча ў зьвязку зь мясцовымі выбарамі, і таму мы былі вымушаныя шукаць саюзьнікаў дзеля таго, каб цалкам не згубіць магчымасьць удзелу ў мясцовых выбарах. І прыйшлі да высновы, што на час выбарчай кампаніі можам утварыць адзіны блёк і ісьці разам на выбары ў мясцовыя саветы”.

Паводле беларускага заканадаўства, немагчыма юрыдычна стварыць выбарчы блёк, але, як зазначыў Мікалай Статкевіч, гэты саюз утвараецца дэ-факта. Партыі ўзгаднілі сьпісы патэнцыйных кандыдатаў у акругах, дамовіліся аб стварэньні агульных выбарчых штабоў.

Ці маюць намер далучыцца да гэтага выбарчага блёку іншыя сацыял-дэмакратычныя партыі Беларусі? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да старшыні выканкаму незарэгістраванай Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі Аляксея Караля.

(Кароль: ) “Мы пакуль не абмяркоўвалі такое пытаньне, і хутчэй за ўсё намеру далучыцца да саюзу ў нас ня будзе. Мы ня верым у дэмакратычны патэнцыял партыі Статкевіча. Па-другое, сацыял-дэмакратычны саюз, да якога далучаецца партыя Матусевіч, таксама перасьцерагае ад уступленьня туды, бо сход, на якім была абраная Матусевіч, мы лічым незаконным. Што тычыцца выбараў, то мы будзем браць у іх удзел, і Аб’яднаная сацыял-дэмакратычная партыя каардынуе сваю дзейнасьць зь іншымі дэмакратычнымі партыямі”.
XS
SM
MD
LG