Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАКРЫЦЬЦЁ “МЕСТНОГО ВРЕМЕНИ” - ПРАЦЯГ РАСПРАВЫ НАД НЕЗАЛЕЖНАЙ ПРЭСАЙ


Галіна Абакунчык, Менск

Сёньня мусіў выйсьці з друку чацьверты нумар газэты, аднак улады забаранілі яе выхад. Журналісты “Местного времи” сталі беспрацоўнымі, і на прэсавую канфэрэнцыю прыйшлі ў поўным складзе. Рашэньнем Менскага аблвыканкаму й Міністэрства інфармацыі рэгістрацыя штотыднёвіка ануляваная ад 21 лістапада. Гэтае рашэньне, а таксама працэдуру яго прыняцьця кіраўнік Цэнтру прававой інфармацыі БАЖ Міхаіл Пастухоў называе незаконным. Гаворыць Міхаіл Пастухоў:

(Пастухоў: ) “Заснавальнікі не паведамілі пра зьмену юрыдычнага адрасу, але ж для гэтага ў іх быў месяц. Парушэньня заканадаўства фактычна не было, таму гэта ёсьць свавольствам уладаў, якое працягваецца ў нашай краіне”.

Заснавальнікі газэты кажуць, што, паводле крыніцаў ва ўладных структурах, непасрэднае дачыненьне да закрыцьця штотыднёвіка маюць памочнік прэзыдэнта Іван Карэнда й намесьніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч. Ня выключана, што адной з прычынаў сталася сяброўства выдаўцоў з былым міністрам сельскай гаспадаркі Васілём Лявонавым і пачаткам выбарчай кампаніі. Гаворыць галоўны рэдактар “Местного времени” Анатоль Гуляеў:

(Гуляеў: ) “Набліжаюцца выбары ў мясцовыя органы ўлады, і нечая мудрая галава сьцяміла, што каб не дапусьціць ніякага ўплыву на тыя выбары, трэба прыняць рашэньне пра ліквідацыю газэты, каб ня мець праблемаў”.

Рэдакцыйны калектыў перакананы, што перасьлед “Местного времени” ёсьць працягам палітычнай расправы над недзяржаўнымі выданьнямі, якая пачалася з газэтаў “Пагоня” й “Рабочы”. Яны ня ўпэўненыя, што змогуць дамагчыся аднаўленьня рэгістрацыі выданьня, але намерваюцца адстойваць свае правы ў судзе.

Юрыдычным нонсэнсам выдаўцы называюць і тое, што скаргу пра незаконнасьць дзеяньняў Менскага аблвыканкаму яны могуць накіраваць толькі кіраўніцтву самога аблвыканкаму, якое прымала гэтае рашэньне.
XS
SM
MD
LG