Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ БУДУЦЬ ПАТРАБАВАЦЬ АДСТАЎКІ ГАРАДЗКІХ ЧЫНОЎНІКАЎ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня раніцай ля будынка Менгарвыканкаму сабраліся каля двух соцень прадпрымальнікаў, каб перадаць кіраўніцтву гораду свой калектыўны зварот. З 1 сьнежня пачынае дзейнічаць рашэньне Менгарвыканкаму, паводле якога прадпрымальнікі мусяць гандляваць толькі з касавымы апаратамі й пералічваць грошы на банкаўскі рахунак. Парушальнікам пагражае крымінальная адказнасьць і канфіскацыя тавару.

Кіраўнік аб’яднаньня “Прыватная ўласнасьць” Леанід Малахаў паведаміў Радыё Свабода:

(Малахаў: ) “Дзяржава памыляецца. Кішэня прадпрымальніка — гэта кішэня прадпрымальніка, а не дзяржаўная кішэня. Тыя сродкі, якія ён выкарыстоўвае ў сваёй працы, гэта ягоныя асабістыя сродкі. Дзяржава ня мае ніякага дачыненьня да гэтых сродкаў. Дзяржава зьяўляецца самым буйным суб’ектам гаспадараньня. Кантрольная функцыя таксама належыць дзяржаве, таму гэта нядобрасумленная канкурэнцыя з прадпрымальнікамі”.

Прадпрымальнікі абвінавачваюць улады ў падмане і вымаганьні грошай, якія ўлады зьбіраюць нібыта за навучаньне.

(Гандлярка: ) “Сабралі натоўп. Нічога ня чутна. Ніхто нічога не зразумеў. Сядзелі дзьве жанчыны і выпісвалі ордэры на суму 13 320 рублёў. Высьветлілася, што гэта сума за навучальны сэмінар. Тым, хто заплаціў, давалі паперачкі. Па іх стаяла чарга. Два тыдні абвяшчалі па радыё: “Хто не набудзе паперку, таму будзе буйны штраф”. Я спытала: “Калі ў мяне ня будзе гэтай паперкі, то мяне аштрафуюць?” Яны адказваюць, што гэтая паперка сьведчыць пра тое, што мяне вучылі на сэмінары. Усё зразумела. З нас садралі грошы, а за што?!”

(Прадпрымальніца: ) “Яны ня здолелі нам адказаць на нашыя пытаньні. То казалі, што гэты закон ужо ня дзейнічае, а новы не прыняты... Невядома, па якіх законах жыць. Яны прыйшлі нас навучыць таму, чаго ўжо няма”.

Праз дваццаць хвілінаў на плошчу Незалежнасьці прыехалі амаль усе міліцэйскія кіраўнікі з Маскоўскага і гарадзкога ўпраўленьняў. Яны ўгаворвалі людзей разысьціся.

Да людзей выйшаў чыноўнік з аддзелу гандлю гарвыканкаму. Ён паабяцаў, што, магчыма, сёньня на паседжаньні абмяркуюць гэтую сытуацыю, каб знайсьці нейкае выйсьце. Некалькім чалавекам дазволілі зайсьці ў будынак, каб перадаць зварот старшыні гарвыканкаму. У звароце прадпрымальнікі патрабуюць спыніць перасьлед і пагражаюць, што будуць патрабаваць адстаўкі старшыні Менгарвыканкаму Міхаіла Паўлава ды іншых гарадзкіх начальнікаў.

Гандляры папярэдзілі, што ў панядзелак будуць бараніць тых, каго ўлады паспрабуюць пакараць за гандаль бяз касавага апарата.
XS
SM
MD
LG