Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПАДМАСКОЎНАЙ УРАДАВАЙ РЭЗЫДЭНЦЫІ ВАЛЫНСКАЕ ПРАЙШЛА СУСТРЭЧА АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ І ЎЛАДЗІМЕРА ПУЦІНА


Юры Дракахруст, Прага

У адрозьненьні ад папярэдніх сустрэчаў сёньняшняя, калі меркаваць паводле папярэдніх зьвестак, прайшла без нечаканасьцяў і скандалаў, не было, так бы мовіць, ані аддзяленьня мухаў ад катлетаў, ані прапановаў Беларусі ўвайсьці ў склад Расеі, ані іншых сюрпрызаў такога гатунку. Калі ўлічваць тло, на якім адбывалася сустрэча, яе можна разглядаць як пэўны посьпех кіраўніка Беларусі, які здолеў пазьбегнуць горшага. Тло гэта – надзвычай неспрыяльнае для кіраўніка Беларусі: Чэхія ня выдала яму візу для ўдзелу ў саміце НАТА, 14 краінаў Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі, менавіта сёньня пра забарону на ўезд у ЗША для 8 высокіх беларускіх урадоўцаў афіцыйна паведаміў Вашынгтон.

Ня выключана, што Пуцін паспрабаваў згуляць ролю выхавацеля беларускага кіраўніка ў адпаведнасьці з пажаданьнямі Захаду. Менавіта пасьля рамовы з расейскім прэзыдэнтам Лукашэнка паведаміў, што Беларусь гатовая ў любы момант распачаць перамовы з АБСЭ наконт мандату назіральнай групы гэтай арганізацыі. У прынцыпе афіцыйны Менск і раней казаў і нават патрабаваў ад АБСЭ падобных перамоваў. Аднак падобная заява, зробленая адразу ж пасьля перамоваў з Пуціным, можа азначаць, што пад ціскам Крамля Беларусь пагадзілася пайсьці на саступкі і вярнуць выгнаную з краіны групу АБСЭ.

На тле нядаўняга газавага канфлікту добрай весткаю прагучалі словы прэзыдэнта Пуціна аб тым, што ў наступным годзе патрэбы Беларусі ў газе будуць цалкам забясьпечаныя расейскімі пастаўкамі. Але камэнтар да гэтага абяцаньня прагучаў крыху двухсэнсоўна: Пуцін патлумачыў, што цана – гэта камэрцыйнае пытаньне, і яно не абмяркоўвалася. Аднак на самой справе галоўнае пытаньне як раз у гэтым, і нядаўні канфлікт, і ўвогуле ўся беларуская палітыка будавалася на танных цэнах на газ. Так што абяцаньне Пуціна гучыць умоўна: забясьпечым патрэбы, калі ў Беларусі будзе чым плаціць.

Пэўная двухсэнсоўнасьць прагучала і ў камэнтары Лукашэнкі наконт даволі жорсткага новага расейскага закону аб замежніках. Паводле Лукашэнкі, Пуцін сказаў яму, што дамова пра саюз мае большую юрыдычную сілу, чым закон, так што на беларусаў ён не распаўсюджваецца. Магчыма і так, але, як мы паведамлялі ў адной з нашых перадачаў, менавіта прапрэзыдэнцкія фракцыі ў Думе заблякавалі папраўку, якая рабіла выключэньне для грамадзянаў Беларусі.

Напярэдадні сёньняшняй сустрэчы паведамлялася, што галоўнай тэмаю стануць пытаньні “саюзнага будаўніцтва”, лёс канстытуцыйнага акту. Сёньня ж, прыехаўшы ў Маскву, пра гэта казаў і Лукашэнка. Ён падкрэсьліў, што пытаньняў з падпісаньнем канстытуцыйнага акту зь беларускага боку няма, але дадаў, што Беларусь у гэтай справе будзе прытрымлівацца дамовы аб саюзе.

Са свайго боку, Уладзімер Пуцін напярэдадні сустрэчы канстатаваў рознасьць падыходаў паміж бакамі. Варта прыгадаць, што некалькі месяцаў таму кіраўнік Расеі даслаў Лукашэнку ліст с просьбаю вызначыцца, які вырыянт інтэграцыі выбірае беларускі бок.

Выглядае, што адказ не прагучаў і на сёньняшняй сустрэчы. Паводле афіцыйных паведамленьняў, бакі дамовіліся падвысіць статус сумеснай камісіі па выпрацоўцы канстытуцыйнага акту. Паводле Пуціна, на перамовах высьветлілася разуменьне галоўнага – што працэсы будаўніцтва саюзнай дзяржавы мусяць быць працягнутыя. І ўсё. Але, здавалася б, усе апошнія месяцы афіцыйны Менск і Крэмль спрачаліся наконт таго, як весьці гэтае будаўніцтва. Больш за тое, паведамлялася, што беларускі праект канстытуцыйнага акту ўжо нават прадстаўлены расейскаму боку. Так падаецца, што спрэчка працягваецца і ніякай згоды па гэтым пытаньні не было дасягнута і сёньня.

Напрыканцы, варта зьвярнуць увагу на дзьве загадкавыя сэнтэнцыі Пуціна, якія прагучалі няпярэдадні сёньняшняй сустрэчы. Ён прынамсі сказаў, што Расея разглядае Беларусі, як незалежную дзяржаву, якая сама вызначае сваю палітыку, у тым ліку і ў адносінах з Расеяй. Ці гэта знак Захаду, што наўпрост кіраваць такім экзатычным саюзьнікам Масква ня можа, ці намёк на тое, што незалежная Беларусь ня будзе карыстацца льготамі, якія маюць расейскія рэгіёны, ці мяккая адмова ад ранейшай прапановы Беларусі ўвайсьці ў склад Расеі?

Лукашэнка напачатку сустрэчы шмат казаў пра сваю ўпэўненасьць у тым, што Расея “ня здасьць” Беларусь. А ў адказ ізноў пачуў загадкавае: Расея так шмат аддала за апошняе дзесяцігодьдзе, так што пра аддаваць пытаньня няма – мы будзем браць, але ў межах міжнародных пагадненьняў.

Гэтае “мы будзем браць”, з улікам таго, каму гэта было сказана, прагучала даволі злавесна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG