Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КАМІТЭТ ПАРЭ Ў СПРАВЕ ЗЬНІКЛЫХ СУСТРЭНЕЦЦА З УЦЕКАЧАМІ ЗЬ БЕЛАРУСІ


Аляксей Знаткевіч, Менск

На парадку дня сёньняшняга паседжаньня камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў справе зьніклых ў Беларусі было абмеркаваньне інфармацыі ад беларускага Нацыянальнага сходу. Але такіх зьвестак эўрапейскія парлямэнтары пакуль не дачакаліся. Віцэ-сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў даслаў камітэту ліст, у якім абяцае перадаць гэтую інфармацыю пазьней.

Сёньня камітэт пагадзіўся наконт некалькіх будучых крокаў у высьвятленьні лёсу зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага. Вось што сказала супрацоўніца сакратарыяту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы:

(Супрацоўніца ПАРЭ: ) “Яны сустрэнуцца зь людзьмі, якія жывуць па-за межамі Беларусі й могуць мець інфармацыю пра ахвяраў і пра абставіны іхнага зьнікненьня. Яны таксама вырашылі, што пазьней наведаюць Менск, каб правесьці сустрэчы з усімі зацікаўленымі бакамі”.

Ёсьць шэраг асобаў, якія зьехалі зь Беларусі й рабілі заявы аб тым, што маюць інфармацыю пра зьнікненьні. Сярод іх былы начальнік менскага сьледчага ізалятару палкоўнік Алег Алкаеў, які цяпер знаходзіцца ў Нямеччыне, былыя супрацоўнікі пракуратуры Алег Случак і Зьміцер Петрушкевіч, якія зьехалі ў ЗША, і былы супрацоўнік Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Генадзь Угляніца, які жыве ў Нарвэгіі. Усе яны абвінавачваюць у датычнасьці да зьнікненьняў высокіх беларускіх чыноўнікаў.

Камітэт таксама вырашыў, што на наступную сэсію Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў студзені магчыма запросяць дадатковых прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі менавіта для абмеркаваньня пытаньня аб зьніклых. Нягледзячы на тое, што Нацыянальны сход не прадстаўлены ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, бо Эўропа не прызнала яго дэмакратычна абраным парлямэнтам, дэлегацыі сходу рэгулярна наведваюць сэсіі асамблеі.

Сёньняшняе паседжаньне камітэту ў справе зьніклых было першым з часу яго ўтварэньня сёлета ў верасьні. Паседжаньне вёў намесьнік старшыні камітэту — брытанскі парлямэнтар Кевін МакНамара. Старшыня — расейскі дэпутат і вядомы праваабаронца Сяргей Кавалёў на паседжаньні не прысутнічаў, бо захварэў і знаходзіцца ў шпіталі.
XS
SM
MD
LG