Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭСПУБЛІКАНСКІ ЦЭНТАР ПРАФІЛЯКТЫКІ СНІД МОЖА БЫЦЬ ЗАКРЫТЫ


Любоў Лунёва, Менск

Міністар аховы здароўя падпісала загад за некалькі дзён да 1 сьнежня — Міжнароднага дня прафіляктыкі СНІД. У Міністэрстве не патлумачылі кіраўніцтву цэнтру прычыну рэарганізацыі. Толькі паабяцалі, што да 1 студзеня, калі загад уступіць у сілу, супрацоўнікаў цэнтру ня будуць звальняць з працы.

У выніку рэарганізацыі пад пагрозай апынуліся міжнародныя праекты, бо тыя фінансавыя сродкі, якія пералічвалі замежныя партнэры на рахунак цэнтру, надалей будзе разьмяркоўваць дырэктар Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі сп адар Філонаў. Загадчыца лячэбнага аддзяленьня Цэнтру прафіляктыкі СНІД Сьвятлана Бруцкая распавяла Радыё Свабода:

(Бруцкая: ) “Я так разумею, што там ёсьць нейкія эканамічныя меркаваньні і, магчыма, нешта дзеля паляпшэньня эфэктыўнасьці працы… Але я не гатовая казаць, наколькі патрэбная гэтая рэарганізацыя. Цэнтры прафіляктыкі СНІД ёсьць ва ўсіх краінах Усходняй Эўропы. У нашым цэнтры ёсьць лябараторыя, лячэбнае і прафіляктычнае аддзяленьні. ВІЧ-інфікаваныя ў нас лячыліся стацыянарна. Прафіляктыкай перадачы інфэкцыі вэртыкальным шляхам (ад маці да дзіцяці) займаліся нашы спэцыялісты.

Нашы асноўныя партнэры — у агенцыі ААН. Тыя фонды, якія працуюць з нашымі калегамі ў Расеі і Ўкраіне, з намі не супрацоўнічаюць. Праца нашага цэнтру адрозьніваецца ад працы Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі. Мы працуем у суполках, у грамадзкіх групах. Маем справу з прастытуткамі, наркаманамі, гомасэксуалістамі. Праца зь ВІЧ-інфікаванымі цалкам адрозьніваецца ад працы зь іншымі катэгорыямі хворых людзей. Што будзе пасьля 1 студзеня, я ня ведаю. Пабачым…”

Рэспубліканскі цэнтар прафіляктыкі СНІД існаваў за кошт фінансаваньня заходнімі партнэрамі. Калі ўлічыць, што ў Беларусі скараціліся фінансавыя выдаткі на падтрымку мэдыцыны, то зразумела, чаму менавіта гэты цэнтар міністар вырашыла падпарадкаваць Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, супрацоўнікі якога скардзіліся на недахоп фінансаваньня. Але хутчэй за ўсё рэарганізацыя адаб’ецца на ВІЧ-інфікаваных людзях, колькасьць якіх рэзка павялічваецца і, паводле афіцыйных зьвестак цэнтру, дасягнула 4500 чалавек. Спэцыялісты ААН, каб мець рэальную карціну, раяць гэтую лічбу памнажаць на дзесяць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG