Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПЫНIЎСЯ СЫРАРОБЧЫ ЗАВОД У ДРАГIЧЫНЕ


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Яшчэ ў верасьнi на Драгiчынскiм сыраробчым заводзе працавалi 107 чалавек. Цяпер засталося 47, але i тыя не працуюць, бо завод спынiў сваю дзейнасьць з-за нястачы сыравiны. Мясцовыя калгасы адмаўляюцца пастаўляць сюды малако, бо завод завiнавацiўся гаспадаркам больш за 750 мiльёнаў рублёў. Прыкладна столькi ж складае запазычанасьць драгiчынскiх сыраробаў па раней атрыманых банкаўскiх крэдытах. Яшчэ амаль 130 мiльёнаў завод павiнен сплацiць iншым арганiзацыям.

Малако з Драгiчынскага раёну зараз возяць на перапрацоўку ў суседнiя райцэнтры — Бярозу i Кобрынь. Выратаваць сыраробчы завод кiраўнiцтва прадпрыемства спрабавала праз далучэньне да аналягiчнага заводу ў Бярозе. Але, улiчваючы памер запазычанасьцi, там адмовiлiся ад такога варыянту. Не жадае браць на сябе адказнасьць за будучыню прадпрыемства i абласны спажыўсаюз. Таму сярод пакуль яшчэ дзейных рабочых драгiчынскага заводу пануе пэсымістычны настрой. Гаворыць адна з бугальтарак гэтага прадпрыемства:

(Бугальтарка: ) “Завод не працуе i працаваць ня будзе”.

(Карэспандэнт: ) “Увогуле?”

(Бугальтарка: ) “Так, заўтра сказалi абвесьцяць пра гэта ўсiм. Было 50% скарачэньне, а цяпер ужо ўсiх скарачаюць”.

У прыватных размовах рабочыя заводу гавораць, што прадпрыемства трапiла ў фiнансавую яму пасьля таго, як паводле загаду мясцовай вэртыкалi атрымала буйны банкаўскi крэдыт. Грошы выкарысталi не па прызначэньні, а з тае пары заводу не было чым разьлiчвацца за атрыманае ад калгасаў малако. Рабочыя зьдзiўленыя стаўленьнем да лёсу прадпрыемства кiраўнiкоў раёну.

Знайсьцi працу ў Драгiчыне вельмi складана. На працягу году скарачэньнi адбылiся амаль на ўciх прадпрыемствах гораду, а на камбiкормавым заводзе таксама ходзяць чуткi пра ягонае хуткае закрыцьцё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG