Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІВОНКА СУРВІЛЛА ПРЫВІТАЛА БЕЛАРУСАЎ З УГОДКАМІ СЛУЦКАГА ЗБРОЙНАГА ЧЫНУ


Ул. інф.

У звароце гаворыцца:

“Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю Вас з угодкамі слаўнага Слуцкага Збройнага Чыну. Наш народ мае права ганарыцца Слуцкімі героямі, якія былі гатовыя аддаць сваё жыцьцё, каб жыла Бацькаўшчына!

Небясьпека незалежнасьці Беларусі значна завастрылася ў гэтым 2002-м годзе. Пасьля сямі гадоў гульні ў саюз з Расеяй і недапушчальнай замежнай палітыкай у дачыненьні да вольнага сьвету Лукашэнка давёў наш край ня толькі да поўнай ізаляцыі, але і да адмоўнага стаўленьня да Беларусі з боку нават найбольш добразычлівых заходніх дзяржаваў. Маскве толькі гэтага і патрэбна. Беларусь цяпер ізаляваная нагэтулькі, што Пуцін не пасаромеўся прапанаваць уключыць яе ў склад Расеі.

Калі наш народ не дакажа, што ён зьяднаны ў змаганьні за незалежную і дэмакратычную сваю дзяржаву і ўто ён не дазволіць, каб усходні сусед зноў яе паняволіў. Захад можа даць Пуціну вольную руку. А тут няма патрэбы прыпамінаць, як масква адносіцца да народаў свае імпэрыі, якія жадаюць з-пад яе вызваліцца. Хопіць глянуць на падзеі ў Чачэніі.

І таму, дарагія Суродзічы, карыстаю гэтую нагоду, каб Вас заклікаць да салідарнасьці з усімі тымі, хто змагаецца за Ваш дабрабыт, за Вашую годнасьць. Выказвайце ім сваю падтрымку. Трэба, каб сьвет пабачыў, што народ наш не прадасьць ужо сваёй душы за некалькі “чырвонцаў”. А там, дзе моцная душа, і зброя можа аказацца непатрэбнай. Самая моцная сіла ў адзінстве. У салідарнасьці вакол ідэалу свабоды будзе найбольш пасьпяховая нашая абарона перад агрэсіяй, адкуль бы яна ні ішла.

Ведаю, што гэта вымагае з Вашага боку мужнасьці і адвагі. Але ж гэтую мужнасьць і адвагу мелі нашыя папярэднікі, у тым ліку гераічныя ўдзельнікі Слуцкага Збройнага Чыну. Няўжо ў нас яе ня стане?”
XS
SM
MD
LG