Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖОНКІ ЗЬНІКЛЫХ НЕ ЗАДАВОЛЕНЫЯ АДКАЗАМ ГЕНЭРАЛЬНАГА ПРАКУРОРА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Жонкі зьніклых на просьбу Радыё Свабода пракамэнтавалі ліст, які даслаў у парлямэнт генэральны пракурор Беларусі Віктар Шэйман. Нагадаю, гэта быў адказ на запыт дэпутата Валерыя Фралова адносна вынікаў расьсьледаваньня справаў зьніклых. Адказу чакалі больш за месяц, і ўчора, хоць і са спазьненьнем, ён зьявіўся.

Ірыну Красоўскую гэты дакумэнт расчараваў і абурыў. Яна шчыра прызнаецца, што не чакала ад генэральнага пракурора новых зьвестак, але і ня думала, што ён будзе абвяргаць ужо вядомыя факты. Вось прыклад. “Зьвесткі зь некаторых мэдыяў пра тое, што да зьнікненьняў могуць быць датычныя асобы зь дзяржаўных спэцслужбаў, не пацьвердзіліся”, — цытуе Віктара Шэймана жонка зьніклага бізнэсоўца і камэнтуе гэта наступным чынам:

(Красоўская: ) “Мы ўсе чыталі рапарт генэрала Лапаціка, у якім было напісана, што загад на зьнішчэньне Ганчара, Красоўскага і Захаранкі аддаваў Шэйман. Гэта рапарт, як нам сказаў Алкаеў, зроблены на падставе апэратыўных зьвестак, якія на той момант былі ў тагачаснага начальніка крымінальнай міліцыі Лапаціка. Мяркую, варта спытаць і ў міністра Навумава, і ў сьледчага Бранчаля, адкуль гэтыя дадзеныя і чаму Лапацік напісаў свой рапарт”.

Ірына Красоўская паўтарае, што галоўная вэрсія зьнікненьня Ганчара і Красоўскага — палітычная. Тое, што ў лісьце генэральнага пракурора згадваецца ў тым ліку камэрцыйная вэрсія зьнікненьня, Красоўская называе “чарговай спробай увесьці ў зман грамадзкасьць”.

Жонку зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага асабліва зьдзівіла тое, што Валер Ігнатовіч, які паводле суду скраў Завадзкага, калі верыць лісту Віктара Шэймана, “браў удзел у чачэнскай вайне на баку баевікоў”. Сьвятлана Завадзкая згадвае, што ў сьледзтва былі падазрэньні наконт супрацоўніцтва Ігнатовіча з чачэнскімі незалежнікамі, але гэтыя зьвесткі не правяраліся. Больш за тое, напярэдадні суду кіраўнік сьледчай групы Іван Бранчаль публічна заяўляў, што Ігнатовіч ваяваў за расейцаў і меў узнагароды, згадвае Завадзкая.

(Завадзкая: ) “З матэрыялаў справы добра бачна, што ён выконваў нейкія адмысловыя загады, служыў у нейкай адмысловай групе, якая займалася выведкай. За што нават атрымаў ордэн. Тым больш дзіўна, як яго туды ўзялі, калі былі падазрэньні, што ён нібыта дапамагаў чачэнцам”.

Цяперашнія абвінавачаньні Ігнатовіча ў сувязях з чачэнцамі Завадзкая лічыць захадам, скіраваным на тое, каб заблытаць дэпутатаў, адбіць у іх жаданьне заступацца за Ігнатовіча. Што да яе, то яна дагэтуль не перакананая, што Ігнатовіч сапраўды спрычыніўся да выкраданьня яе мужа.

Яшчэ Сьвятлана Завадзкая абураная той навіной, што, як вынікае зь ліста Віктара Шэймана, расьсьледаваньне справы аб выкраданьні яе мужа спыненае, а пра прычыны ёй не паведамілі.
XS
SM
MD
LG