Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСЬ І ЛІТВА ПАГАДЗІЛІСЯ ПРА НОВЫ ПАРАДАК ПЕРАСЯЧЭНЬНЯ МЯЖЫ


Уладзімер Глод, Менск

Патрэба ў новым пагадненьні ўзьнікла пасьля таго, як літоўскі бок заявіў пра ўвядзеньне паўнамаштабнага візавага рэжыму для грамадзянаў Беларусі. Гэта тлумачыцца жаданьнем Літвы ўвайсьці ў Эўразьвяз і адпаведна выкананьнем абавязкаў перад Эўразьвязам.

Новыя правілы будуць больш жорсткімі. Да апошняга часу шэрагу катэгорыяў насельніцтва візы не былі патрэбныя. Гэта тычылася памежнага насельніцтва; асобаў, старэйшых за 60 гадоў; аўтаперавозчыкаў ды экіпажаў самалётаў, а таксама чыгуначных брыгадаў.

Згодна з новым дакумэнтам, бязь візаў могуць езьдзіць толькі экіпажы паветраных ды марскіх суднаў. А вось памежнае насельніцтва ўжо будзе мусіць набываць візы, хаця іх кошт павінен складаць усяго 30% ад звычайных. Асобы сталага веку, якія дасягнулі 70 гадоў і больш, таксама мусяць атрымліваць літоўскія візы, але бясплатна. Таксама бясплатна будуць атрымліваць візы дзеці да 16 гадоў і ўдзельнікі культурных праграмаў.

Я спытаўся ў сакратара МЗС Літвы Даруса Юргялявічуса, ці не паўплывае адмоўна новы дакумэнт на гандлёва-эканамічныя сувязі Беларусі й Літвы.

(Юргялявічус: ) “Мабыць, асноўнай мэтай гэтага пагадненьня і было жаданьне, каб увядзеньне візаў не паўплывала адмоўна на ўжо ўсталяваныя гадлёва-эканамічныя стасункі і на тыя ўзаемныя кантакты, якія ўжо існуюць. Мы думаем, што тыя льготы, якія прадугледжвае новае пагадненьне, якраз і будуць садзейнічаць мінімізацыі магчымыга нэгатыўнага ўзьдзеяньня на нашыя стасункі”.

Зь якога часу пачне дзейнічаць новае пагадненьне, пакуль невядома. Гэта залежыць ад выкананьня ўсіх прадугледжаных заканадаўствам працэдураў.

Беларускія і літоўскія дыпляматы не выключаюць, што пасьля таго, як Вільня далучыцца да Эўразьвязу, новае пагадненьне патрэбна будзе карэктаваць.
XS
SM
MD
LG