Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПОЛЬШЧЫ СКОНЧЫЛАСЯ СУМЕСНАЯ АКЦЫЯ “GAZETY WYBORCZEJ” І ТЭЛЕКАНАЛУ “POL’SAT” У ПАДТРЫМКУ СВАБОДЫ СЛОВА Ў БЕЛАРУСІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У пачатку кастрычніка папулярны польскі тэлеканал ““Pol’sat” паказаў адмысловы фільм, прысьвечаны судам над журналістамі “Пагоні” і “Рабочага” ды палітычнай сыстэме, што пануе ў сучаснай Беларусі. Адначасова найбольш масавы польскі штодзёньнік “Gazetа Wyborczа” на сваіх старонках заклікаў чытачоў запатрабаваць спыненьня парушэньняў свабоды слова ў Беларусі ды крымінальнага перасьледу журналістаў. Былі прапанаваныя тры варыянты – пісаць электронныя лісты на адрас кіраўніка Беларусі, а звычайныя лісты ў беларускую амбасаду ў Польшчы, а таксама лісты падтрымкі ўласна ў Беларусь, спадарам Мажэйку і Маркевічу.

Пра вынікі акцыі гаворыць супрацоўнік міжнароднага аддзелу “Gazety Wyborczej” Марцін Вайцэхоўскі:

(Вайцэхоўскі: ) “Перадусім мы хацелі зьвярнуць увагу грамадзкасьці на тое, што права на свабоду слова сыстэматычна парушаецца ў Беларусі, што журналісты і выдаўцы незалежнай прэсы маюць у гэтай краіне вялізныя праблемы. Таму мы заклікалі палякаў, у прыватнасьці, празь лісты да асуджаных журналістаў выказаць ім салідарнасьць. Каб яны ведалі, што ёсьць людзі і за мяжой, якія іх падтрымліваюць і хочуць, каб у Беларусі існавала свабода выказваньняў.

Нам удалося сабраць больш за паўтары тысячы лістоў нашых чытачоў у падтрымку журналістаў, якія мы ўчора перадалі ў беларускую амбасаду. Акрамя гэтага, шмат палякаў пішуць непасрэдна ў калёніі, дзе знаходзяцца спадары Маркевіч і Мажэйка. Мы ведаем, што на іх адрас штодзённа прыходзіць да 70 лістоў з Польшчы.

Мы ўпэўненыя, што гэта можа дапамагчы палепшыць варункі, у якіх яны адбываюць пакараньне. Бо людзі, якія іх пільнуюць, будуць ведаць, што лёс гэтых двух вязьняў неабыякавы сьвету”.

(Карэспандэнт: ) “Дык значыць, на вашую думку, акцыя ў абарону свабоды слова ў Беларусі дасягнула сваёй мэты?”

(Вайцэхоўскі: ) “Напэўна, што тычыцца Польшчы, дык так. Дагэтуль гэтай праблемы ў сьвядомасьці большасьці палякаў не было. Нам удалося прыцягнуць увагу грамадзкасьці да парушэньняў правоў чалавека ў суседняй краіне. Успомніце, які розгалас быў увесну, калі мы распачалі кампанію ў абарону “Пагоні”. Канечне, мы не змаглі зрабіць так, каб судовага выраку ў справе журналістаў не было, аднак несумненна посьпехам ёсьць тое, што вырак гэты ня быў зроблены ў цішыні і пры абыякавасьці сусьветнай супольнасьці. Я быў у Горадні ў часе аднаго з судовых паседжаньняў, і беларускія журналісты казалі, што нашая акцыя мае для іх значэньне, бо яны ведаюць, што нехта будзе пратэставаць, калі пачнецца чарговы перасьлед. Гэта вельмі важна”.

Варта адзначыць, што сёлета ўвесну пасьля публікацыяў у “Gazeсіе Wyborczej” у падтрымку “Пагоні” выказаліся прэзыдэнт, прэм’ер-міністар, міністэрства замежных справаў Польшчы, а таксама шэраг вядомых грамадзкіх і культурных дзеячоў, у тым ліку ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Чэслаў Мілаш.
XS
SM
MD
LG