Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХТО І НАВОШТА СТРАЛЯЎ У САПАРМУРАДА НІЯЗАВА?


Юры Дракахруст, Прага

Прэзыдэнт Ніязаў адразу пасьля замаху на ягонае жыцьцё склікаў надзычайнае пасяджэньне ўраду і адразу ж назваў імёны асобаў, якія паводле яго, былі арганізатарамі нападу: былы віцэ-прэм’ер і міністар замежных справаў краіны Барыс Шыхмурадаў, былы віцэ-прэм’ер Худайбэрды Аразаў, былы амбасадар Туркмэністану ў Турцыі Нурмухамэд Ханамаў і былы міністар сельскай гаспадаркі Імамбэрды Ыклымаў. Усе гэтыя былыя ўрадоўцы, якія перайшлі ў апазыцыю да Туркмэнбашы, даўно знаходзяцца у эміграцыі. Шыхмурадаў, Аразаў і Ханамаў узначальваюць апазыцыйны Народна-дэмакратычны рух Туркмэністану.

Паводле Ніязава, машыны, на якіх ехалі тыя, хто абстраляў прэзыдэнцкі картэж, належылі фірме, якой кіруе брат экс-міністра Ыклымава. Паведамляецца, што ўся ягоная радня ўжо арыштаваная.

Існуе некалькі вэрсіяў замаху. Паводле адной, арганізатарамі нападу сапраўды зьяўляюцца прадстаўнікі туркмэнскай эліты, незадаволеныя неабмежаванай дыктатураю Туркмэнбашы. Як адзначае “Wall Street Journal”, Туркмэністан, разам зь Беларусьсю і Ўзбэкістанам, зьяўляецца адной з самых жорсткіх аўтакратыяў на тэрыторыі былога СССР. Гэты выпадак дэманструе, што калі нармальная палітыка робіцца немагчымаю, застаецца ненармальная палітыка – піша газэта.

Аднак шэраг выданьняў схіляюцца да таго, што напад на картэж Ніязава быў інсцэніроўкаю самога Туркмэнбашы. Ён адчуў умацаваньне апазыцыі і вырашыў нанесьці папераджальны ўдар, дзеля чаго і справакаваў замах – піша “Комсомольская правда”.

“Коммерсант” прыводзіць меркаваньне неназваных апазыцыянэраў у Ашгабадзе, паводле якіх замах на вышэйшага дзяржаўнага чыноўніка – наўпроставы шлях да навешваньня ярлыкоў тэрарыстаў на праціўнікаў рэжыму. Суразмоўцы карэспандэнта “Коммерсанта” зьвярнулі ўвагу на тое, што прэзыдэнцкі картэж быў абстраляны са звычайных аўтаматаў, хаця ўвесь Туркмэністан ведае, што лімузін Ніязава – браніраваны, і ніякай шкоды аўтаматныя чэргі яму ў прынцыпе не маглі зрабіць.
XS
SM
MD
LG