Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЫЛЕМА НЕВЫЛЕЧНА ХВОРЫХ: ЭЎТАНАЗІЯ ЦІ СУІЦЫД?


Ігар Карней, Менск

Алена Коласава разьбілася на матацыкле незадоўга да вясельля. У адзін момант прыгожая, поўная сілаў дзяўчына страціла ўсё: каханага чалавека, сяброў, прагу да жыцьця наагул. Псыхолягі менскага госьпісу, якія працавалі зь сям’ёй Коласавых, канстатуюць: ня справілася з трагедыяй ня толькі Алена, але й маці. Пасьля таго, як стала вядома, што апэрацыя магчымая толькі пры ўмове выдаленьня нэрвовых канчаткаў сьпіннога мозгу (што канчаткова нішчыла надзею на тое, што Алена стане на ногі), жанчыны пачалі ўспрымаць толькі два варыянты: альбо цалкам адноўленае здароўе, альбо сьмерць; з калецтвам не пагаджаліся катэгарычна.

Тым часам маці распачала кампанію за тое, каб Міністэрства аховы здароўя дазволіла ў выключным парадку даць дазвол на эўтаназію.

Журналістка газэты “Звязда” Вольга Мядзьведзева неаднаразова наведвала сям’ю Коласавых. Распавядае, што аднойчы ёй удалося пагутарыць з Аленай вельмі шчыра.

(Мядзьведзева: ) “Дзесьці год яна ляжала ў шпіталях. Але самы цяжкі час наступіў менавіта дома, калі жанчыны апынуліся сам-насам. Лена казала, што яна не дамагаецца эўтаназіі. Яна казала, што ня думала пра сьмерць, калі зь ёй гэта здарылася. Але яна не адчула падтрымкі ад блізкіх людзей. Маці была ў шоку і не магла дапамагчы. З маці, дзеля справядлівасьці, у яе не было кантакту, і гэта самае страшнае. Спробы суіцыду пачаліся пазьней. Калі апошні раз яна трапіла ў рэанімацыю, гэта была трэцяя спроба самагубства. Дагэтуль за спробу суіцыду яе двойчы забіралі ў рэанімацыю”.

Сьвятлана Коласава, маці Алены, упершыню пра неабходнасьць эўтаназіі на ўзроўні артыкула заканадаўства публічна выказалася ў праграме “Здароўе” на расейскім канале ОРТ. Свайго меркававаньня яна прытрымліваецца і зараз:

(Коласава: ) “Разумееце, штодзённы догляд — гэта грошы. А калі даглядаць няма каму, то сутыкаешся з сытуацыяй, калі адказваюць: гэта ваша праблема, вырашайце самі. І таму чалавек вымушаны вырашаць. Ці ад болю курчыцца, ці штосьці іншае. Я аб эўтаназіі думала сур’ёзна. На ўзроўні дзяржаўнага закону для некаторых людзей (для ўсіх гэта і не патрэбна) эўтаназія існаваць мусіць. У Галяндыі чалавек, калі стаіць перад выбарам, прымае канчатковае рашэньне толькі сам. Ніхто прымусіць яго ня можа. І такая форма, пэўна, адзіна правільная”.

Цягам апошніх гадоў Беларусь разам з суседняй Літвой апынуліся сярод эўрапейскіх лідэраў паводле сумнай статыстыкі суіцыдаў — больш за 70 выпадкаў на 100 тысяч жыхароў. За апошні год сапраўднай навалай сталі, кажучы лексыкай псыхолягаў, “псэўдарамантычныя суіцыды”, калі двое-трое падлеткаў, узяўшыся за рукі, кідаюцца з дахаў высотных будынкаў. Вольга Мядзьведзева на прыкладзе сям’і Коласавых лічыць, што ў людзей бракуе найперш унутраных сілаў.

(Мядзьведзева: ) “Гэтыя сілы мусяць закладацца ў людзей з маленства. Хтосьці гатовы змагацца нават, на першы погляд, зь невыноснымі цяжкасьцямі, а хтосьці — не. Гэтыя жанчыны, як мне здавалася тады, дый цяпер, не знайшлі сілаў змагацца зь бядой. Я калі Лене распавядала пра людзей, які перамаглі боль, яна адказвала, што ў гэтых людзей ёсьць нехта побач, хто ім дапамагае. Тут маецца на ўвазе ня толькі дапамога ў выглядзе мэдсястры, якая прыходзіць і пераапранае хворага. Трэба, каб нехта па-сапраўднаму разьдзяліў з табой гэты крыж”.

Вольга дадае, што ведае і зусім іншы прыклад выхаду з крытычнай сытуацыі. Ейная суседка, таксама Алена, атрымала траўму хрыбта ў 18 гадоў, калі ўпала з трэцяга паверху. Але ўся існасьць дзяўчыны была скіраваная выключна на жыцьцё. Ужо прыкаваная да інваліднага крэсла, яна нарадзіла дзіця, уладкавалася ў краму, дзе прадаецца абсталяваньне для інвалідаў. Летась асвоіла аўтамабіль з ручным кіраваньнем. І кажа, што шчасьлівая з таго, што жыве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG