Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІ “ГАЗПРАМ” ПЛЯНУЕ ПАБУДАВАЦЬ НОВЫ ГАЗАПРАВОД У НЯМЕЧЧЫНУ ПА ДНЕ БАЛТЫЙСКАГА МОРА


Юры Дракахруст, Прага

Беларуска-расейскі газавы канфлікт вырашаны, аднак Масква спрабуе прадухіліць падобныя крызысы ў будучыні. У кастрычніку расейскі “Газпрам” скараціў пастаўкі газу ў Беларусь удвая. У якасьці прычынаў называліся рост запазычанасьці Менску, сканчэньне квоты таннага газу, а таксама нежаданьне Беларусі выконваць свой абавязак – акцыянаваць дзяржаўнае прадпрыемства па перапампоўваньні газу “Белтрансгаз”. У адказ Аляксандар Лукашэнка абрынуўся з рэзкай крытыкаю на Расею, ён абвінаваціў яе ў беспрэцэдэнтным палітычным ціску на Менск. Тады ж ён заклікаў урад зьвярнуцца па дапамогу да арабаў і да Захаду. Аднак жорсткая пазыцыя Захаду адносна парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, рашэньне 14 краінаў Эўразьвязу ўвесьці візавыя санкцыі адносна вышэйшых беларускіх чыноўнікаў зрабілі гэтыя спадзяваньні на Захад марнымі.

Але Менск пайшоў на саступкі яшчэ да гэтага дэмаршу. Беларусь была вымушаная купляць больш дарагі газ у расейскай кампаніі “Ітэра”, у тэрміновым парадку зрушылася справа з прыватызацыяй “Белтрансгазу” – на мінулым тыдні палата прадстаўнікоў прагаласавала за тое, каб выключыць “Белтрансгаз” са сьпісу дзяржаўных прадпрыемстваў, якія не падлягаюць прыватызацыі.

Аднак выглядае, што і падыход “Газпраму” робіцца ўсё больш жорсткім. Кампанія патрабуе аплаты за газ грашыма, а ня бартэрам, настойвае на тэрміновым пагашэньні запазычанасьці за ранейшыя пастаўкі, пагражаючы, што інакш у наступным годзе пастаўкі будуць скарочаныя ў параўнаньні зь сёлетнім годам.

Але і сытуацыя на ўкраінскім накірунку выглядае ненашмат лепшай. Дагэтуль Масква і Кіеў вядуць спрэчкі наконт газавага доўгу Ўкраіны, які складае каля паўтара мільярда даляраў. Няма поўнай яснасьці і ў праблеме стварэньня міжнароднага газавага кансорцыюму па перапампоўваньні газу праз Украіну, Кіеў настойвае на захаваньні свайго кантролю.

У гэтых умовах “Газпрам” на мінулым тыдні ўхваліў праект новага газаправоду, які пройдзе праз Балтыйскае мора наўпрост у Нямеччыну, Фінляндыю, Швэцыю і Данію. Прыблізная цана праекту – 3 мільярды даляраў, канчатковы тэрмін рэалізацыі – 2007 год, гадавы аб’ём перакачкі – 30 мільярдаў кубамэтраў, прыблізна чвэрць цяперашніх расейскіх паставак газу ў Эўропу.

Раней “Газпрам” плянаваў пабудаваць новы газаправод празь Беларусь і Польшчу, каб зьменьшыць сваю залежнасьць ад украінскіх газаправодаў. Аднак падзеі апошняга часу паказалі, што партнэрства зь Беларусьсю таксама не пазбаўленае праблемаў. Да таго ж, адзначаюць экспэрты, цяперашняе пагаршэньне адносінаў афіцыйнага Менску з Эўразьвязам робіць яго не найлепшым партнэрам у справе перапампоўваньня расейскага газу ў краіны гэтага самага Эўразьвязу. Таму і нарадзіўся праект газаправоду праз Балтыку.

З чыста тэхнічнага пункту гледжаньня “Газпрам” мог бы пастаўляць увесь свой газ толькі праз Украіну, і зараз на яе прыпадае прыблізна 80% паставак, да таго ж газаправодныя магутнасьці Ўкраіны значна недагружаныя. Аднак, як мяркуюць экспэрты, “Газпрам” будзе выкарыстоўваць усе тры транзытныя шляхі – балтыйскі, беларускі і ўкраінскі. Наяўнасьць балтыйскага накірунку, нават у выглядзе праекту, узмацняе пазыцыі “Газпраму” ў перамовах зь Менскам і Кіевам і ў пытаньнях транзытных тарыфаў, і ў пытаньні ўсталяваньня расейскага кантролю над газаправодамі, што ідуць празь Беларусь і Ўкраіну. І гэты ціск, адзначаюць экспэрты, Менск і Кіеў адчуюць ужо ў будучым годзе.
XS
SM
MD
LG