Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛІТВА РАЗЬЛІЧВАЕ, ШТО ЯЕ СЯБРОЎСТВА Ў НАТО НЯ СТВОРЫЦЬ ДАДАТКОВЫХ ПРАБЛЕМАЎ У СТАСУНКАХ ЗЬ БЕЛАРУСЬСЮ


Ганна Соусь, Вільня – Менск

Як зазначыў намесьнік міністра замежных справаў Літвы Эвалдас Ігнатавічус, пасьля афіцыйнага запрашэньня ягонай краіны ў НАТО літоўцы мусяць наноў вызначыць свае зьнешнепалітычныя прыярытэты, і тут важнае значэньне маюць стасункі зь Беларусьсю.

(Ігнатавічус: ) "Я мяркую, што запрашэньне Літвы ў НАТО і яе сяброўства ў НАТО ня створаць нейкіх дадатковых праблемаў. Думаю, гэта адкрые новыя магчымасьці, таму што сяброўства і Польшчы, і Літвы прынясе большае разуменьне сытуацыі ў Беларусі й дасьць новыя магчымасьці сумесных дзеяньняў у кантэкстце АБСЭ і праграмы "Партнэрства дзеля міру". Мэта – дасягненьне большай празрыстасьці і абмен інфармацыяй аб нашых вайсковых манэўрах. Канечне, гэта будзе залежаць ад узроўня стасункаў Беларусі з НАТО ды іншымі міжнароднымі арганізацыямі, у прыватнасьці, з АБСЭ, гэта цяпер найбольш далікатнае пытаньне".

Якім чынам можа паўплываць рашэньне пра забарону на ўезд у краіны Эўразьвязу Лукашэнкі й яшчэ сямі чыноўнікаў на беларуска-літоўскія стасункі, улічваючы, што Літва ў блізкім часе стане сябрам Эўразьвязу? На гэтае пытаньне Радыё Свабода намесьнік міністра замежных справаў Літвы Эвалдас Ігнатавічус адказаў наступным чынам:

(Ігнатавічус: ) "Так ці інакш дзейнічаюць пэўныя абмежаваньні Эўразьвязу ў кантактах зь Беларусьсю, і мы ня бачым, каб гэтыя новыя крокі ў рэальным жыцьці нешта зьмянялі. У нас зь Беларусьсю пакуль дзейнічае бязьвізавы рэжым для ўладальнікаў дыпляматычных пашпартоў. Мы ўспрымаем крок Эўразьвязу як знак, як сыгнал кіраўнікам Беларусі і як рэакцыю на сытуацыю, што склалася, пераважна, у сувязі з пытаньнем з АБСЭ".

Як зазначыў Эвалдас Ігнатавічус, афіцыйная пазыцыя Літвы ў гэтым пытаньні яшчэ не сфармуляваная. Хутчэй за ўсё, яна будзе блізкая да той, што ўжо выказала Польшча, якая разьмежавала палітычныя ацэнкі Эўразьвязу й двухбаковыя дачыньні ў пытаньнях барацьбы зь нелегальнай эміграцыяй, арганізаванай злачыннасьцю ды іншыя. Паводле намесьніка міністра замежных справаў Літвы, на памежныя дзяржавы цяпер кладзецца значна большы цяжар і адказнасьць за дачыненьні зь Беларусьсю.

(Ігнатавічус: ) "Асобнае пытаньне – гэта будучыня нашых візавых дачыненьняў пасьля 1 студзеня будучага году. Тут, я думаю, мы ўжо прыйшлі да даволі гібкіх і добрых пагадненьняў з нашымі беларускімі калегамі. Калі ўсё будзе так, як мы хочам, то, у асноўным, будуць захаваныя льготы, і нават у некаторых сфэрах яны могуць быць пашыраныя ў параўнаньні з тым, што маем зараз. Толькі ўжо ня будзе бязьвізавага парадку, а будуць ільготныя альбо бясплатныя ці недарагія візы. І нашыя грамадзяне не адчуюць шоку пасьля нашых рашэньняў".

Праўда, на мінулым тыдні літоўскі ўрад істотна падвысіў для беларусаў кошт звычайных візаў – з 15 даляраў да 20 эўра.

Дарэчы, сёньня канчаткова ўзгадняецца тэкст часовага пагадненьня паміж урадамі Беларусі й Літвы аб узаемных паездках грамадзянаў. Плянуецца, што 26 лістапада гэтае пагадненьне падпішуць у Менску намесьнікі міністраў замежных справаў.
XS
SM
MD
LG