Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВААПОСТАЛЬСКАЯ ЦАРКВА


Кастусь Бандарук, Прага

На рэлігійнай мапе Беларусі ўжо 10 гадоў таму зьявілася новая канфэсія – “Новаапостальская Царква”. Гэтая царква лічыць, што ўсе астатнія канфэсіі у большай або меншай ступені сказілі чыстую апостальскую веру і лад жыцьця першых хрысьціянаў, і яна спрабуе вярнуцца да першакрыніцы. Пра гэтую царкву у гутарцы з Кастусём Бандаруком расказвае сьвятар новаапостальскай грамады ў Наваполацку Пётар Прохараў.

(Бандарук: ) “Яшчэ ў 1994 годзе Беларусь фармальна страціла права называцца праваслаўнай дзяржавай. Аказалася, што афіцыйна зарэгістраваных праваслаўных абшчынаў меней, чым пратэстанцкіх. Усяго ў Беларусі рэлігійнай дзейнасьцю маюць права займацца 26 арганізацыяў, у тым ліку 15, якія ўнесеныя ў сьпіс таталітарных сэктаў. У штомесячным дадатку да “Белорусской деловой газеты”, званым “Для служебного пользования”, ахарактэрызаваныя 17 найбуйнейшых цэркваў і рэлігійных арганізацыяў у Беларусі. Гэта: праваслаўныя, каталікі, грэка-каталікі, юдэі, мусульмане, стараабрадцы, лютэране, баптысты, адвэнтысты, сьведкі Яговы, крышнаіты, бахаіты ды іншыя. Сярод іх была названая адзіная арганізацыя, пра якую я нічога ня ведаў: “Новаапостальская Царква”. Я зацікавіўся ёю, пачаць шукаць інфармацыю. Знайшоў таксама тэлефоны сьвятароў гэтай царквы. Вось што разказаў пра сябе і сваю царкву Пётар Прохараў з Наваполацку”.

(Прохараў: ) “Я зьяўляюся сьвятаром новаапостальскай царквы ў Наваполацку. Наша царква – гэта царква на ўзор першых хрысьціянскіх абшчынаў ў апостальскія часы. Яна адрадзілася ў 1863 годзе ў Нямеччыне. Першыя абшчыны “Новаапостальскай Царквы” зьявіліся ў Англіі і Нямеччыне. Кіруе нашай царквою Першаапостал – Рыхард Фэр родам зь Нямеччыны. Цэнтар, штаб-кватэра царквы знаходзіцца ў Цурыху. У Беларусі першыя абшчыны зьявіліся ў пачатку 1990-х. Да нас пачалі прыяжджаць місіянэры зь Нямеччыны. Яны прамаўлялі да нас пад узьдееньнем Сьвятога Духу. Дарэчы, аб гэтым і гаворыцца ў Сьвятым Пісаньні: “Ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх… вучачы выконваць усё, што Я запаведаў вам”. Місіянэры прыбылі і да нас ў Наваполацак. У музычным вучылішчы, дзе я тады сьпяваў ў камэрным хоры, адбылося набажэнства. Мне гэтак яно спадабалася, так запала мне ў душу, што мы ўсёй сям’ёю, з жонкай і сынам далучыліся да гэтай царквы”.

(Бандарук: ) “Да сказанага Пятром Прохаравым дадам, што, паводле “Інфармацыйна-Кансультацыйнага Цэнтру Сьвятога Ірынэя Ліёнскага”, гэтая царква бярэ свой пачатак ад “каталіцка-апостальскага руху”, які зьявіўся ў 30-я гады 19-га стагодзьдзя ў Англіі. Да яго далучыліся таксама многія сьвятары зь Нямеччыны, Швайцарыі і Аўстрыі. Заснавальнікі новага руху лічылі, што ў хуткім часе наступіць канец сьвету. У сувязі з гэтым яны вырашылі адкінуць усё пазьнейшыя ўвядзеньні, паклікалі 12 апосталаў на чале зь першаапосталам, якім стаў Джон Бэйт Кардэйл. Калі, аднак, канец сьвету не наступіў, абшчына вырашыла падпарадкавацца “Суду Божаму” і самараспусьціцца. Аднак частка ўдзельнікаў руху, найперш нямецкія апосталы, не зьмірыліся са спыненьнем дзейнасьці, аддзяліліся ад англічанаў і заснавалі сваю абшчыну ў Гамбургу. Зь Нямеччыны новаапостальская царква пашырылася на ўсе кантынэнты, і ў Беларусь. Я пацікавіўся ў спадара Прохарава, ці акрамя Наваполацку ёсьць іхныя абшчыны ў іншых гарадох Беларусі”.

(Прохараў: ) “Вядома. Ня можа ж быць так, каб выбраны быў толькі Наваполацак. Ёсьць ужо пабудаваныя новааапостальскія храмы ў Менску (на вуліцы Шаранговіча, 1, у заходняй частцы гораду), у Мазыры. Нашы абшчыны дзейнічаюць ва ўсіх абласных гарадох, у тым ліку ў нас у Віцебску. Па віцебскай вобласьці ёсьць грамада ў Лепелі, у менскай вобласьці – у Барысаве. Я лічу, што зерне Божага Слова ўпала на добрую глебу і прыжылося. На пачатку назіраўся ўздым. Людзі прыходзілі, цікавіліся, прымалі запячатаньне Сьвятым Духам і Сьвятое Прычасьце. Потым ўсё неяк сьцішэла, а зараз я назіраю такую тэндэнцыю, што вяртаюцца да нас і застаюцца тыя, якія былі раней. Што тычыцца колькасьці вернікаў, дык, напрыклад, у нашай абшчыне, на кожным набажэнстве бывае прыблізна 20 чалавек. Я ня ведаю, каб у іншых храмах нашай царквы ў Беларусі іх было болей”.

(Бандарук: ) “Паводле “Цэнтру Ірынэя Ліёнскага”, які займаецца праблемамі новых рэлігійных рухаў, сэктаў і культаў, новаапосталаў усё ж трэба лічыць хутчэй не хрысьціянскай царквою, але сэктай. Праўда, у 10 артыкулах новаапостальскага Сымбалю Веры гаворыцца пра веру ў Сьвятую Тройцу, у дараваньне грахоў, ва ўваскрасеньне памерлых і вечнае жыцьцё. Сказана аднак, што “Хрыстос кіруе Царквою пры пасярэдніцтве жывых апосталаў, якіх Ён паслаў і яшчэ пасылае”, што “ўсе служыцелі ў Царкве абіраюцца толькі апосталамі, і гэтак далей. Спадар Прохараў, як бы Вы акрэсьлілі галоўныя адметнасьці веравучэньня і багаслужбы ў Вашай Царкве?”

(Прохараў: ) “Мы лічым, што ўсе становяцца хрысьціянамі не інакш, як праз хрышчэньне вадою і Сьвятым Духам. У нас ёсьць таксама абрад “запячатаньня Сьвятым Духам”. Што тычыцца самога парадку багаслужбы, дык ён аналягічны, як і ва ўсіх хрысьціянскіх цэрквах. Багаслужба пачынаецца з чытаньня выбраных фрагмэнтаў Сьвятога Пісаньня. Затым сьвятар, пад узьдзееньнем Сьвятога Духу, гаворыць казань, у якой тлумачыць сэнс прычытанага Слова. Пасьля вернікі ўсе разам чытаюць малітву “Ойча Наш”, якой навучыў сам Ісус Хрыстос. Наступнае дзеяньне – гэта адпушчэньне грахоў і Сьвятое Прычасьце. У нас яно адбываецца ў выглядзе аблаткі, акропленай віном, што сымбалізуе Цела і Кроў Хрыста. Заканчваецца набажэнства блаславеньнем людзей, тых, якія прысутнічаюць у храме, як і хворых, нямоглых, тых, што ў дарозе, або знаходзяцца пад уплывам злых, цёмных сілаў. Яны таксама атрымліваюць блаславенства Сьвятога Духа, каб захаваць чысьціню сваёй душы”.

(Бандарук: ) “Аднак я зноў вярнуся да папрокаў на адрас Новаапостальскай Царквы. Экспэрты з цэнтру вывучэньня новых рэлігійных культаў усё ж залічваць “новаапосталаў” да сэктаў, і пры тым таталітарных. (Дарэчы, да іх залічаныя: Царква Саенталёгіі, Мармоны, Сьведкі Яговы, Рух “Нью Эйдж”, “Аўм Сынрыкё”, Белае Брацтва і іншыя). Экспэрты тлумачаць сваю нэгатыўную ацэнку новаапостальскай царквы наступным чынам: вернікі поўнасьцю падпарадкаваныя “апосталам”. Улада “першааапостала” перавышае ўладу Рымскага Папы ў каталікоў, а ягоны аўтарытэт роўны, а нават вышэйшы за Біблію. Новаапосталы лічаць, што адрадзілі апостальскае служэньне старажытнай царквы, але заміж 12 апосталаў маюць іх 200. Яны таксама перакананыя ў сваёй абранасьці, у тым, што яны будуць царамі і сьвятарамі ў тысячагадовым Царстве Хрыста. Яны адасобленыя, не прызнаюць іншых цэркваў, ня ўдзельнічаюць ў сацыяльным жыцьці грамадзтва, напружана чакаюць канца сьвету. Тры разы ў год адбываецца багаслужба за “нязбаўленых памерлых”. Нябожчыкаў сымбалічна хрысьцяць, запячатляюць Сьвятым Духам і прычашчаюць. Кожны вернік новаапостальскай царквы абавязаны аддаваць на патрэбы абшчыны 10 адсоткаў свайго прыбытку”. Гэта што тычыцца папрокаў на адрас “новаапосталаў”. На заканчэньне нашай гутаркі я пацікавіўся мовай. На якой мове адпраўляюцца багаслужбы ў Вашай царкве?”

(Прохараў: ) “Вось якраз у нашай абшчыне – па-беларуску. Наш старшыня Віктар Барткевіч кажа, што трэба пашыраць беларускае слова. Калі я прыяжджаю да яго ў Віцебск, мы вядзем багаслужбу поўнасьцю па-беларуску. У чалавека ёсьць натуральная цяга да роднага слова, душа цягнецца да сваіх каранёў. Дарэчы, мая бабуля, якая пражыла 106 гадоў, калі малілася, дык гэтая непісьменная жанчына заўсёды ўплятала свае, беларускія словы ў традыцыйны, завучаны тэкст малітвы. А ўвогуле, у нашай царкве багаслужбы вядуцца пераважна на расейскай мове. У іншых абшчынах сьвятары і вернікі моляцца і прамаўляюць па-расейску”.

(Бандарук: ) “Я спрабаваў паразмаўляць таксама са згаданым ім вышэй Віктарам Барткевічам зь Віцебску. На жаль, Спадар Барткевіч сьпярша пагадзіўся расказаць ад сябе пра сваю царкву, аднак на другі дзень ягоная жонка перадала ад мужа вестку: даруйце, ён перадумаў, вырашыў не выступаць на Свабодзе. Калі я патэлефанаў у кіраўніцкі цэнтар у Маскве, мяне таксама адаслалі да таго ж Віктара Барткевіча, і гэткім чынам кола замкнулася.

Падсумоўваючы, хачу сказаць, што можна не пагаджацца зь некаторымі пункамі дактрыны і практыкі “новаапосталаў”, але трэба прызнаць, што гэтая канфэсія ўмацоўваецца і разьвіваецца. Мабыць, таму, што кожны вернік абавязаны аддаваць на патрэбы абшчыны дзясятцю частку сваіх прыбыткаў, гэта таксама адна з найбагацейшых цэркваў. Дзякуючы добрай арганізацыі і місіянэрскай актыўнасьці, царква налічвае больш за 10 мільёнаў вернікаў. У ФРН гэта трэцяя паводле колькасьці вернікаў царква – пасьля каталікоў і пратэстантаў. Новаапосталы згуртаваныя ў 55 тысячах абшчынаў у 180 краінах сьвету. У самой Беларусі зарэгістравана 20 абшчынаў. Новаапосталы адасобленыя, закрытыя, але мірныя і вельмі ляяльныя ў дачыненьні да дзяржаўнай ўлады. Вось таму, як канстатуе “Белорусская деловая газета”, незразумела, чаму яна фармальна занесеная ў сьпіс “небясьпечных цэркваў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG