Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЎТАРКА КНІГІ ПРА БЕЛАРУСКІ АНТЫСАВЕЦКІ СУПРАЦІЎ АДЗНАЧАНАЯ ПРЭМІЯЙ ПЭН-ЦЭНТРУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Рада беларускага ПЭН-цэнтру аднагалосна вырашыла ўзнагародзіць прэміяй Францішка Багушэвіча Ніну Стужынскую за яе працу пад назваю "Беларусь мяцежная". Цягам некалькіх гадоў спадарыня Стужынская працавала ў архівах Менску й Масквы, дзе дасьледавала дакумэнты пра Слуцкае паўстаньне 1920 году і партызанскую дзейнасьць сябраў Беларускай сялянскай партыі "Зялёны дуб".

У выніку два гады таму пабачыла сьвет яе кніга "Беларусь мяцежная". Гэта фактычна першае дасьледаваньне тэмы беларускага антыбальшавіцкага супраціву 20-х гадоў, пазбаўленае савецкіх ідэалягічных штампаў. Гаворыць віцэ-прэзыдэнт беларускага ПЭН-цэнтру, вядомы пісьменьнік Валянцін Тарас:

(Тарас: ) "Мы лічым, што яе кніга "Беларусь мяцежная" вельмі адметная. Гэта можа быць першая такая грунтоўная праца. Яна сабрала невядомыя факты беларускага нацыянальна-дэмакратычнага супраціву ўладам, якія панавалі на нашай зямлі больш за 70 гадоў. Гэтая кніга добра зробленая – гэта добрая гістарычная й журналісцкая праца. Яна важная, яна вельмі сучасная сёньня. Тыя мэтады падаўленьня нацыянальнага, дэмакратычнага, наагул народнага духу, якія дасьледуе спадарыня Стужынская, мы бачым гэта й сёньня".

Ніна Стужынская лічыць прэмію вынікам сваёй працы першай паловы 1990-х гадоў:

(Стужынская: ) "Я вельмі рада, таму што ў гэтым пэўнае прызнаньне вынікаў такой доўгай працы. Цяжкой працы, няпростай, тым больш, што па сутнасьці гэта быў новы сюжэт. Калі 10 гадоў таму пачыналі гэтую працу, то йшлі па сьлядах паважанага прафэсара Грыцкевіча. Але мне пашчасьціла папрацаваць у тыя вольныя часы, вельмі кароткі, на жаль, пэрыяд, у закрытых раней архівах. Таму зараз, калі такой магчымасьці няма, я вельмі рада, што гэтыя новыя веды дайшлі да чытача, да шырокіх колаў грамадзтва. І гэта як пэўнае прызнаньне, як пэўны вынік маёй працы".

Кніга Ніны Стужынскай выйшла ў рамках праекту "Гісторыя, якой няма ў падручніках" у Вільні вельмі маленькім накладам – 300 асобнікаў. Аднак аўтарка спадзяецца, што ў хуткім часе тэма барацьбы беларусаў супраць бальшавізму вернецца ў афіцыйную гісторыю.

А пакуль Ніна Стужынская рыхтуе сваю кнігу да перавыданьня больш вялікім накладам. У гэтае выданьне будуць уключаныя й новыя разьдзелы – пра антысавецкія паўстаньні 1920-х гадоў на Віцебшчыне й Гомельшчыне.

Прэмія беларускага ПЭН-цэнтру імя Францішка Багушэвіча за літаратурныя творы на гістарычныя тэмы была заснаваная ў 1994 годзе. Сярод яе ляўрэатаў – Уладзімер Арлоў, Генадзь Сагановіч, Лявон Баршчэўскі, Міхась Чарняўскі, Аляксандар Лукашук, Васіль Сёмуха ды іншыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG