Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“МАЁНТАК СЭНАТАРА РАХМАНЬКА”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Гэтыя пабудовы побач зь вёскай Міхнаўшчына Баранавіцкага раёну фігуруюць адразу ў некалькіх эпізодах справы былога начальніка беларускай чыгункі Віктара Рахманька. Паводле сьледчых, цягам некалькіх гадоў Рахманько нібыта незаконна спажываў электраэнэргію для свайго загараднага дома і карыстаўся дзяржаўнай пасекай. Апроч таго, нібыта адмыслова да ягонага дома мясцовы калгас "Шлях Леніна" праклаў дарогу.

Зараз у справядлівасьці гэтых абвінавачаньняў разьбіраецца суд, мне ж цікава было паглядзець, што ўяўляе загародная сядзіба былога галоўнага беларускага чыгуначніка. Экскурсію ў Міхнаўшчыну наладзіў ягоны адвакат Аляксандар Лукін, які папярэдзіў, што на сядзібе пакажуць усё, што тычыцца абвінавачаньня, а за астатняе ён не адказвае. Так яно і атрымалася. Чалавек ў вайсковай ватоўцы, які назваўся Віктарам Запаранкам, сынам суседа Рахманька, спачатку паказаў сьціплы дом свайго бацькі, а потым павёў да дома спадара Рахманька, які мала чым адрозьніваўся . На думку Віктара, найбольшай увагі заслугоўвалі два драўляныя слупы, якія падпіралі сцяну гэтага дома:

(Запаранка: ) "Каб вам нічога не прыдумляць, хадзіце самі паглядзіце. Вось глядзіце на гэтыя падпоры. Каб не яны, дом бы ўжо заваліўся. Тое самае адбылося і з домам другога нашага суседа, Гаравога. Блокі ў сьцяне не зьвязаныя з цэглай, якой абкладзены дом, вось сцяна і рушыцца. Відаць, невысокага ўзроўню былі майстры".

Аднак што тычыцца майстроў, якія пабудавалі і аздобілі каменем вялізарны склеп побач з домам Рахманька, то іх кепскімі адмыслоўцамі я б не назваў. Мой субяседнік з гэтым пагадзіўся . Ён паціснуў плячыма ў адказ на маё пытаньне, навошта Рахманьку спатрэбіўся склеп памерам са скіфскі курган ды заўважыў, што ягоны бацька ім таксама карыстаўся. Але чамусьці ў Віктара Запаранкі не знайшлося ключоў, каб правесьці экскурсію ўнутры .

Дарэчы, з гэтай жа прычыны мы ня здолелі патрапіць і ў асабісты дом Рахманька. Я толькі абыйшоў яго і праз брукаваны каменем дворык прайшоў да суседняга будынку. Назваць яго проста домам не паварочваецца язык – гэта двухпавярховы цудоўны катэдж , выдатна сабраны з эўрапейскіх матэрыялаў. З кандыцыянэрам, спадарожнікавымі антэнамі на металачарапічным даху, вакол якога раскінуліся роўна пастрыжаныя газоны з дэкаратыўнымі расьлінамі. Але мая цікаўнасьць да гэтай будыніны была адразу спыненая. Маўляў, гэты катэдж у справе Рахманька не фігуруе, бо ён належыць ягонай жонцы і пабудаваны на грошы яе сваяка. Тое самае і адносна трэцяга, недабудаванага дома. Гэты, аказваецца, належыць сыну Рахманька і ў справе таксама не фігуруе. Што да вялікага гаража на тры аўтамабілі, то і тут я маёмасьці былога начальніка чыгункі не знайшоў. У яго, аказваецца, і аўтамабіля свайго не было. Прыяжджаў усё на службовым – навошта яму гараж.

Складаней было разабрацца з тым, каму што належыць блізу штучнага возера. Віктар Запаранка добра ведае, што гэтае возера не належыць Рахманькам, бо знаходзіцца на зямлі ягонага бацькі, але чамусьці адносна іншай маёмасьці на бацькавым участку мой экскурсавод ня быў такі пэўны. Прыкладам, чыя лазня , спадар Запаранка не памятаў, і ўвогуле, паводле яго, у ёй быццам ніколі ніхто не парыўся. Ліхтарыкі на сцежцы, што вядзе да лазні, ніколі не загараліся. Лодка на беразе возера невядома чыя, альтанка на высьпе зьявілася невядома як. З пэўнасьцю Віктар Запаранка распавёў толькі пра слуп са старым колам наверсе, прымацаваным у цэнтры выспы.

(Запаранка: ) "Гэта думалі, што бусел тут паселіцца, але так і не пасяліўся... А рыбы, што тут была, ужо няма, уся падохла. Бачыце, як возера абмялела. І малькі, якія магчыма тут засталіся, усе памёрзнуць".

Мне аднак падалося, што запусьценьне, якое цяпер пануе на сядзібе Рахманько і ягоных суседзяў, такое ж штучнае, як і гэтае возера. Калі сядзіба агароджаная агульным жалезным плотам, калі адзіная брама абсталявана дамафонам – а раней тут была і камера сачэньня, – калі вартаўніку дапамагае сапраўдная аўчарка, цяжка ўявіць, што нехта звонку зьявіўся і паваліў тут мосьцік да выспы, пабіў шкло ў цяпліцы ды зламаў пчаліныя вульлі. Хутчэй за ўсё, калісьці сюды перастаў прыяжджаць гападар, і ўся ягоная неблагая гаспадарка паступова пачала развальвацца, што і ня дзіўна, калі фармальна яна належыць розным асобам.

Дарэчы, ад спадара Рахманька атрымаць тлумачэньні адносна ўбачанага не ўдалося. У Міхнаўшчыне ён ня быў ужо больш за год, бо знаходзіцца пад хатнім арыштам у Менску, а на судовым працэсе кантактаў з журналістамі пазьбягае.
XS
SM
MD
LG