Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КIРОЎЦЫ ВЯЛIКАГРУЗНЫХ АЎТАМАБIЛЯЎ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ ЧЭРГАЎ НА БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКАЙ МЯЖЫ


Алег Супрунюк, Берасьце

Ад беларуска-польскай мяжы да вёскi Хабы, куды цягнецца зараз чарга аўтамабiляў, што жадаюць трапiць на памежны пераход "Казловiчы", больш за 20 кiлямэтраў. Каб праехаць па гэтым маршруце, кiроўцы чакаюць па некалькi сутак. Учора днём кiроўцы, узрушаныя марудным чаканьнем у чарзе, вырашылi перакрыць рух транспарту на шашы Берасьце – Менск i такiм чынам прыцягнуць увагу да сваiх праблемаў. Перш за ўсё кiроўцы вiнавацяць у стварэньнi чэргаў беларускiх мытнiкаў:

(Галасы кiроўцаў: ) "Мытня не працуе. Каму прыемна чакаць па двое сутак. За цэлы дзень прасунулiся на 300 мэтраў. Таму, што тут зрабiлi адну каляiну, на тэрмiнале – другую, ёсьць яшчэ канвой. Чаму адразу нельга на мяжу ехаць i трэба чакаць канвой, калi едуць парожнiя машыны? I мы парожнiя стаiм, чакаем па двое сутак. А праверыць такую машыну можна за пяць хвiлiнаў. Большая частка парожнiх машын стаiць – таму i чарга такая вялiкая. Можна ж было зрабiць, каб нас мытнiкi асобна прапусьцiлi на мяжу. Нам жа патрэбен увогуле адзiны штамп – i паехаў. Такога няма ў ніводнай краiне..."

У сваю чаргу, берасьцейскiя мытнiкi сьцьвярджаюць, што апошнiмi днямi яны прапусьцiлi ў Польшчу нават больш машынаў, чым звычайна. Але павялiчыць рух транспарту празь пераход "Казловiчы", на якiм працягваецца рэканструкцыя, зараз немагчыма. Паводле меркаваньняў мытнiкаў, чэргi напярэдаднi Калядаў – гэта тыповая зьява для беларуска-польскай мяжы.

Падчас нядзельнага стыхiнага мiтынгу кiроўцы выказвалi шмат прэтэнзiяў ня толькi на адрас мытнiкаў. Ужо некалькi гадоў мясцовыя ўлады прымушаюць плацiць экалягiчны збор на ўтрыманьне памежнай iнфраструктуры. Але дагэтуль гэтая тэрыторыя непрыдатная для абслугоўваньня перавозчыкаў: кiроўцы ня маюць магчымасьцi нармальна харчавацца, адпачываць, карыстацца прыбiральняй.

Блякада галоўнай беларускай аўтамагiстралi была зьнятая толькi пасьля таго, як да кiроўцаў прыехалi кiраўнiкi берасьцейскай мiлiцыi i мытнi "Заходнi Буг". Яны запэўнiлi, што праблемы, зьвязаныя са стварэньнем чэргаў на мяжы, неўзабаве вырашацца. Але кiроўцы заяўляюць, што гатовыя зноў правесьцi акцыю пратэсту, калi гэтыя абяцаньнi ня будуць выкананыя.
XS
SM
MD
LG