Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА РАТУШНАЙ ПЛОШЧЫ У ВІЛЬНІ ПАДЧАС ВЫСТУПУ ДЖОРДЖА БУША ЛУНАЎ БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫ СЬЦЯГ


Віталь Цыганкоў, Вільня

“Сёньня вялікі дзень у гісторыі Літвы, краінаў Балтыі, у гісторыі НАТО і ў гісторыі свабоды”. Гэтымі словамі прэзыдэнт Буш пачаў сваю прамову, якая неаднаразова прыпынялася авацыяй прысутных. “Перад пагрозай агрэсіі сьмелыя народы Латвіі, Літвы і Эстоніі больш ніколі не застануцца адны”, – паабяцаў прэзыдэнт ЗША. “Эуропа больш ня будзе падзеленай. Дэспатычныя межы сэраў уплыву, узьведзеныя дыктатарамі, адыходзяць – ніякіх больш Мюнхенаў, ніякіх больш Ялтаў”, – гэтыя словы Буша таксама патанулі у авацыі.

Амэрыканскі прэзыдэнт адзначыў,што новыя сябры НАТО, такія як Літва, прыўносяць у альянс “цудоўны дух сілы, мэты і трываласьці”. Сярод тых, хто вітаў амэрыканскага прэзыдэнта, было і некалькі беларускіх грамадзянаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Як патлумачыу мне адзін зь іх, намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі, АГП дамовілася з партыяй літоўскіх кансэрватараў Вітаўтаса Ландсбэргіса, і некалькі сябраў маладзёвай фракцыі атрымалі запрашэньне на прамову Буша.

А перад сваім выступам амэрыканскі прэзыдэнт і яшчэ 13 прадстаўнікоў адміністрацыі ЗША былі ганараваныя найвышэйшай узнагародай Літвы – ордэнам Вітаўта Вялікага. Прэзыдэнт ЗША сустракаўся зь літоўскімі палітыкамі, а таксама з прэзыдэнтамі Латвіі і Эстоніі. Пасьля адлёту амэрыканскай дэлегацыі y Бухарэст кіраўнікі трох балтыйскіх дзяржаваў далі сумесную прэсавую канфэрэнцыю, на якой назвалі сёньняшні дзень паваротным момантам у гісторыі сваіх краінаў. Пасьля прэсавай канфэрэнцыі мне ўдалося задаць пытаньне прэзыдэнту Латвіі спадарыне Вайры Віке-Фрэйбэрга: “Ці будзе Латвія выконваць прынятае 14 краінамі Эуразьвязу рашэньне не дапускаць Аляксандра Лукашэнку на тэрыторыю сваіх краінаў?” Прэзыдэнт Латвіі адказала спачатку вельмі коратка: “Як будучыя сябры Эўразьвязу, мы ўжо ўзгадняем нашыя рашэньні з Эўразьвязам. І рашэньні, прынятыя на палітычным узроўні, прывязваюць i нас як будучых сябраў Зьвязу”.

На маю просьбу патлумачыць, якія могуць быць асаблівасьці стаўленьня Латвіі як дзяржавы-суседкі Беларусі да рашэньня краінаў Эўразьвязу, спадарыня Вайра Віке-Фрэйбэрга скaзaлa: “Мы былі б вельмі задаволеныя, калі б Эўразьвяз не прымаў такога рашэньня дзеля таго, каб гэта дапамагло нам як суседзям Беларусі наладзіць лепшыя стасункі зь Менскам, якія мы хацелі б мець. Але мы былі б яшчэ больш задаволеныя, калі б Беларусь сьледавала тым парадам, якія дае АБСЭ, не выганяла б місію АБСЭ. Мы чакаем таго дня, калі Беларусь як краіна будзе здольная адпавядаць тым эўрапейскім стандартам, якіх мы, Балтыйскія краіны, ужо дасягнулі. Калі прыйдзе такі дзень, мы будзем радыя мець добрыя стасункі з гэтай краінай, якая стане больш дэмакратычнай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG