Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫМ КІРАЎНІКОМ БЕЛАРУСКАГА КАНГРЭСУ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ПРАФСАЮЗАЎ СТАЎ АЛЯКСАНДАР ЯРАШУК


Міхал Стэльмак, Менск

Кадравае пытаньне ў БКДП узьнікла з прычыны рознагалосьсяў яго сяброў адносна асобы папярэдняга лідэра Мікалая Канаха. У якасьці кампрамісу на пасаду прэзыдэнта на сёньняшнім зьезьдзе была вылучаная новая кандыдатура. Узначаліць дэмакратычныя прафсаюзы рада БДКП прапанавала Аляксандру Ярашуку, былому кіраўніку прафсаюзу аграпрамысловага комплексу. Выбары аказаліся безальтэрнатыўнымі. Паводле вынікаў таемнага галасаваньня, Ярашука падтрымала 90% удзельнікаў зьезду. Вось што зазначыў на гэты конт дэлегат з Салігорску:

(Прыма: ) ”Мяне завуць Леанід Прыма. Машыніст камбайна. Трэці руднік, аб’яднаньне “Беларуськалій”. Да кандыдатуры Ярашука стаўлюся вельмі добра. Ведаю яго як кіраўніка прафсаюзу аграпрамысловага комплексу. І думаю, што ён на новай пасадзе з новымі задачамі справіцца і павядзе кангрэс у належным накірунку і будзе адстойваць тыя правілы і тыя ідэі, якія закладзеныя ў статуце кангрэсу”.

Аляксандар Ярашук прапанаваў дэлегатам зьезду праграму дзеяньняў, якая, на яго думку, актывізуе дзейнасьць Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Камэнтуючы свой прыход у БКДП, новаабраны прафсаюзны лідэр зазначыў:

(Ярашук: ) “Адзіны прафцэнтар, які насамрэч ёсьць незалежным і адстойвае рэальна і фактычна, і юрыдычна інтарэсы працоўных – гэта кангрэс”.

(Карэспандэнт: ) ”Пасьля сёньняшняга абраньня прэзыдэнтам БКДП ці зьбіраецеся вы працягваць займацца палітычнай дзейнасьцю?”

(Ярашук: ) ”Я ў сваёй заяве наўмысна падкрэсьліў, што кангрэс – непалітычная арганізацыя і ня ставіць сваёй мэтай якую б то ні было палітычную дзейнасьць. Але я сказаў і другое. Мы зыходзім з таго, што нашы сябры прафсаюзу, у тым ліку кангрэс, для дасягненьня сваіх праграмных установак і мэт не павінен ігнараваць сувязяў з палітычнымі структурамі. Наадварот, ён павінен абапірацца на тыя палітычныя рухі, партыі, якія падзяляюць гэтыя праграмныя мэты. Я найперш маю на ўвазе стратэгічных саюзьнікаў – партыі, што прытрымліваюцца ідэалаў сацыял-дэмакратыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG