Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рудзенск


Галіна Абакунчык, Рудзенск

Мой бацька, дзед і ясны прадзед,
Жылі заўжды ў бядзе, нудзе,
Ліхое месца тут назвалі чамусьці вёскаю Рудзенск.

Гэтак на пачатку стагодзьдзя пра Рудзенск пісаў ураджэнец гэтага месца Міхась Чарот. Міхася Чарота за антысавеччыну расстралялі яшчэ ў 1937-м. А, здавалася б, перабольшаная змрочнасьць застаецца тут праўдай жыцьця й да сёньня, і гэтага месьцічы даўно ўжо не хаваюць.

(Карэспандэнтка: ) “Дык што такое Рудзенск?”

(Спадарыня: ) “Бандыцкае месца. Тут жа нейкая цьма. Мне ўжо амаль семдзесят гадоў, а гэта я памятаю з дваццаці. І за гэты час нічога не палепшала”.

На пытаньне, ці ведаюць у Рудзенску Міхася Чарота, як ні дзіўна, але станоўчы адказ атрымліваю ад першай сустрэчнай жыхаркі месца. Праўда, як высьветлілася, гэта была настаўніца мясцовай школы.

(Спадарыня: ) “Вёсачка Востраў — там нарадзіўся. Але зараз яе няма, адныя лецішчы засталіся. А сапраўднае ягонае імя Кудзелька”.

(Карэспандэнтка: ) “А суседзі вашыя, сваякі, жыхары Рудзенску ці ведаюць Міхася Чарота?”

(Спадарыня: ) “Старэйшае пакаленьне можа ведае, моладзь школьнага ўзросту таксама. А людзі майго веку ня вельмі. Час такі. Працуючы ў школе, бачу па дзецях — бездухоўнасьць. Бацькам няма калі займацца дзецьмі, бо здабываюць хлеб надзённы і ўсё. Рудзенск, на мой погляд, вымірае: у нашую рудзенскую школу хадзілі паўтары тысячы чалавек, а цяпер толькі пяцьсот. Як я тут нарадзілася, дык вельмі шкада, што гіне месца, бо вельмі знакамітае. З ваколіцаў месца шмат паэтаў паходзіць — літаратурная калыска, можна сказаць”.

Рудзенск — тыповы горад-спадарожнік, за 40 кілямэтраў ад сталіцы. Акурат пасярэдзіне мясцовасьць расьсечаная чыгуначнай каляінай, якая ратуе жыхароў ад беспрацоўя: пераважная бальшыня шукае працу ў Менску. Дома застаюцца тыя, каму пашэнціла ўладкавацца на акцыянэрнае таварыства — Рудзенскі завод плястмасавых вырабаў.

Гэта адзінае буйное прадпрыемства ў пасёлку, дзе рабочыя атрымліваюць амаль па сотні даляраў, што па мясцовых мерках лічыцца вельмі добрым заробкам. Завод выпускае тэхаснастку для трактарнага, аўтамабільнага заводаў і велазаводу, і лічыцца недзяржаўным прадпрыемствам. Аднак кантрольны пакет акцыяў канцэрн “Белместпрам” усё ж пакінуў сабе, што пазбавіла сэнсу сутнасьць акцыянаваньня, — кажа юрыст заводу Валеры Таболін.

(Таболін: ) “Мы ня вольныя. Любое рашэньне прыняць па-за канцэрнам немагчыма. Ён жа адразу падымае адну шыльду, на якой напісаная колькасьць акцыяў, і што б мы сто чалавек ні гаварылі — канцэрн усё роўна пераплюне. Ініцыятыву нельга праявіць. Гэта проста нашая цяперашняя сыстэма, якая не дае разьвіцца недзяржаўнаму прадпрыемству. Прасьвет у адным — мяняць кіраўніка, выбарчыя структуры, мяняць гэтую сыстэму”.

З вопыту леташніх прэзыдэнцкіх выбараў апазыцыянэры робяць выснову, што доступ у выбарчыя органы палітычна-актыўных месьцічаў улады пастараюцца заблякаваць. Тым больш, што пры адсутнасьці ў Рудзенску незалежных выданьняў і партыяў, не абыякавых да грамадзкага жыцьця людзей тут вельмі мала, — кажа сябра руху БНФ Міхаіл Калінкевіч.

(Калінкевіч: ) “Мясцовая ўлада клапоціцца пра выбары ў тым сэнсе, каб правесьці сваіх людзей. І так наладзілі сваю машыну, што ў Рудзенску — сто адсоткаў — пройдуць тыя людзі, якія прызначыць улада, якія былі й дагэтуль. Але яны нічога не вырашаюць. Спытайцеся ў Рудзенску, хто тут дэпутаты, дык іх ніхто ня ведае, бо гэтыя людзі ні на што не ўплываюць Усё палітычнае жыцьцё ідзе ў Менску. А такія пасёлкі як Рудзенск — яны забытыя Богам і людзьмі. Людзі ня ведаюць ніякіх лідэраў, іх палітычных праграмаў. Вось ёсьць толькі адна дзяржаўная праграма, і ўсё”.

У Рудзенску яшчэ ад савецкага часу захаваліся ўсе прыкметы пасёлку гарадзкога тыпу: лазьня, дом побыту, сельсавет. Састарэлы помнік правадыру ўлады зьбіраліся памяняць тут яшчэ ў першыя гады перабудовы. Тады перашкодзілі мясцовыя актывісты, а цяпер няма грошай. Аблуплены Ільліч так і застаўся стаяць пасярод напаўзьдзічэлага гарадзкога парку, з працягнутай невядома да каго рукой.

Новым у Рудзенску ёсьць тое, што за традыцыйныя паслугі лякарні ды Палацу культуры месьцічам цяпер даводзіцца плаціць. З-за эканоміі энэрганосьбітаў сёлета ў адміністрацыйных памяшканьнях досыць халодна.

У гарадзкой бібліятэцы, да прыкладу, каб ня зьмерзьлі хатнія кветкі, іх зносяць у адзін больш цёплы пакой. Бібліятэкары мараць набыць хоць бы адзін кампутар, але заробленыя на чытачах грошы мяркуюць аддаць на пэрыёдыку, бо нават газэтаў апошнія гады тут бракуе. Не хапае бюджэтных грошай таксама й на рамонт будынку, — кажа загадчыца бібліятэкі Людміла Лухверчык.

(Лухверчык: ) “Будынак стары — яшчэ з 1960 году. Вось можа які рамонт капітальны зробім — хоць крыху падтрымаем наш раён і сыстэму бібліятэчную”.

Прастор палёў, лясы — усё ваша,
Чым меней межаў — болей збожжа,
Ня чутна слоў “ягомасьць”, “вашасьць”,
Жыве інакш калгас-бязбожнік.

Міхась Чарот у сваім вершы ўзгадаў першы рудзенскі калгас, які бальшавікі назвалі бязбожнікам. Месьцічы кажуць, што бязбожнік ніколі добра й не працаваў, у заняпадзе таксама й цяперашні саўгас. Аднак жа й фэрмэрству мясцовыя чыноўнікі разьвіцца не далі. Статак гусей з курамі — усё, што засталося ад былой фэрмы ў пачынальніка прыватнага гаспадараньня на зямлі Міхаіла Парфіненкі.

(Міхаіл: ) “Я меў дзевяць дойных кароваў, пятнаццаць быкоў, пятнаццаць гектараў зямлі й увесь набор тэхнікі. Галоўнае што? Каб уласнасьць была недатыкальная і абароненая. А сёньня ў нас дзяржава — рэкет. Выклікаюць мяне ў райвыканкам і кажуць: во, кіпа лістоў на цябе. Ты там разьвёў фэрму — нас мухі заядаюць. Атруцілі мне тры найлепшыя каровы, а праз год зусім зямлю адабралі. Так скончылася маё фэрмэрства. Перашкоду галоўную чыніць дзяржава, бо гэтыя людзі ўжо непадкантрольныя. Сёньня мы б мелі 70 тысяч прыватных гаспадарак, калі б дзяржава ня ўдушвала, а дапамагла. У чым мой пралік? Што я паверыў у гэта й папрацаваў. А зараз дык і выгадна, каб не было ніякіх прадпрымальнікаў”.

У Рудзенску ніколі не было царквы, але за апошнія гады тут узьніклі адразу тры прыходы: праваслаўны і два пратэстанцкія. Праваслаўная царква прытулілася ў Доме быту. Пад малельны дом пратэстанты выкупілі ў дзяржавы напаўразбураную краму. Яны перакананыя, што новы закон аб свабодзе веравызнаньня прыняты менавіта супраць пратэстантаў.

Да прыкладу, рудзенскія чыноўнікі не пускаюць вернікаў праведваць цяжка-хворых у мясцовай лякарні. Аднак менавіта пратэстанты першымі прыйшлі на дапамогу, калі былы галоўны інжынэр рудзенскага заводу Міхаіл Калінкевіч патрапіў у аўтааварыю і пазбавіўся абедзьвюх ног. Дзякуючы духоўнай падтрымцы вернікаў ён знайшоў сілы стаць на пратэзы й цяпер працуе на гэтым жа прадпрыемстве галоўным канструктарам, мае добрую сям’ю, сталы сябар пратэстанцкай царквы. Кажа, што галоўныя тры кнігі, якія кожны чалавек мусіць прачытаць за сваё жыцьцё, гэта Біблія, Усеагульная дэклярацыя правоў чалавека і канстытуцыя краіны. І ў гэтым зьвязку да айчынных уладаў мае асабістыя прэтэнзіі.

(Калінкевіч: ) “Паводле заканадаўства, інваліды ў Беларусі маюць права карыстацца некаторымі льготамі. Таму ў мяне пытаньне: чаму ў дзяржавы няма грошай на набыцьцё спэцыяльных сродкаў для інвалідаў. І ў той жа час зь бюджэту выдаткоўваюцца астранамічныя сумы на набыцьцё “Мэрсэдэсаў” для чыноўнікаў.

Колькі разоў я зьвяртаўся й да нашага дэпутата Катлярова, і да Канаплёва, і да прэзыдэнта двойчы пісаў — дапамажыце інваліду, і ня толькі мне, але ўсім — і ніякага адказу не атрымаў. І яшчэ адна справа мяне цікавіць: я вось не разумею дзяржаву — што яны хочуць, каб я піў, паліў? Чым дрэнны дзяржаве нармалёвы чалавек? А вось яны хочуць, каб мы ізноў хадзілі ў праваслаўную царкву. Дык вось: дзяржава яшчэ пашкадуе, што прыняла гэты закон, бо ніякай карысьці ён не прынясе, а толькі адзін разлад”.

У цэнтры Рудзенску — цагляны будынак гарадзкой дзіцячай спартовай школы. Падобны ён на доўгі калгасны хлеў, без сучасных трэнажораў і нават душавых. З абодвух бакоў школа, заціснутая двума двухпавярховымі катэджамі — дамамі былога старшыні сельсавету і нейкага менскага чыноўніка.

Абласны інтэрнат для дзяцей з хібамі псыхафізычнага разьвіцьця й сацыяльных сіротаў вынесены на ўскраек Рудзенску. Затое, дзякуючы замежнай дабрачыннасьці, ягоныя выхаванцы жывуць і вучацца ў значна лепшых умовах, чым дзеці мясцовых жыхароў. Але дырэктар Валеры Гілеўскі, які працуе ў інтэрнаце ад пачатку, скрушна заўважае, што сіротаў пры жывых бацьках штогод становіцца ўсё больш. А калі дзяцей й забіраюць, дык толькі замежныя сем’і.

(Гілеўскі: ) “За 15 гадоў з нашага інтэрнату нікога не ўсынавілі. Праўда, адну дзяўчынку зьбіраецца забраць італьянская сям’я. Хацелася б, каб дзеці знаходзілі сем’і. Бо як бы добра тут ні было, 200 дзяцей — гэта вялікая сям’я, і ў дырэктара як апекуна столькі ласкі ня знойдзецца, колькі знойдзецца на роднае дзіця дома. Будзем казаць праўду, што за 15 гадоў у нас ужо й на другое кола пайшлі: ужо дзеці нашых дзяцей тут выхоўваюцца. Ну што ж? Такая нашая рэчаіснасьць”.

На дзяржаву рудзенскія сіроты не разьлічваюць і, каб не галадаваць, гародніну вырошчваюць на арандаваных у саўгасу гектарах уласнаручна. Цяпер мараць дабудаваць зімовую цяпліцу, каб мець зеляніну й зімой. Але на завяршэньне пабудовы ў дзяржавы не хапае 50 мільёнаў беларускіх рублёў. Таму дырэктар прасіў паведаміць пра гэты клопат праз нашае радыё. Гэтую просьбу мы й выконваем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG