Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТЫ НА “СВАБОДЗЕ”


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Высокую ацэнку працы Радыё Свабода выказаў прэзыдэнт ЗША Джордж Буш: “Я хачу падзякаваць прэзыдэнту Радыё Свабода/Свабодная Эўропа Томасу Дайну, які далучыўся да нас. Я хачу падзякаваць годным людзям, якія працуюць там. Я высока цаню вашую працу. У свой час прэзыдэнт Дуайт Эйзэнгауэр казаў: “Радыё Свабода/Свабодная Эўропа мае самы просты і зразумелы статут у сьвеце – гаварыць праўду. На працягу больш чым 50 гадоў гэты статут старанна выконваўся, і гэтая праўда прывяла да вызваленьня кантынэнту”.

У чацьвер штаб-кватэру Радыё Свабода наведалі прэзыдэнты Латвіі, Літвы, Македоніі, Альбаніі і Грузіі.

Прэзыдэнт Латвіі Вайра Віке-Фрайбэрга, якая наведала Радыё Свабода адразу пасьля афіцыйнага запрашэньня ейнай краіны ў альянс, сказала: “Усё гэта ўжо гісторыя. Але мы хацелі б зрабіць зьмены незваротнымі. Гэта здарылася сёньня, калі нас запрасілі ў НАТО. Некалькі хвілінаў таму я дзякавала кіраўнікам і сябрам урадаў НАТОўскіх краінаў. Я дзяквала ім за выпраўленьне гістарычнай несправядлівасьці мінулага і за расчыстку шляхоў у лепшую будучыню. Я віншавала іх з мудрай пастановай, таму што, на маю думку, яны зрабілі мудры выбар”.

Пра месца Латвіі на мапе Эўропы Вайра Віке-Фрэйбэрга сказала: “Мы былі ў Эўропе геаграфічна і ніколі яе не пакідалі. Але мы цэлыя паўстагодзьдзя былі адрэзаныя ад яе жалезнай заслонай”.

Але гістарычны шлях Латвіі ня быў змарнаваным: “Гэтыя ахвяры былі недарэмнымі, таму што мы пайшлі наперад і зноў інтэгруемся ў эўрапейскую прастору, да якой мы належым і культурна, і гістарычна. Эўропа ёсьць нашым духовым домам”.

Пра значэньне НАТОўскага сяброўства для Латвіі прэзыдэнт сказала:

“Сёньня тут, у Празе, былі нарэшце сьцёртыя апошнія рэшткі працягу другой усясьветнай вайны. Я маю на ўвазе падзел Эўропы на сфэры ўплываў, падзел Эўропы, у якім краіны з прычыны таго, што яны большыя альбо мацнейшыя, лічаць, што маюць права ад Бога накідаць сваю волю іншым”.

Прэзыдэнт афіцыйна запрошанай у НАТО Літвы Валдас Адамкус у часе выступу на Радыё Свабода гаварыў пра жаданьні літоўцаў у сувязі з новай роляй краіны: “Літва хоча быць сябрам моцнага і эфэктыўнага зьвязу. Будзьце пэўнымі, што нашае сяброўства ў НАТО павялічыць здольнасьць альянсу выконваць наяўныя і браць на сябе новыя задачы”.

Прэзыдэнты Альбаніі, Македоніі і Харватыі, якія чакаюць запросінаў у НАТО праз два гады, у часе наведаньня нашага радыё найбольш казалі пра ўзаемнае супрацоўніцтва, неабходнасьць міру на Балканах і ролю НАТО ва ўсталяваньні гэтага міру: “НАТО і Эўрапейскі Зьвяз – гэта два бакі той самай манэты. Нашая мэта ў тым, каб стацца сябрамі абедзьвюх супольнасьцяў, таму што інтэграваная Эўропа – гэта ня толькі нашая мэта, але і наш лёс”, – сказаў прэзыдэнт Харватыі Сціпэ Мэсіч.

Ягоны македонскі калега Барыс Трайкоўскі сказаў пра патрэбу супольнай працы Альбаніі, Харватыі і Македоніі ў кірунку сяброўства ў НАТО ды закрануў праблемы ўсяго балканскага рэгіёну: “Сёньня Балканскі рэгіён яшчэ ня месца бясьпекі, ня месца прыстойнага жыцьця. Вакол нас ёсьць вялікія арсэналы зброі і вялікая колькасьць людзей, якія нажываюцца шляхам кантрабанды, хабарніцтваў і забойстваў”.

Прэзыдэнта Македоніі Барыса Трайкоўскага падтрымаў ягоны калега з Альбаніі Альфрэд Мэйсіў: “Як шлях дасягненьня мэты (сяброўства ў НАТО) сёньня мы пагадзіліся з прэзыдэнтамі Харватыі і Македоніі ў тым, што нашыя агульныя праблемы – гэта рэгіянальная абарона, эканамічныя рынкавыя рэформы, ваенная рэформа, а таксама змаганьне супраць тэрарызму. Усе яны могуць быць лепш разьвязаныя празь цясьнейшае супрацоўніцтва паміж намі”.

Наведаў Радыё Свабода і Эдуард Шэварднадзэ – прэзыдэнт Грузіі, які падзяліўся з нашымі супрацоўнікамі, як ён сказаў, “маленькім сакрэтам”:

(Шэварднадзэ: ) “Я паведамлю вам маленькі сакрэт. Заўтра ў сваёй прамове я зраблю афіцыйную заяву пра жаданьне Грузіі стаць сябрам НАТО. Мы разумеем, і я буду казаць пра гэта, што гэта ня можа адбыцца на працягу году ці двух. Гэта патрабуе больш працяглага часу. Мы заяўляем нашае жаданьне ўступіць у альянс і разам з тым дэманструем разуменьне, што Грузія войдзе ў НАТО толькі тады, калі будзе цалкам падрыхтаваная. Сяброўства ў НАТО азначае для Грузіі бясьпеку, гарантыі бясьпекі. У нашай гісторыі мы мелі шмат праблемаў, і я мяркую, што ўступленьне ў НАТО будзе для нас адзіным правільным рашэньнем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG