Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАРАЖЭЮЦЬ РАСЕЙСКІЯ ТАВАРЫ


Казімер Яноўскі, Гомель

На рынках Гомелю дзясяткі гандляроў прадаюць цяпер расейскі рыс, манку, грэчку, гарох, ячневыя крупы, проса, макарону. Людзі іх ахвотна купляюць, бо ў крамах кіляграм згаданых вырабаў даражэйшы ў сярэднім на 10–15%.

Аднак і гамельчукам, і ўсім іншым жыхарам Беларусі хутчэй за ўсё прыйдзецца адмовіцца ад расейскага харчаваньня. Паводле ўрадавай пастановы, абмежаваньні закрануць усе згаданыя вырабы з крупаў, за выключэньнем рысу і гароху. Пралянгаваныя будуць і абмежаваньні на расейскую муку, якую зараз ужо цяжка сустрэць на рынках.

Вось што мяркуе наконт чарговых санкцыяў супраць прадукцыі саюзнай Расеі гандлярка Алена:

(Алена: ) “Стане нявыгадна ўвозіць. Усё робіцца для таго, каб людзі ішлі ў крамы, а не на рынак”.

Шараговыя гамельчукі, пэнсіянэры, якіх сустрэў сёньня на рынку, ставяцца нэгатыўна да ўрадавай навіны. За гэтым яны адчуваюць непазьбежнае падвышэньне коштаў:

“Яшчэ б былі радыя, што хтосьці прывозіць і таньней можна купіць. Здохнем з голаду!” — заяўляе пэнсіянэрка, што назвалася Зінаідай Гаўрылаўнай.

“Нічога ня зробім, раз падымецца кошт, будзем купляць і па такой цане”, — мяркуе другая пэнсіянэрка больш сталага ўзросту.

Ужо зараз на рынках узьняліся кошты на расейскую грэчку — з 700 рублёў за кіляграм да 930. Даведаўшыся пра новыя абмежаваньні, расейскія пастаўцы адразу падвысілі кошты.

Многія наагул лічаць, што крупы з Расеі ня згінуць зь беларускіх рынкаў — але гэта будуць збольшага кантрабандныя харчы.
XS
SM
MD
LG